Праваабарончая праграма “Вясна” на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 22:00 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Анонс выпуска:
“Хроніка”: Напярэдадні парламенцкіх выбараў супрацоўнікі міліцыі тэлефануюць актывістам, каб правесці прафілактычныя гутаркі; Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што справа палітвязня Уладзіміра Кондруся напраўлена на дадатковае расследванне; Актывісты Леанід Кулакоў і Максім Вінярскі былі затрыманыя за спробу пікетавання за сумленныя выбары.
“Чаc выбараў”: Абмяркоўваем асаблівасці падліку галасоў падчас выбараў у Беларусі. Напярэдадні цяперашніх парламенцкіх выбараў Цэнтрвыбаркам паспрабаваў стварыць бачнасць празрыстага падліку галасоў, апублікаваўшы схему расстаноўкі прысутных на ўчастку. Але, як адзначае эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч, гэта ніяк не змяняе сутнасць працэдуры падліку, бо чальцы камісіі і далей будуць лічыць толькі сваю частку бюлетэняў.
“Каментар”: Гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з незаконнымі дзеяннямі альбо бяздзейнасцю з боку супрацоўнікаў міліцыі і звярнуліся ў праваабарончы цэнтр “Вясна” па дапамогу. Прадстаўнік ЛГБТ-супольнасці Віталь распавядае пра здарэнне на Мінскім моры, калі ён і яго сябар сталі ахвярамі нападу суседняй кампаніі на глебе гамафобіі, а 55-гадовы жыхар Мінска – аб тым, як сутыкнуўся з міліцэйскім гвалтам ў Завадскім РУУС.
“Падзея”: Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі распавядае пра вынікі Міжнароднага Кангрэсу за правы чалавека, які прайшоў у Ёханэзбургу, а таксама пра працу, якая была зроблена ім на пасадзе віцэ-прэзідэнта па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
У музычных паўзах – кампазіцыі ў выкананні гурта Zdob Si Zdub.