viasna on patreon

Мікалай Аўтуховіч: “Дайце прадпрымальнікам зялёнае святло, і ў краіне будзе ўсе, што трэба”

2016 2016-09-05T17:51:32+0300 2016-09-05T18:13:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/autuhovich-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Аўтуховіч. Фота Радыё Свабода.

Мікалай Аўтуховіч. Фота Радыё Свабода.

Як паведаміў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” Мікалай Аўтуховіч, 5 верасня былі пададзеныя дакументы ў Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”».

Гэта прамежкавы крок на шляху стварэння прафсаюза прадпрымальнікаў Беларусі, бо на сённяшні дзень шмат людзей яшчэ баіцца быць заснавальнікамі такога прафсаюза.

“Мы крочым паціху, зараз сабралі 50 чалавек, каб зарэгістраваць аб’яднанне, але працуем у накірунку стварэння прафсаюза, бо гэта больш моцная арганізацыя, дзе мы будем мець магчымасць абараняць свае правы і інтарэсы самастойна. Таксама і міжнародная супольнасць, якая вельмі моцна падтрымлівае прафсаюзныя рухі, будзе на нашым баку”, - мяркуе Мікалай Аўтуховіч.

Прадпрымальнік кажа, што сустракаўся з лідарам Еўрапейскай народнай партыі Жозэфам Долем і паведаміў пра намеры рэгістрацыі грамадскага аб’яднання. Цяпер еўрапейскія палітыкі могуць узяць сабе на кантроль працэс рэгістрацыі і паглядзець, зарэгіструюць “Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва” ці не.

Мікалай Аўтуховіч, які быў абраны старшынёй арганізацыі на ўстаноўчым сходзе, ведае шмат прыкладаў, калі партыям і грамадскім аб’яднанням адмаўлялі ў рэгістрацыі па надуманых прычынах, таму кажа, што над падрыхтоўкай дакументаў працавалі лепшыя юрысты, якія вельмі дасканальна ўсё праверылі.

“Прыдрацца проста няма да чаго. І калі будзе адмова – паглядзім, што будзе падставай для яе”, - падкрэслівае прадпрымальнік.

Ён лічыць, што паўплываць на рашэнне Мінюсту можа нелаяльнае стаўленне да яго асобы:  

“Рэгіструючыя органы ведаюць, што ў мяне добра атрымліваецца арганізоўваць людзей. Калі я іду на нейкія акцыі, я сваім прыкладам паказваю, што нельга баяцца. Калі я пачаў галадоўку, шмат людей – амаль уся фірма – падтрымалі мяне, а потым жыхары Ваўкавыска і Беларусі далучыліся.

А любых такіх суполак і людзей, якія могуць за сабой павесці, ўлада баіцца, бо гэта ўсё небяспечна для яе. Любы маленькі ўсплёск у любым месцы Беларусі можа стаць стартам для масавых забастовак і выказвання незадаволенасці”, - лічыць Мікалай Аўтуховіч.

І папярэджвае супрацоўнікаў Мінюста, што не трэба палохаць заснавальнікаў арганізацыі, бо іх падрыхтавалі да таго, што на іх можа аказвацца ціск. Прадпрымальнікі гатовыя даводзіць да агульнага ведама пра такія выпадкі, каб усе, хто сочыць за працэсам рэгістрацыі, былі ў курсе таго, што адбываецца.

“Мы хочам, каб прадпрымальнікі перасталі баяцца, бо ва ўсіх цывілізаваных краінах свету прадпрымальнікі – галоўная рухаючая сіла, на якой трымаецца ўся эканоміка. Каб атрымаць нейкія “хуткія грошы” улада выдае такія ўказы і дэкрэты, якіх папросту ставяць на калені эканоміку, разбураюць яе. Акрамя таго, сёння дзяржава наўмысна стварае ўмовы, пры якіх прадпрымальнікі вымушаныя парушаць заканадаўства, бо інакш ім не выжыць. Мы хочам, каб не было гэтых штучна створанных абмежаванняў, каб прадпрымальнікі сапраўды былі фондам краіны, каб яны вывелі эканоміку на іншы ўзровень. Нельга зараз нешта забараняць, дайце прадпрымальнікам зялёнае святло і ў краіне будзе ўсе, што трэба: і рост эканоміка, і працоўныя месцы”, - упэўнены Мікалай Аўтуховіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства