viasna on patreon

Маніторынгавая справаздача па назіранні за акцыяй 7 лістапада ў Мінску

2016 2016-11-08T12:04:00+0300 2016-11-08T17:08:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mas_mer_7.11.2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Удзельнікі акцыі каля будынку КДБ у Мінску 7 лістапада 2016 года

Удзельнікі акцыі каля будынку КДБ у Мінску 7 лістапада 2016 года

7 лістапада 2016 года ў Мінску праходзіла акцыя, прысвечаная Дню памяці і смутку.

Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). Ва ўдзельнікаў адсутнічала зброя, не выкарыстоўваліся заклікі да гвалтоўных дзеянняў, удзельнікі акцыі не парушалі Правілаў дарожнага руху.
  2. Вядома, што арганізатары акцыі не змаглі атрымаць дазвол на правядзенне акцыі, хаця падавалі заяўку. Неабгрунтаваная адмова і ўвогуле неабходнасць атрымліваць дазвол для правядзення варта трактаваць як абмежаванне права на мірныя сходы. 
  3. Папярэджанне ўдзельнікаў пра адміністрацыйную адказнасць і складанне пратаколаў за рэалізацыю права на мірны сход з’яўляецца неабгрунтаваным абмежаваннем іх правоў.
  4. Трэба адзначыць немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама ідэнтыфікацыйных прыкмет у супрацоўнікаў у форме. Адсутнічае інфармацыя пра мэтазгоднасць прысутнасці міліцыі ў такім выглядзе, а немагчымасць ідэнтыфікаваць паграджае беспакаранасці супрацоўнікаў у выпадку канфліктаў, як і дэзарыентуе арганізатараў і ўдзельнікаў адносна таго, да каго можна звярнуцца пры канфліктных сітуацыях.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка.

Папярэдняя інфармацыя

Арганізатары мерапрыемства Губарэвіч Ю., Лябедзька А. і Рымашэўскі В. распавялі праз сацыяльныя сеткі, што падалі заяўку на правядзенне акцыі 7 лістапада. Там жа з’явілася інфармацыя пра атрыманую адмову і намер правесці акцыю без дазволу.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 7 лістапада 2016 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 6 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

- Масавае мерапрыемства адбывалася 7 лістапада з 11:50 да 12:35.

- З 11:50 адбываўся збор удзельнікаў, яны збіраліся групамі і гутарылі каля будынка КДБ, пр. Незалежнасці, 17. У 12:05 удзельнікі пачалі даставаць і запальваць знічкі, некаторыя трымалі ў руках чорна-белыя партрэты фармату А4. Арганізатары казалі прамовы праз мегафон.

- У 12:10 да ўдзельнікаў сталі падыходзіць міліцыянты ў форме, кожнага суправаджалі супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы, якія груба адштурхоўваючы ўдзельнікаў дапамагалі праходзіць ў натоўп. Міліцыянты падыходзілі да ўдзельнікаў і папярэджвалі пра адміністрацыйную адказнасць. На некаторых удзельнікаў пачалі складаць пратаколы аб адміністрацыйнай адказнасці. Адзін з супрацоўнікаў ў цывільнай вопратцы запісваў прозвішчы ўдзельнікаў на аркуш паперы.

- Колькасць ўдзельнікаў складала каля 20 чалавек. Пры гэтым на месцы акцыі прысутнічала ўсяго каля 80 чалавек (супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, прадстаўнікі СМІ).

- У 12:15 удзельнікі падняліся на прыступкі КДБ і сталі ланцугом, трымаючы ў руках знічкі і партрэты. Так сама з прыступак казалі прамовы. У 12:25 удзельнікі паставілі партрэты і знічкі на прыступкі будынку і пачалі разыходзіцца.

- Колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў вызначаецца больш складана праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так, супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было зафіксавана 3 чалавекі на скрыжаваннях Не менш 35 чалавек – у цывільнай вопратцы з адметнымі прыкметамі: рацыямі, навушнікамі. У тым ліку прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў былі ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў. Не менш 5 чалавек вялі відэа здымку на малыя ручныя камеры. Былі заўважаныя 2 супрацоўнікі АМАПу ў форменнай чорнай вопратцы з надпісам “ОМОН”. Прысутнічалі 5 супрацоўнікаў міліцыі ў форменая вопратцы.

- Прысутнічала не менш 7 прадстаўнікоў СМІ, якія актыўна здымалі акцыю на фота і відэа, размаўлялі з удзельнікамі.

- Адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору на асабістым і грамадскім транспарце; адсутнічалі перашкоды ў працы СМІ.

- Прысутнічалі перашкоды ў працы назіральнікаў. Так пры спробе фатаграфавання супрацоўніка ў цывільным на камеру тэлефона, ён адштурхаў тэлефон парасонам і агрэсіўна казаў не фатаграфаваць яго. Пры гэтым іншыя супрацоўнікі станавіліся шчыльна побач з назіральнікам.

Пасля сканчэння акцыі, пры спробе фатаграфаваць прыборку месца акцыі, так сама супрацоўнікі ў цывільным настойліва раілі назіральніку “ісці займацца сваімі справамі”.

- Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў не зафіксавана.

- Былі заўважаны чорна-белыя партрэты фармату А4 і жалобныя знічкі, бела-чырвона-белы сцяг, стэнд з чыстымі аркушамі паперы.

- Машыны хуткай дапамогі не заўважана.

- Выкарыстоўваліся наступныя лозунгі: “Жыве Беларусь!”, “Камуністычнай уладзе ганьба”, “Комитету государственной безопасности ганьба”, “Камунізму - ганьба”, “Імперыі - ганьба”.

 Рэкамендацыі

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

* ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* ажыццяўляць камунікацыю з назіральнікамі  як з трэцім незалежным бокам;

* не перашкаджаць працы назіральнікаў;

Субьектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства