viasna on patreon

Human Rights Watch патрабуе ад Беларусі вызвалення туркменскага дысідэнта Чары Анамурадава

2016 2016-08-22T13:27:58+0300 2016-08-22T14:37:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/annamuradov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Чары Анамурадаў. Фота: infoabad.com

Чары Анамурадаў. Фота: infoabad.com

Human Rights Watch патрабуе ад уладаў Беларусі вызвалення туркменскага дысідэнта Чары Анамурадава, месяц таму затрыманага ў аэрапорце Мінска. Ён утрымліваецца ў СІЗА-1 на Валадарскага пад пагрозай экстрадыцыі ў Туркменістан, дзе стане ахвярай катаванняў у зняволенні.

Адпаведную заяву міжнародная праваабарончая арганізацыя распаўсюдзіла 20 жніўня.

Берлін, 20 жніўня 2016 г.

Беларускія ўлады затрымалі былога журналіста з Туркменістана па просьбе аб экстрадыцыі з боку туркменскага ўрада. Яны павінны неадкладна вызваліць былога журналіста Чары Анамурадава і ні пры якіх абставінах не выдаваць або іншым чынам вяртаць яго ў Туркменістан, дзе ён стане ахвярай катаванняў і жорсткага абыходжання ў зняволенні.

58-гадовы Чары Анамурадаў — незалежны журналіст, які працаваў у Туркменістане ў 1990-х гадах, але ў выніку пераследу быў вымушаныя пакінуць краіну ў 1999 годзе і ў 2003 годзе атрымаў прытулак у Швецыі. У яго ёсць шведскае і расійскае грамадзянства. Анамурадаў працягваў працаваць журналістам да 2008 года.

“Туркменскія ўлады маюць доўгую гісторыю бязлітаснага пераследу крытыкаў рэжыму, у тым ліку журналістаў”, — кажа намесніца дырэктара Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Рэйчэл Дэнбер. “Калі Анамурадаў вернецца ў Туркменістан, няма сумненняў у тым, што ён стане ахвярай несправядлівага зняволення і парушэнняў з боку ўладаў”.

Туркменістан — гэта закрытая краіна на чале з наздвычай рэпрэсіўным урадам. Улады Туркменістана наогул не прызнаюць свабоду сродкаў масавай інфармацыі і часта выкарыстоўваюць крымінальныя абвінавачванні ў якасці пакарання для сваіх крытыкаў.

Беларускія памежнікі арыштавалі Анамурадава 19 ліпеня 2016 года, калі ён праходзіў пашпартны кантроль ў аэрапорце Мінска. Ён ляцеў з Швецыі ў Мінск у адпачынак са сваёй 16-гадовай дачкой. Сям'я Анамурадава паведаміла Human Rights Watch, што яны былі затрыманыя на працягу чатырох гадзінаў, пасля чаго дачка была вызваленая, а Анамурадаву паведамілі, што ён знаходзіцца пад арыштам. Яго дачка пасля вярнулася ў Швецыю.

Як стала вядома сям'і Анамурадава, беларускія ўлады арыштавалі яго, паколькі ён знаходзіцца ў вышуку ў Туркменістане ў сувязі з крымінальнымі абвінавачваннямі ў махлярстве, высунутымі ў 2006 годзе.

“Беларускія ўлады не маюць законных падставаў надалей трымаць Анамурадава пад вартай”, — сказала Дэнбер. “Ён атрымаў прытулак у Швецыі, каб абараніцца ад урада, ад імя якога, як яны самі сцвярджаюць, улады Беларусі і дзейнічаюць. Яны павінны неадкладна вызваліць яго і дазволіць яму вярнуцца ў Швецыю”.

Анамурадаў падарожнічаў з расійскім пашпартам, каб пазбегнуць неабходнасці атрымання беларускай візы, паколькі грамадзянам Расіі не патрэбная віза для ўезду ў Беларусь. Яго сям'я кажа, што Анамурадаў упершыню выехаў у постсавецкую краіну пасля таго, як атрымаў прытулак у Швецыі больш, чым дзесяць гадоў таму.

У 1993 годзе Анамурадаў стаў карэспандэнтам расійскай “Независимой газеты” у Туркменістане. Ён асвятляў такія пытанні, як палітычныя зняволеныя Туркменістана, прадстаўнікі этнічных меншасцяў і іншыя сацыяльныя праблемы. Ён і яго сям'я падвяргаліся пераследу ў адплату за яго працу, і ў 1996 годзе туркменская паліцыя арыштавала яго па сфальсіфікаваных абвінавачваннях у кантрабандзе і іншых шматлікіх крымінальных артыкулах. У 1997 годзе ён быў прысуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі, але быў вызвалены па амністыі ў 1999 годзе пасля адбыцця двух гадоў зняволення.

Сям'я Анамурадава паведаміла Human Rights Watch, што ў 1999 годзе паліцыя зноў затрымала Аннамурадава і жорстка збіла яго, але яго адпусцілі ў той жа дзень. Ён пакінуў Туркменістан неўзабаве пасля гэтага і выехаў спачатку ў Расію, дзе яго працягвалі пераследваць туркменскія спецслужбы, а потым у Беларусь. Увесь гэты час службы бяспекі Туркменістана неаднаразова затрымлівалі і пагражалі яго жонцы, якая па-ранейшаму заставалася ў Туркменістане, а таксама яго брату, каб прымусіць іх раскрыць месцазнаходжанне Анамурадава.

Анамурадаў працягваў пісаць, выкарыстоўваючы псеўданімы, аб палітычных зняволеных Туркменістана, прадстаўніках этнічных меншасцяў і іншых сацыяльных праблемах. Ён супрацоўнічаў з туркменскай службай Радыё Свабода, Deutsche Welle і апазіцыйным сайтам gundogar.org. У 2008 годзе Анамурадаў спыніў журналісцкую працу.

Туркменскія ўлады кантралююць ўсе друкаваныя і электронныя сродкі масавай інфармацыі ў краіне, а журналісты замежных СМІ часта не могуць атрымаць візу для ўезду ў Туркменістан. Улады неаднаразова пераследвалі Радыё Азатлык, туркменскую службу Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL), адзіную крыніцу альтэрнатыўных навінаў аб падзеях у краіне на туркменскай мове.

У 2015 годзе пазаштатны карэспандэнт RFE/RL Сапармамед Непескуліеў быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваным абвінавачванні ў гандлі наркотыкамі. У тым жа годзе яшчэ тры карэспандэнты былі вымушаныя спыніць супрацу з Радыё Свабода.

“Анамурадаў знаходзіцца пад вартай на працягу месяца. Затрыманне з боку беларускіх уладаў заснаванае на састарэлым спісе вышуку, атрыманым ад урада, які пераследуе журналістаў, і, у прыватнасці, раней пераследваў самога Анамурадава”, — сказала Дэнбер. “Беларусь павінна скончыць гэты фарс і вызваліць Анамурадава”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства