Cуд над блогерам Эдуардам Пальчысам працягнецца ў панядзелак Фота Відэа Дапоўнена
У Мінскім гарадскім судзе 14 кастрычніка пачаўся разгляд крымінальнай справы рэдактара сайта 1863х.com і блогера Эдуарда Пальчыса. Ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.
Пачатак судовага працэсу прызначаны на 10 гадзін. Вядома, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Старшынствуючы на працэсе – суддзя Ігар Любавіцкі.
Супрацоўнікі сілавых структур задоўга да пачатку судовага працэсу над Эдуардам Пальчысам прынялі беспрэцэндэнтныя меры бяспекі. Перыметр тэрыторыі суда ахоўваць патрулі АМАПу, на тэрыторыі – каля двух дзесяткаў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, шмат міліцыі і ў памяшканні суду. З усіх ракурсаў вядзецца аператыўная відэафіксацыя падзей.
Эдуарда Пальчыса прывезлі у суд у суправаджэнні некалькіх аўтамабіляў аховы, прычым каля варот выставілі кінолагаў з аўчаркамі.
Доступ у суд быў абмежаваны, прапускалі толькі людзей з позвамі. Некаторы час у суд не пускалі нават адваката Пальчыса Ганну Бахціну, патрабуючы, каб яна разам са сваім пасведчаннем прад’явіла яшчэ і позву ў суд, хаця гэта ўвогуле не прадугледжана. Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка здолеў прайсці ў сакратарыят, суда каб пакінуць скаргу на закрытасць судовага працэсу. Такую ж скаргу падаў у суд і Андрэй Кім. Праваабаронца Тацяна Равяка, змагла патрапіць у памяшканне і паведаміць, што пачатак судовага паседжання затрымаўся на 20 хвілін з-за таго, што ў суд не пускалі адвакатку Ганну Бахціну.
Прадстаўнікі Амбасады Швецыі таксама прасілі дапусціць іх у суд і тлумачылі, што толькі суддзя мае права абвясціць пра рэжым слуханняў і зрабіць суд закрытым.
Каментуючы забарону патрапіць на працэс Павел Сапелка адзначае:
"Судовая ўлада -- асобная галіна ўлады і распарадак у будынку суда павінен устанаўліваць толькі суд. Правы ўсіх жадаючых прысутнічаць пры разглядзе справы Пальчыса былі парушаныя. Па першых уражаннях я пакінуў скаргу ў сакратарыяце, у Кнізе заяў і прапаноў. Зараз рыхтую скаргі на дзеянні аховы суда ў Вярхоўны суд Беларусі і Міністэрства унутраных спраў."
Каля Мінгарсуда сабраліся бацькі і жонка Эдуарда, дзесяткі журналістаў, палітыкі і грамадскія дзеячы, праваабаронцы. Сярод іх старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, намеснік кіраўніка руху «За свабоду» Алесь Лагвінец, сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Неўзабаве актывісты распачалі акцыю падтрымкі Эдуарда Пальчыса. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі і плакат “Свабоду Пальчысу!” і скандуюць: «Жыве Беларусь!», «Свабоду Пальчысу!», «Незалежнасць!», «Эдуард, мы з табой!», «Трымайся!» У акцыі каля будынку суду бяруць удзел Зміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, Дзяніс Садоўскі, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Арцём Бабоўнікаў, Яўген Бычкоўскі, Павел Пракаповіч, Алесь Макаеў. Хутка да іх падыйшлі супрацоўнікі міліцыі ў форме, з загадзя загатоўленымі бланкамі пратаколаў і пачалі складаць пратаколы аб правапарушэнні па артыкуле 23.34 КаАП.
У судзе абвешчаны перапынак да 14 гадзін.
* * *
Напрыканцы мая 2016 года блогера Пальчыса экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён быў адразу ўзяты пад варту.
25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
Праваабаронцы адзначаюць, што ў крымінальным пераследзе Эдуарда Пальчыса ёсць палітычны матыў уладаў, які мае на мэце спыненне ягонай публічнай дзейнасці ці прымус да змянення яе характару. Гэтая пазіцыя адлюстраваная ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый адносна крымінальнага пераследу блогера Эдуарда Пальчыса:
“Мы заяўляем, што ўтрыманне пад вартай Эдуарда Пальчыса і ягоны палітычна матываваны пераслед з боку беларускіх уладаў дазваляе кваліфікаваць блогера як палітычнага зняволенага.
Патрабуем вызваліць Э. Пальчыса з-пад варты, паколькі забеспячэнне ягонай яўкі ў суд можа быць гарантавана і іншымі мерамі стрыманння, не звязанымі з ізаляцый абвінавачанага; спыніць крымінальную справу ў дачыненні да Э. Пальчыса па ч.1 арт. 130 КК Рэспублікі Беларусь; забяспечыць правядзенне адкрытага судовага працэсу з выкананнем усіх гарантый справядлівага судовага разбіральніцтва”.
А напярэдадні суда над блогерам Эдуардам Пальчыса міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала ўлады Беларусі вызваліць яго «неадкладна і без усялякіх умоваў». Пра гэта паведамляе сёння сайт naviny.by:
«У святле нядаўняга незалежнага экспертнага аналізу» пастоў блогера Эдуарда Пальчыса абвінавачванні ў яго адрас безгрунтоўныя, – адзначаецца ў заяве.
«Рэпарцёры без межаў» заклікаюць Мінскі гарадскі суд, які будзе разглядаць справу блогера, прыняць да ўвагі незалежную экспертызу артыкулаў Пальчыса і «спыніць яго пераслед на падставе безгрунтоўных абвінавачванняў».
Жонка блогера Вікторыя Пальчыс распавяла сайту palitviazni.info пра справу мужа.