viasna on patreon

ДВП дае дабро Фота

2016 2016-08-26T18:12:24+0300 2016-08-26T18:26:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kpp-katavanni-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адміністрацыі некалькіх папраўчых калоній на розных падставах вярнулі ў ПЦ "Вясна" кнігу пра грамадскае расследаванне катаванняў, у той час як іх вышэйшае кіраўніцтва з ДВП выданне «прыняло да ведама».

З амаль 30 адрасатаў, якім праваабаронцы "Вясны" выслалі поштай кнігу «Грамадскае расследаванне катаванняў і іншых парушэнняў фундаментальных правоў чалавека», цягам месяца выданне вярнулі двое - папраўчая калонія №5 горада Івацэвічы (для асуджаных да строгага рэжыму) і папраўчая калонія №12 горада Оршы (для асуджаных з актыўнай формай туберкулёзу).

ПК-5 і ПК-12 вярнулі
Івацэвіцкая ПК-5 і аршанская ПК-12 вярнулі "Вясне" кнігі пра катаванні

І калі ў першым выпадку прычына для вяртання была абраная зусім ужо безадносна да зместу канверта - «няма прозвішча, імя, імя па бацьку асуджанага» ва ўказанні адрасата, то выконваючы абавязкі начальніка аршанскай калоніі А.К. Палтаўцаў паведаміў, што супрацоўнікі яго папраўчай калоніі «ў сваёй практычнай дзейнасці кіруюцца Крымінальна-выканаўчым кодэксам».

У адказ сп. Палтаўцаву, які падобна што іранізуе, варта адзначыць, што апеляваць да нацыянальнага заканадаўства ў пытаннях катаванняў і жорсткага абыходжання ўвогуле недарэчна. Бо ўнясенне ў крымінальнае заканадаўства Беларусі вызначэння «катаванне» (арт. 128 КК) не змяніла сітуацыю, якую крытыкуюць нацыянальныя праваабаронцы і ААН. А адсутнасць належнай крыміналізацыі катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання як службовага злачынства спараджае ў пенітэнцыярных установах гвалт, які ў большасці выпадкаў носіць схаваны характар. Бо пацярпелыя ад катаванняў у турмах і калоніях проста не звяртаюцца ў пракуратуру, таму што ведаюць: расследаваць прымяненне катаванняў з боку праваахоўных органаў будуць самі праваахоўныя органы. І дадзеная сітуацыя пагаршаецца закрытасцю пенітэнцыярных устаноў Беларусі для грамадскага кантролю.

Таму рассылку шырока прызнанай кнігі «Грамадскае расследаванне катаванняў і іншых парушэнняў фундаментальных правоў чалавека», падрыхтаваную расійскімі калегамі з «Камітэта супраць катаванняў», праваабаронцы "Вясны" разглядаюць як адзін з крокаў па данясенні да адміністрацый турмаў і калоній Беларусі дакладнага ўяўлення пра паняцці «катаванні» і «жорсткае абыходжанне», якія замацаваны ў міжнародным праве і якімі аперуюць праваабаронцы, звяртаючыся ў гэтыя і вышэйстаячыя ўстановы, абараняючы ахвяраў катаванняў. Да ўсяго, выданне дазваляе зразумець адрасатам ролю грамадскага кантролю ў працы з фактамі грубых парушэнняў правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі.

Так і хочацца паўшчуваць начальства ПК-5 і ПК-12: маўляў, паспяшаліся адмахнуцца - бо ДВП дае дабро!«Навукова-практычнае выданне «Грамадскае расследаванне катаванняў і іншых парушэнняў фундаментальных правоў чалавека» прынята да ведама», - адказаў «Вясне» Іван Мысліцкі, першы намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў, таксама ўвайшоўшага ў спіс рассылкі кнігі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства