ЕС патрабуе аднаўлення ў правах былых палітвязняў
У 2015 годзе правы чалавека ў Беларусі працягвалі сістэматычна парушацца, гаворыцца ў прысвечаным краіне раздзеле дакладу пра сітуацыю з правамі чалавека ў свеце, ухваленага 20 верасня Саветам Еўрасаюза. Пра гэта піша БелаПАН.
У Беларусі ў 2015 годзе не адбылося ніякіх заканадаўчых зменаў «для паслаблення абмежаванняў свабоды сходаў, асацыяцый і сродкаў масавай інфармацыі», гаворыцца ў дакуменце.
Пры гэтым адзначаецца, што некаторыя пазітыўныя крокі былі зроблены Мінскам у другой палове 2015 года. У прыватнасці аднавіўся перапынены ў ліпені 2009 года дыялог па правах чалавека паміж Беларуссю і ЕС. Бакі абмяркоўвалі пытанні свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый, смяротнага пакарання і барацьбы з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем, стварэння нацыянальнага інстытута па правах чалавека і дзіцяці.
У дакладзе таксама адзначаецца, што папраўкі ў закон аб СМІ, якія ўступілі ў сілу ў студзені 2015 году, зрабілі больш жорсткім дзяржаўны кантроль за распаўсюдам інфармацыі ў інтэрнэце і традыцыйных сродках масавай інфармацыі.
У дакуменце згадваецца факт вызвалення 22 жніўня 2015 года ўсіх палітвязняў у Беларусі. «ЕС вітаў гэты доўгачаканы крок і прыняў рашэнне прыпыніць абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі (у лютым 2016 года санкцыі былі адмененыя. - БелаПАН.). ЕС працягвае заклікаць да аднаўлення былых палітвязняў у грамадзянскіх і палітычных правах», - гаворыцца ў дакладзе.