viasna on patreon

Суд па справе загінулага ў СІЗА Ігара Пцічкіна пачаўся ў Мінску Фота Дапоўнена

2016 2016-09-16T10:48:22+0300 2016-10-03T15:37:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pcichkin-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Партрэт Ігара Пцічкіна. Фота Радыё Свабода

Партрэт Ігара Пцічкіна. Фота Радыё Свабода

16 верасня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска ў 10.30 пачаўся разгляд крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 2 арт 162 Крымінальнага кодэкса за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА Аляксандрам Крыловым, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента - жыхара Мінска Ігара Пцічкіна. 

Справу вядзе суддзя Святлана Бандарэнка. Пацярпелай выступае маці загінулага Жанна Пцічкіна. Дзяржаўны прадстаўнік - Вадзім Кісель.

Жана Пцічкіна і Ірына Пцічкіна размаўляюць з прадстаўніком перад пачаткам судовага працэса
Жана Пцічкіна і Ірына Пцічкіна размаўляюць з прадстаўніком перад пачаткам судовага працэса

Напачатку працэсу суддзя забараніла прадстаўнікам СМІ праводзіць фота- і відэаздымку, хаця бок пацярпелай выступіў за правядзенне такіх здымкаў.

Паколькі на паседжанне не з’явіўся прадстаўнік абвінавачанага Аляксандра Крылова, у судзе аб’яўлены перапынак да 10.50.

Абвінавачаны Аляксандр Крылоў, фельдшар СІЗА-1
Абвінавачаны Аляксандр Крылоў, фельдшар СІЗА-1

Пасля таго, як у суд прыйшоў абаронца абвінавачанага, працэс працягнуўся. Суддзя зачытала правы і абавязкі ўсім удзельнікам працэсу, прапанавала заявіць хадайніцтвы.

Дзяржпрадстаўнік на дадзеным этапе хадайніцтваў не меў. А вось Жанна Пцічкіна заявілі хадайніцтва аб прызнанні сястры загінулага Ірыны Пцічкінай таксама пацярпелай па справе, таму што смерцю брата ёй была нанесена маральная шкода.

Пракурор не меў пярэчанняў, каб прызнаць Ірыну Пцічкіну пацярпелай, абвінавачаны і яго прадстаўнік пакінулі рашэнне на меркаванне суддзі. 

Святлана Бандарэнка зноў аб'явіла перапынак на 20 хвілін, каб прыняць рашэнне аб прызнанні Ірыны Пцічкінай пацярпелай па справе. Суд задаволіў хадайніцтва і прызнаў сястру пацярпелай па справе.

Пракурор зачытаў абвінавачанне. Згодна з ім у 0.20 гадзінаў 3 жніўня 2013 года Ігар Пцічкін быў прывязаны да ложку ў камеры медчасткі СІЗА-1 па распараджэнні дзяжурнага фельдчара Аляксандра Крылова нібыта з-за таго, што ў пацыента быў сіндром адмены ўжывання наркатычных сродкаў і ён паводзіў сябе буйна. У 8.05 гадзін раніцы 4 жніўня Ігар Пцічкін быў знойдзены мёртвым. Знаходжанне працяглы час прывязаным да ложку без неабходнай медычнай дапамогі вызвала ў Ігара Пцічкіна балезненыя працэсы, спрыяла знясіленню, памяншэнню водна-салявога памеру, пагаршэнню агульнага стану здароўя, з'яўленню вострай сардэчнай недастатковасці і як вынік - спыненню сэрца. У сваю чаргу фельдчар не аказаў належнай і тэрміновай дапамогі, чым парушыў парушыў частку 2 артыкула 162 Крымінальнага кодэкса.

Аляксандр Крылоў сваю віну ў смерці Ігара Пцічкіна не прызнае. Суд перайшоў да апытання абвінавачанага, які распавёў, што ў 1992 годзе скончыў Мінскае медыцынскае вучылішча, да 2000 года працаваў на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Затым перайшоў працаваць у СІЗА-1 і скончыў Акадэмію МУС завочна. У СІЗА-1 Аляксандр Крылоў працуе і дагэтуль. У пералік яго абавязкаў уваходзіць агляд зняволеных, ацэньвае іх стан, ставіць папярэдні дыягназ, назначае лячэнне, пры неабходнасці аказвае даўрачэбную і хуткую дапамогу. У сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца начальніку медсанчасткі, якому павінен неадкладна паведамляць пра надзвычайныя сітуацыі, а пры яго адсутнасці - дзяжурнаму намесніку начальніка СІЗА. 

Узгадваючы дзень паступлення Ігара Пцічкіна ў СІЗА, Аляксандр Крылоў распавядае, што як звычайна правёў агляд асуджанага. Ігар Пцічкін выглядаў і адчуваў сябе нармальна, на ім не было слядоў ін'екцый ці ўжывання гвалту з боку міліцыі, яўных прыкмет растройства ў паводзінах заўважана таксама не было. На пытанне, ці ўжывае хлопец алкаголь ці наркотыкі, ён адказаў адмоўна.

Пасля гэтага ў судзе зноў быў аб'яўлены перапынак - на абед.


Нагадаем, Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адсідкі на "Валадарцы", дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Адміністрацыя ізалятару заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі знайшлі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў.

Напачатку жніўня Жанна Пцічкіна атрымала пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце нанясення сыну цялесных пашкоджанняў, якія маглі паслужыць прычынай смерці сына.

Праверку праводзіў старэйшы ўчастковы інспектар УУС Маскоўскага раёна Мінска Д. Кротаў, які ўстанавіў, што атрыманне Ігарам Пцічкіным шматлікіх цялесных пашкоджанняў не знаходзіцца ў прычыннай сувязі з наступленнем смерці: “Устанавіць паходжанне цялесных пашкоджанняў як у ходзе расследавання крымінальнай справы, так і пры правядзенні праверкі па вылучаных матэрыялах не ўяўляецца магчымым”.

Тры гады з дня трагічнай смерці ў Мінскім СІЗА №1 Ігара Пцічкіна спатрэбілася ягонай маці Жанне Пцічкінай, каб з дапамогаю праваабаронцаў “Вясны” дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства