viasna on patreon

Суд па справе Пальчыса: дзень пяты

2016 2016-10-20T13:27:39+0300 2016-10-20T14:01:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/palchys-sud-16.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Складанне пратаколаў на ўдзельнікаў пікету каля Мінгарсуда 20 кастрычніка. Фота Радыё Свабода.

Складанне пратаколаў на ўдзельнікаў пікету каля Мінгарсуда 20 кастрычніка. Фота Радыё Свабода.

Дакладнай Інфармацыі аб тым, што робіцца за дзвярыма залы судовых паседжанняў №8 Мінскага гарадскога суда, па-ранейшаму, няма. Тут пяты дзень слухаецца крымінальная справа па абвінавачванні блогера і меркаванага заснавальніка сайта 1863x Эдуарда Пальчыса ў распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні.  Жонка Эдуарда – Вікторыя і ягоныя бацькі, дапытаныя ў судовым працэсе, а таксама адвакат Пальчыса, звязаныя падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў справы.

Папярэдне вядома толькі, што ў пятніцу судовага паседжання ў судзе па справе  Пальчыса не будзе. Суд працягнецца ў панядзелак, 24 кастрычніка і, верагодна, на наступным тыдні будзе абвешчаны прысуд.

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэту Гары Паганяйла мяркуе, што рашэнне зрабіць працэс закрытым улады прынялі таму, што, магчыма, бачаць усю слабасць сваёй пазіцыі:

“На сёняшні момант стаіць задача – заткнуць рот блогеру Пальчысу, які жорстка крытыкаваў дзеянні Расіі ў адносінах да Украіны. Гэта такі своеасаблівы прыклад і для іншых. Хаця, можа быць, нічога злачыннага ў працах Пальчыса і не было. Таму сёння мы бачым закрыты працэс і звычайную барацьбу з іншадумствам. У гэтым плане ў краіне нічога не змянілася. І, калі суд закрылі ад грамадскасці, такі будзе і давер да разгляду гэтай справы, і да таго рашэння, што прыме суд”.

Перад будынкам суда працягваюцца акцыі ў падтрымку Эдуарда Пальчыса. 19 кастрычніка пікет доўжыўся ад 10 гадзін раніцы да завяршэння працы суда. Пікетоўцы скандавалі праз мегафон “Эдуард, мы з табой! Не здавайся – ты герой!”  Супрацоўнікі міліцыі звыкла складалі пратаколы правапарушэння на ўдзельнікаў акцыі. Сярод іх – Павел Севярынец, Леанід Кулакоў, Вольга Нікалайчык, невядомая дзяўчына, якая прадставілася Крысцінай.

Па словах актывіста Леаніда Кулакова, цягам дня было складзена 8 пратаколаў. У сваю чаргу Алесь Макаеў паведаміў “Радыё Свабода”, што за за 5 дзён суду над Пальчысам, складзена больш за 50 пратаколаў, аднак гэта не спыняе пікетоўцаў.

З раніцы 20 кастрычніка ізноў з’явіліся супрацоўнікі міліцыі са стосамі бланкаў. Пратаколы на гэты час складзеныя на Паўла Севярынца, Зміцера Дашкевіча, Аляксандра Пальчэўскага, Алеся Макаева, Максіма Вінярскага, Мікалая Дземідзенку, Уладзімера Яроменку і Вольгу Маёраву.

Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.

Суд над Эдуардам Пальчысам пачаўся 14 кастрычніка. Ён праходзіць у закрытым рэжыме.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства