viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Расія імкліва вяртаецца ў СССР, што непазбежна адбіваецца на суседзях

2016 2016-08-24T08:27:14+0300 2016-08-24T12:33:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki_fidh2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі з калегамі на 39-м Кангрэсе FIDH у Ёханэсбургу (ПАР) 23.08.2015

Алесь Бяляцкі з калегамі на 39-м Кангрэсе FIDH у Ёханэсбургу (ПАР) 23.08.2015

23 жніўня ў межах 39-м Кангрэса FIDH адбыліся дэбаты па актуальнай для нашага ўсходнееўрапейскага рэгіёна праблеме – “Звяртанне да маралі, рэлігійных або традыцыйных каштоўнасцяў у пабудове новага сусветнага парадку: дзяржавы супраць прынцыпаў у галіне правоў чалавека”. Сярод выступоўцаў на гэтай сесіі быў кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDH па Усходняй Еўропе Алесь Бяляцкі.

Выступ праваабаронцы быў прысвечаны стратэгічным крокам, якія робіць Расія ва ўсім свеце, кідаючы выклік універсальнасці правоў чалавека. Акрэсліўшы сітуацыю ў нашым рэгіёне, Алесь Бяляцкі акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў дэбатаў на канцэпцыі “рускага міру” як ідэалагічным грунце сучаснай Расіі, што адбіваецца на яе прынцыпах зносінаў з суседзямі на постсавецкай прасторы ды іншымі еўрапейскімі краінамі.

Прывядзем вытрымкі з гэтага выступу:

“У 1989 годзе Фрэнсіс Фукуяма напісаў свой знакаміты артыкул, дзе прадрок “канец гісторыі”. Насамрэч ва Усходняй Еўропе гісторыя не скончылася. Ранейшыя трагічныя старонкі нашай гісторыі пацягнулі новыя. Найбольшая краіна ў рэгіёне, Расія, імкліва вяртаецца ў СССР. Рэвізіянізм і нават сталінізм становяцца ўсё больш папулярнымі ў Расіі. Палітычныя зняволеныя, знішчэнне пратэстнага руху, мацнейшы ціск на грамадзянскую супольнасць, больш жорсткае ў дачыненні да няўрадавых арганізацыяў заканадаўства, ліквідацыя няўрадавых арганізацыяў ды незалежнай прэсы, кантроль над інтэрнэтам пераўтвараюць Расію у несвабодную краіну.

Змяншэнне вольнай прасторы моцна ўплывае на краіны-суседкі. Беларусь, Кыргызстан ды Казахстан проста перапісваюць расійскія рэпрэсіўныя законы, датычныя мас-медыя ды няўрадавых арганізацыяў. Ігнараванне міжнародных пагадненняў ды механізмаў абароны правоў чалавека ўваходзіць у норму ў Расіі ды іншых постсавецкіх краінах з аўтарытарнымі рэжымамі.

Інспірацыя вайсковых канфліктаў з суседнімі краінамі стварыла некалькі “шэрых” зонаў на ўсходнееўрапейскай прасторы (Прыднястроўе, Абхазія, Асеція, Крым, Усходняя Украіна), дзе не працуюць міжнародныя ды ўнутраныя механізмы абароны правоў чалавека.

Еўрапейскім ліберальным каштоўнасцям, правам чалавека, мультыкультуралізму супрацьпастаўляецца канцэпцыя “рускага міру”, якая ляжыць у аснове ідэалогіі сучаснай Расіі. “Рускі мір” вызначае сферу ўплыву Расіі на суседнія постсавецкія краіны ды іншыя еўрапейскія краіны, дзе Расія актыўна працуе праз прапагандысцкія тэлеканалы, фінансуе крайне правыя ды крайне левыя палітычныя сілы, падкупае значныя палітычныя фігуры на еўрапейскім палітычным полі. Расія дэстабілізуе еўрапейскую сістэму каштоўнасцяў ды спрытна грае на слабасцях асобных еўрапейскіх краінаў.

Імклівае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Расіі непазбежна адбіваецца на суседзях ды гэтаксама пагаршае праваабарончую сітуацыю у постсавецкіх краінах.

Вядомая расійская пісьменніца Людміла Уліцкая сваё апошняе інтэрв’ю для нямецкага часопіса “Шпігель” назвала “Бывай, Еўропа!”

Ці будзе гэты вырак гэтаксама актуальным для Беларусі ды іншых постсавецкіх краінаў?”

Нагадаем, 39-ы Кангрэс FIDH праходзіць з 23 па 27 жніўня ў Ёханэсбургу (ПАР). Форум сабраў 178 сяброўскіх арганізацый FIDH і больш за 400 праваабаронцаў з усяго свету, каб яны маглі абмяняцца думкамі наконт эфектыўных метадаў барацьбы за правы чалавека, улічваючы неспрыяльныя і часта небяспечныя ўмовы сваёй працы, і зрабіць крокі да распрацоўкі стратэгіі, якая б магла забяспечыць грамадзянскай супольнасці вядучую ролю ў развіцці грамадства. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства