viasna on patreon

Патрабуем вызваліць Аляксандра Лапіцкага з псіхіятрычнага шпіталя і дэкрыміналізаваць дыфамацыйныя дзеянні

2016 2016-11-15T18:27:03+0300 2016-11-15T21:57:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lapicki-80.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Лапіцкі. Фота: Беларуская праўда.

Аляксандр Лапіцкі. Фота: Беларуская праўда.

14 лістапада стала вядома, што 80-гадовы пенсіянер Аляксандр Лапіцкі быў прымусова накіраваны ў псіхіатрычны шпіталь. Падставай для прымусовага лячэння стала ўступленне ў законную сілу пастановы суда па крымінальнай справе, узбуджанай супраць яго.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Лапіцкі Аляксандр Нікіфаравіч здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні ім былі здзейсненыя ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. У выніку абскарджанняў, у задавальненні скаргаў было адмоўлена і пастанова суда набыла законную сілу.   

У сувязі з гэтым, мы ў чарговы раз пацвярджаем сваю пазіцыю, якая заключаецца ў наступным:

Артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе права на свабоду перакананняў і іх выказвання. Пры гэтым, у мэтах павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, устаноўлены дапушчальныя абмежаванні гэтага права.

Аднак дадзеныя абмежаванні не павінны звязвацца са службовым становішчам тых асобаў, пра якіх распаўсюджаны звесткі або інфармацыя. 

Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый. Міжнародныя органы, ААН і АБСЕ, рэкамендавалі скасаваць законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю, або, як мінімум, не пазбаўляць волі за здзяйсненне дыфамацыйных правапарушэнняў, прыняўшы за норму грамадзянска-прававы пераслед. Парламенцкая Асамблея АБСЕ заклікала да адмены ўсіх законаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю публічных асобаў, дзяржавы або яе органаў. Паўнамоцныя прадстаўнікі ААН, АБСЕ і ААД па пытаннях свабоды слова заяўлялі[1], што «крымінальны пераслед за дыфамацыю не з'яўляецца апраўданым абмежаваннем свабоды выказвання перакананняў; усе законы пра крымінальны пераслед за дыфамацыю падлягаюць адмене і замене, дзе гэта неабходна, грамадзянска-прававымі мерамі адказнасці».

Такім чынам, узровень абароны супраць дыфамацыйных формаў выказвання меркавання (замахаў на гонар, годнасць і рэпутацыю асобы шляхам распаўсюду зневажальных звестак альбо сцвярджэнняў абразлівага характару) у службовых асобаў дзяржавы, у тым ліку прэзідэнта, пракурора ці суддзі, не павінен быць вышэй, чым у любых іншых грамадзянаў.

Справа Лапіцкага чарговы раз падкрэслівае неабходнасць скасавання крымінальнага пераследу за дыфамацыйныя правапарушэнні ў якасці першага кроку да адмены  артыкулаў 367, 368, 369, 369-1, 391 Крымінальнага кодэкса.

Мы лічым, што службовым асобам, якія былі прызнаныя пацярпелымі па крымінальнай справе па абвінавачванні Лапіцкага А.Н., павінны быць забяспечаныя іншыя меры прававой абароны іх гонару і годнасці, у тым ліку ў грамадзянска-прававым парадку на роўных умовах з іншымі асобамі.

Рашэнне аб прымусовай шпіталізацыі Аляксандра Лапіцкага, паводле нашага меркавання, грунтуецца не на рэальным стане яго здароўя і матывах пагрозы, якую ён можа ўяўляць для навакольных ці сябе самога, а з’яўляецца, па сутнасці, пакараннем і пазбаўленнем волі менавіта ў сувязі з абвінавачваннем у дыфамацыі службовых асобаў.

Таксама варта адзначыць, што на працягу амаль года з моманту інкрымінавання дадзеных дзеянняў Лапіцкаму А.Н., ён не здзяйсняў якіх-небудзь учынкаў, якія б уяўлялі пагрозу для іншых грамадзян ці яго самога, што, на нашую думку, сведчыць пра адсутнасць неабходнасці прымусовай шпіталізацыі і ізаляцыі Лапіцкага А.Н. ад грамадства.

Пры такіх абставінах мы лічым, што прымусовая ізаляцыі Лапіцкага А.Н. сведчыць пра палітычна матываваны падыход уладаў.

Знаходжанне Лапіцкага А.Н. ва ўмовах прымусовай ізаляцыі ў псіхіятрычным шпіталі звязанае з абмежаваннем яго волі і дазваляе кваліфікаваць яго як палітычнага зняволенага.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад улады:

  1. Вызваліць Лапіцкага А.Н. з псіхіатрычнага шпіталя і, пры патрэбе, забяспечыць яго лячэнне ва ўмовах, не звязаных з пазбаўленнем асабістай свабоды.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў.


Праваабарончы цэнтр “Вясна”

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"

[1] Сумесныя дэкларацыі прадстаўнікоў міжурадавых органаў па абароне свабоды СМІ і выказвання меркавання; Рэд. А.Улен; Вена: Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, 2013.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства