viasna on patreon

Прадстаўнікі "Вясны" возьмуць удзел у 39-м Кангрэсе FIDH ў Ёханэсбургу

2016 2016-08-22T15:53:22+0300 2016-08-23T07:26:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/39th_fidh_congress.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 23 па 27 жніўня FIDH правядзе свой 39-ы кангрэс у Ёханэсбургу (ПАР), які арганізуецца пад высокім патранажам Дэсманда Туту, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру. Удзел у гэтым выключным мерапрыемстве прымуць 178 сяброўскіх арганізацый FIDH і больш за 400 праваабаронцаў з усяго свету.

Кангрэс будзе прысвечаны пазбаўленым свабоды праваабаронцам. Сярод іх - намеснік генеральнага сакратара FIDH Набіл Раджаб (Бахрэйн), Абдолфата Салтані (Іран) і Разан Зейтунэ (Сірыя), і гэта толькі некаторыя з праваабаронцаў, пазбаўленых волі праз сваю праваабарончую дзейнасць.

Са-арганізатарамі Кангрэса з'яўляюцца сяброўскія арганізацыі FIDH у Паўднёвай Афрыцы - "Lawyers for Human Rights"; Батсване - "DITSHWANELO - The Botswana Centre for Human Rights" - і Зімбабвэ - "ZimRights".

"Пасля Дакара ў 1997 годзе і Касабланкі ў 2001 годзе, FIDH ў трэці раз арганізуе свой Кангрэс у Афрыцы. Выбар Паўднёвай Афрыкі невыпадковы. Гэтая краіна адыгрывае ключавую і ўсё больш важную ролю на кантыненце, сутыкаючыся ў той жа час з сур'ёзнымі ўнутранымі выклікамі", - заявіў прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы. "Арганізуючы наш Кангрэс у Ёханэсбургу, мы імкнемся, сярод іншага, аддаць належнае грамадзянскай супольнасці ПАР - краіны, адзначанай дзесяцігоддзямі апартэіду. Аднавіць прынцыпы прававой дзяржавы і захаваць свет атрымалася дзякуючы мужнасці і ўпартасці яе грамадзянскай супольнасці, якая дагэтуль вядзе барацьбу, каб увекавечыць гэтыя дасягненні".

Для Паўднёвай Афрыкі 2016 год таксама з'яўляецца годам важных юбілеяў: 20-годдзе яе першай дэмакратычнай канстытуцыі, 40-годдзе паўстанняў у Саўэта і 60-годдзе Марша жанчын супраць апартэіду. FIDH мае намер ушанаваць ўсе гэтыя важныя эпізоды барацьбы за правы чалавека і перамогі ў іх.

З'езд адкрыецца 23 жніўня двухдзённым форумам, адкрытым для прэсы і грамадзянскай супольнасці, пад назвай: "У барацьбу за правы чалавека! Ажыццявіць бачанне, распрацаваць стратэгію і забяспечыць грамадзянскай супольнасці вядучую ролю ў развіцці грамадства".

Тэма форума была абраная на падставе наступных назіранняў: сваёй працай і сваімі намаганнямі грамадзянская супольнасць у розных краінах свету садзейнічала паляпшэнню захавання правоў чалавека, але ў апошнія гады яе прадстаўнікі падвяргаюцца розным пераследам: стыгматызацыі, судовым пераследам, пагрозам, актам агрэсіі, забойствам. Гэтыя атакі скіраваны не толькі на канкрэтных жанчын і мужчын з мэтай пакараць іх за праваабарончую дзейнасць, але і супраць універсальнасці правоў чалавека ў цэлым. Універсальны характар правоў чалавека аспрэчваецца дзяржавамі ў імя культурнай спецыфікі, барацьбы з тэрарызмам ці эканамічных інтарэсаў. Мэта форуму - аб'яднаць грамадзянскую супольнасць усяго свету і абмяняцца думкамі наконт эфектыўных метадаў барацьбы за правы чалавека, улічваючы дадзеныя неспрыяльныя і часта небяспечныя ўмовы працы. Форум прадэманструе велізарны патэнцыял сусветнага праваабарончага руху справіцца з выклікамі і яго здольнасць працягнуць бараніць правы чалавека.

Запрашэнне ўдзельнічаць у форуме атрымалі больш за 100 прадстаўнікоў НДА краін паўднёваафрыканскага кантынента. Гэты рэгіён лічыцца адным з самых стабільных у Афрыцы. Тым не менш, ён па-ранейшаму сутыкаецца з сур'ёзнымі праблемамі бяспекі, роўнасці і абароны правоў чалавека. У многіх краінах дзейнасць грамадзянскай супольнасці душыцца; карупцыя і аферызм прыводзяць да значнага сацыяльна-эканамічнаму расслаення; жанчыны, мігранты і прадстаўнікі ЛГБТІ часта падвяргаюцца гвалту і дыскрымінацыі. Падчас форуму, НДА поўдня Афрыкі прадставяць розныя стратэгіі і інструменты, распрацаваныя з мэтай не дазволіць самавольству і беспакаранасці ўзяць верх.

Пасля Форуму, з 25 па 27 жніўня, пройдзе ўнутраны Кангрэс FIDH, падчас якога абмяркоўваюцца аператыўныя стратэгіі і абіраецца Міжнародны савет FIDH - прэзідэнт, 15 віцэ-прэзідэнтаў і 5 генеральных сакратароў.

У працы 39-га Кангрэсу FIDH прымуць удзел Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч - прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру "Вясна", які з 2004 года з'яўляецца адзінай сяброўскай арганізацыі FIDH з Беларусі. Кіраўнік "Вясны" Алесь Бяляцкі, у 2007 годзе стаўшы першым віцэ-прэзідэнтам FIDH з Усходняй Еўропы, у далейшым двойчы (2010 і 2013 гг.) пераабіраўся на гэтай пасадзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства