viasna on patreon

Стэфановіч звярнуўся да Давыдзькі з нагоды матэрыяла “Зоны Х”

2016 2016-10-13T15:34:32+0300 2016-11-17T11:17:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich-talerancyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч у акцыі да Тыдня супраць расізму

Валянцін Стэфановіч у акцыі да Тыдня супраць расізму

Праваабаронца ў чарговы раз просіць старшыню Белтэлерадыёкампаніі прыняць захады па прадухіленні праяваў знявагі да любой нацыянальнасці   на ўсіх падначаленых яму інфармацыйных рэсурсах.  

Нагодай для звароту стала паведамленне ў “Зоне Х” - “самай аўтарытэтнай праграме крымінальнай хронікі на беларускім тэлебачанні”, як яе любяць называць. 28 верасня гэтага году ў Твітэры гэтай  праграмы з’явіўся відэа-матэрыял з залі суда Бабруйска пад загалоўкам “Першае відэа з залі суда ў Бабруйску, дзе прагучаў прысуд наркагандляру. Дарэчы, абвінавачаны з этнічных цыган”. Пры гэтым, як даводзіць Валянцін Стэфановіч, акцэнт на нацыянальнай прыналежнасці асуджанага ў дадзеным кантэксце не меў ніякага значэння для разумення чытачамі падаваемай інфармацыі.

“Акцэнтаванне ўвагі толькі на прадстаўніках пэўнай нацыянальнай меншасці можа спрыяць на практыцы дыскрымінацыйным паводзінам у дачыненні да іх, падмацоўваць негатыўныя стэрэатыпы ў грамадстве, што, у сваю чаргу, можа прывесці да праяваў ксенафобіі і нецярпімасці ў дачыненні да ўсіх прадстаўнікоў гэтай нацыянальнай меншасці”, - піша ён у звароце і дадае: “На жаль, вельмі часта СМІ ў сваіх паведамленнях, датычных здзейсненых супрацьпраўных дзеянняў, указваюць толькі адну нацыянальнасць асобаў, затрыманых ці асуджаных у сувязі з іх здзяйсненнем, – цыганскую”.

Праваабаронца нагадвае Генадзю Давыдзьку, што раней ужо звяртаўся да яго наконт падобнай з’явы ў праграме “Таямніцы следства” на тым жа тэлеканале і той паведаміў, што “з усім аддзелам крымінальных навінаў была праведзеная гутарка аб недапушчальнасці праяваў знявагі да любой нацыянальнасці”, таму з цяперашняй нагоды ён просіць старшыню Белтэлерадыёкампаніі прыняць неабходныя захады да ўсіх падначаленых яму інфармацыйных рэсурсаў.    

Пры гэтым, як падкрэслівае Стэфановіч, яго заўвага датычыцца не толькі дзяржаўных, але і незалежных медыя. Як прыклад можна прывесці нядаўні яго зварот у Камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў з нагоды публікацыі на сайце газеты "Наша Ніва" матэрыяла са здымкам пад загалоўкам "Браты-славяне. П'едэстал Алімпіяды у Рыа па грэка-рымскай барацьбе", які, паводле праваабаронцы, з’яўляецца шматсэнсоўным і акцэнтуе ўвагу на расавым і нацыяльным паходжанні спартоўцаў, што спрыяла ксенафобскім і расісцкім выказванням і жартам. Разгледзеўшы зварот, Камісія, пагадзіўшыся з заяўніком “у тым, што праблемы, звязаныя з нацыянальнай годнасцю, павінны падавацца ў СМІ надта асцярожна”, пастанавіла, што матэрыял “не ўтрымлівае парушэнняў прафесійнай этыкі”.

У звязку з гэтым будзе не лішнім нагадаць прадстаўнікам журналісцкай супольнасці пра міжнародныя нормы ў галіне правоў чалавека. Артыкул 20 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваны Беларуссю, кажа: “Усялякі выступ на карысць нацыянальнай, расавай або рэлігійнай нянавісці, які ўяўляе сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці або гвалту, павінен быць забаронены законам”, а артыкул 19 Пакта пра свабоду выказвання меркавання накладае абмежаванні на карыстанне гэтым правам, якія “з'яўляюцца неабходнымі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў”. Апроч таго, ёсць выдатны дакумент, з якім мусіць азнаёміцца кожны прафесійны журналіст: “Кэмдэнскія прынцыпы па свабодзе выказвання меркавання і роўнасці”, распрацаваныя міжнароднай праваабарончай арганізацыяй ARTICLE 19 з удзелам экспертаў па міжнародным заканадаўстве па правах чалавека ў галіне свабоды выказвання меркавання і роўнасці. Паводле “Кэмдэнскіх прынцыпаў”,

усе СМІ павінны, зыходзячы з маральнай і сацыяльнай адказнасці, граць ролю ў барацьбе з дыскрымінацыяй і спрыянні паразуменню паміж культурамі, у тым ліку і праз: клопат пра тое, каб асвятляць факты і кантэкст падзей у тактоўнай форме і ў той жа час інфармаваць грамадства пра выпадкі дыскрымінацыі; дасведчанасць аб небяспецы таго, што дыскрымінацыя і негатыўныя стэрэатыпы могуць прасоўвацца праз СМІ; пазбяганне непатрэбных спасылак на расу, рэлігію, пол і іншыя групавыя характарыстыкі, якія могуць узмацніць негатыўныя стэрэатыпы (Прынцып 9: Абавязкі СМІ).

Валянцін Стэфановіч цытуе прыведзены вышэй Прынцып 9 у звароце да Генадзя Давыдзькі са спадзяваннем, што праява знявагі да любой нацыянальнасці як з’ява знікне са сродкаў масавай інфармацыі нацыянальнага масштабу.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства