Праваабарончая праграма “Вясна” на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 22:00 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Анонс выпуска:
“Хроніка”: Абласны суд Магілёва адмовіў у рэгістрацыі гендэрнаму цэнтру “Ружа”; Крымінальная справа ў дачыненні да блогера Эдуарда Пальчыса перададзена ў Мінскі гарадскі суд; Лідэр грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар сцвярджае, што ўмовы ўтрымання яе сына ў калоніі “Воўчыя норы” пагоршыліся; Каб апраўдаць грубае затрыманне ў метро ўдзельніка клуба “Ваяр” Валерыя Бычкоўскага, міліцыя перапісала пратакол затрымання.
“Каментар”: Былы асуджаны Андрэй Князькоў, які атрымаў вытворчую траўму ў папраўчай калоніі Бабруйска, атрымаў кампенсацыю ў памеры 40 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Аднак, гэта толькі пятая частка ад сумы, якую запытваў Князькоў.
“Чай выбараў”: На мінулым тыдні распачалася агітацыйная частка выбарчай кампаніі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Як адзначаюць эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, гэты працэс пакуль мала заўважны ў грамадстве. Але апазіцыйныя кандыдаты, як і раней, сутыкаюцца з перашкодамі.
“Па-за межамі”: Сябра знешнепалітычнай камісіі Бундэстага ад партыі "Зялёных" і эксперт па Усходняй Еўропе Марылуізэ Бэк вырашыла не абірацца ў наступнае скліканне нямецкага парламента. Выказваючы да спадарыні Бэк глыбокую павагу, старшыня Праваабарончага центру “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначае, што Марылуізэ Бэк заўсёды адкрыта заяўляла пра сваю пазіцыю па Беларусі ўладам краіны і была голасам беларускай грамадзянскай супольнасці на міжнароднай арэне.
“Асоба”: Кіраўнік Каардынацыйнай групы па Еўразіі ў Amnesty International ЗША Вячаслаў Бортнік. Вячаслаў распавядае аб тым, як бачыцца сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за акіянам, а таксама пра пытанні адносна Беларусі, якімі займаецца Amnesty International ЗША.
У музычных паўзах – кампазіцыі з апошняга альбому гурта Stary Olsa.