У гісторыка Валодзіна на мяжы канфіскавалі кнігу пра смяротнае пакаранне
Малады гісторык і экалагічны актывіст Уладзімір Валодзін вяртаўся ўначы 9 кастрычніка аўтобусам з Літвы, дзе браў удзел у Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Пры перасячэнні мяжы работнікі Ашмянскай мытні звярнулі ўвагу на пакет з кнігамі і часопісамі, якія ён прыдбаў для сябе на кангрэсе. Выклікалі начальніка змены, які прыняў рашэнне накіраваць некаторыя выданні на экспертызу на наяўнасць у іх прыкмет экстрэмізму. Такім вось чынам беларускія мытнікі адрэагавалі на Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.
У прыватнасці, мытнікам не спадабаліся кніга “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”, а таксама дыск з дакументальным фільмам “Дысідэнт”, які распавядае пра жыццё Міхася Кукабакі – беларуса, які за свае перакананні каля 17 гадоў правёў ў турмах і лагерах.
Па факце выняцця літаратуры быў складзены адпаведны акт, а выданні будуць накіраваныя ў Гарадзенскую абласную экспертную камісію.
Уладзімір Валодзін распавёў пра акалічнасці здарэння праваабаронцам:
- Знялі з рэйсавага аўтобуса у Каменным Лозе і тры гадзіны складалі паперкі. Бегалі, нерваваліся. Практычна я не спаў усю ноч. Праўда, потым пасадзілі на іншы рэйс і я змог дабрацца да Мінску.
Цікава, што ў сакавіку 2016 года гарадзенскі эксперты ўжо “шукалі” экстрэмізм у кнізе “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” ды … не знайшлі. Гарадзенскай абласной камісіяй было падрыхтаванае экспертнае заключэнне, з якога вынікае, што прыкметаў праяўлення экстрэмізму ў выданні не знойдзена.
Мусіць, пра гэта ашмянскія мытнікі ня ведалі.