viasna on patreon

Прыёмная маці не можа дамагчыся якаснай праверкі па факце гвалту над сынам у СІЗА

2016 2016-10-06T13:23:47+0300 2016-10-06T13:48:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/siza-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Гомеля яшчэ 4 жніўня 2016 года адмяніла пастанову гарадскога аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару ў СІЗА-3 у дачыненні да непаўнагадовага Віталя Г., сямнаццацігадовага юнака з прыёмнай сям'і. Аднак аднаўлённая праверка безвынікова цягнецца ўжо другі месяц, а крымінальную справу - не ўзбуджаюць.

Цяпер прыёмная маці Марына К. звярнулася са скаргай да начальніка Гомельскага гарадскога Следчага камітэта Аркадзя Траццякова, у якой указала на наўмыснае зацягванне следчай Людмілай Панамарышкінай праверкі, а таксама паведаміла, што следчая аказвае на яе ціск: тэлефануе з пагрозамі па тэлефоне, дасылае яе працадаўцу лісты, якія абразліваюць яе і зневажаюць яе годнасць.

«Справа вядзецца каля двух месяцаў - за дадзены тэрмін следчая ні разу не дапытала ні мяне, ні Віталя Г. Увесь гэты час яна займалася пагрозамі ў мой адрас і ў адрас майго прыёмнага сына. Калі я нарэшце дамаглася, каб правялі апытанне Віталя Г., яна адмовілася браць тлумачэнні ў яго, а запатрабавала, каб ён падпісаў тое, што прынесла яна сама. Апытанне не адбылося. А свайго допыту я дамаглася толькі праз начальніка гарадскога аддзела Следчага Камітэта ў апошнія дні праверкі», - піша ў скарзе Марына К.

Яна патрабуе спыніць ціск і пагрозы ў яе адрас, парушэнне правоў і свабод яе прыёмнага сына, стварыць усе неабходныя ўмовы для абароны правоў і законных інтарэсаў Віталя Г. і яе самой, як яго законнага прадстаўніка, а таксама прыняць меры, прадугледжаныя законам, для ўсебаковага, поўнага і аб'ектыўнага даследавання абставінаў па факце гвалту над заведама бездапаможным і непаўналетнім у СІЗА-3 г. Гомеля.

Віталь Г. апісвае факты ціску і сам у сваіх лістах:

«У СІЗА са мной размаўляюць і ўгаворваюць, каб я не даваў паказанні супраць СІЗА. Абяцаюць мне, што пасля абвінавачвання я не пайду ў турму, а што возьмуць мяне тут у СІЗА-3 на працу. Калі ж я буду казаць праўду, што ў СІЗА мяне гвалтавалі, як хацела следчы Гуд А.І., што прымушалі падпісваць дакументы, то мяне ўсё роўна асудзяць і адправяць у самую страшную турму. І там у турме мяне будуць гвалтаваць ўсім баракам кожны дзень, пакуль я не памру».

Акрамя гэтага, Марына К. падала на імя начальніка ГГСК і хадайніцтва аб адводзе следчай Панамарышкінай Л.А. ад правядзення праверкі па гэтай справе ў сувязі з апісанымі ў скарзе фактамі і некампетэнтнасцю следчай, як службовай асобы Следчага камітэта. Прыёмная маці непаўнагадовага хлопца лічыць, што Людміла Панамарышкіна прама ці ўскосна зацікаўлена ў выніках дадзенай праверкі не на карысць Віталя Г.

На адной з прэс-канферэнцый кіраўнік дзяржавы заявіў:

"Дзеці і старыя - гэта прыярытэт нашай дзяржавы не на словах, а на справе".

Аднак, на справе атрымліваецца, калі ў дзіцяці здараецца бяда, усе, хто павінен абараняць яго правы - пракуратура, органы апекі, мясцовая ўлада і астатнія чыноўнікі, пакідаюць прыёмную маці сам-насам з тым, хто таксама па законе павінен абараняць яе саму і яе сына, але па факце, абараняе толькі гонар мундзіра.

Нагадаем, сямнаццацігадовы Віталь, які мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця (дэменцыя, якая развілася ў выніку чэрапна-мазгавой траўмы), знаходзіцца пад вартай у якасці падазраванага ў сэксуальным дамаганні, якое нібыта мела месца ў канцы 2015 года. Гэтая гісторыя падрабязна была апісана ў матэрыяле "Гомель: сэксуальны гвалт над хворым падлеткам у СІЗА".

Суд над Віталём пакуль не прызначаны, аднак складваецца ўражанне, што нягледзячы на яго псіхічную хваробу, а таксама вынікі экспертыз і шматлікія сведчанні тых, хто мог заўважыць гвалт, але адмаўляе гэтыя факты, спрабуюць давесці крымінальную справу да завяршэння.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства