viasna on patreon

Міхаіл Жамчужны накіраваў наглядную скаргу ў Вярхоўны суд

2016 2016-08-16T16:20:02+0300 2016-08-17T11:11:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zamchuzny.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны 1 жніўня накіраваў на імя намесніка старшыні Вярхоўнага суда наглядную скаргу на прысуд. Пра гэта праваабаронцы "Вясны" даведаліся з ліста ад палітычнага вязня. 

У скарзе адзначана, што “матывуючы ў прысудзе высновы пра маю вінаватасць, суд як на адзін з доказаў спаслаўся на маючыеся ў матэрыялах справы вынікі правядзення ў адносінах да мяне АВМ (аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў – рэд.), якія праводзіліся ў межах “працягваемага аператыўнага эксперымента”. Разам з тым, у арт. 2, 11 Закона “Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці” ад 09.07.1999 (які дзейнічаў у перыяд правядзення ў адносінах да мяне АВМ) паняцце “працягваемага аператыўнага эксперымента” не прадугледжана”.

Міхаіл Жамчужны ўказвае, што ў адносінах да яго меў месца не “працягваемы” аператыўны эксперымент, а паўторны, а крымінальная справа супраць яго была ўзбуджана больш чым праз год пасля здзяйснення дзеянняў, які леглі ў аснову абвінаваўчага прысуду. “Такім чынам, праваахоўнымі органамі былі штучна створаны ўмовы, якія правакавалі мяне на здзяйсненне аналагічных дзеянняў з мэтай далейшага стварэння доказаў здзяйснення больш цяжкіх злачынстваў”.

Нагадаем, што ў ліпені 2015 года Міхаіл Жамчужны  быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным выдаванні звестак, што складаюць службовую таямніцу і ў  незаконным набыцці сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую таямніцу. У аснову абвінавачання леглі наступныя дзеянні Міхаіла Жамчужнага: на працягу 2013 -2014 гг., атрымаўшы згоду супрацоўніка органаў унутраных спраў (старэйшага інспектара - дзяжурнага медыцынскага выцвярэзніка УУС Віцебскага аблвыканкама), Жамчужны М.І. атрымліваў службовыя дакументы з інфармацыяй, якая, на думку Жамчужнага М.І., уяўляла грамадскі інтарэс: звесткі аб узбуджаных крымінальных справах у дачыненні да службовых асоб, зводка за 2012 і 2013 аб здарэннях з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спецданясенне па факце раптоўнай смерці грамадзяніна Кудзелкі ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкама, Загад МУС «Аб асобных аспектах працы з кадрамі ў МУС». Дадзеныя дакументы перадаваліся Жамчужным у праваабарончую ўстанову «Платформа».

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным

Варта адзначыць, што Міхаіл Жамчужны падрыхтаваў наглядную скаргу ўжо болей чым паўгады таму, але ягоныя тры заявы на аплату судовай пошліны не задавальняліся супрацоўнікам спецаддзелу калоніі ў Навасадах, дзе зараз адбывае пакаранне палітвязень. Адмовы матываваліся тым, што ў дадзенай папраўчай установе падача скаргі прадугледжана толькі праз год пасля вынясення прысуду. Пасля апублікавання гэтай інфармацыі праводзілася праверка адносна супрацоўніка, які адмаўляў зняволенаму ў магчымасці аплаціць судовую пошліну і адправіць наглядную скаргу ў суд. Вынікі праверкі прадказальна не выявілі парушэнняў у дзеяннях супрацоўніка калоніі, а тры заявы Жамчужнага зніклі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства