viasna on patreon

Каардынатар "Крым SOS": пераслед крымскататарскага насельніцтва – масавая з’ява (аўдыё)

2016 2016-11-16T09:06:27+0300 2016-11-17T14:25:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/alijev_alim_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Каардынатар заходнеўкраінскага офісу “Крым SOS”  Алім Аліеў. Фота zik.ua

Каардынатар заходнеўкраінскага офісу “Крым SOS” Алім Аліеў. Фота zik.ua

Пасля анексіі Крыма Расіяй прайшло больш як два з паловай гады. Цікавасць беларускіх медыя да сітуацыі ў рэгіёне знізілася, і, дарэчы, складаецца ўражанне, што людзі звыкліся з тым, што Крым – частка Расіі. Але ў той жа час з паўвострава працягваюць з’язджаць людзі, большасць з якіх – прадстаўнікі крымскататарскай меншасці. Адна з прычын – пераслед крымскататарскага насельніцтва ды іншыя парушэнні правоў чалавека.

Адной з найбуйнейшых арганізацый, якая займаецца дапамогай перасяленцам на тэрыторыі Украіны, з’яўляецца грамадская ініцыятыва “Крым SOS”. Сузаснавальнік і каардынатар заходнеўкраінскага офісу “Крым SOS” Алім Аліеў распавёў сайту ПЦ "Вясна" пра дзейнасць арганізацыі і асаблівасці сітуацыі з правамі чалавека на паўвостраве. 

 Алім, распавядзіце, калі ласка, як і чаму была створаная арганізацыя.

–  Грамадская арганізацыя “Крым SOS” была створаная 27 лютага 2014 года, у першы дзень акупацыі Крыма. Я і дзве мае знаёмыя вырашылі стварыць старонку ў Facebook, каб інфармаваць людзей аб тым, што адбываецца зараз ў Крыме. Трэба сказаць, што ў пачатку мы самі не вельмі разумелі, што там адбываецца. Менавіта тады мы акрэслілі для сябя некалькі галоўных прынцыпаў, па якім мы вырашылі працаваць ў сацыяльнай сетцы. Гэта аператыўнасць у атрыманні і публікацыі інфармацыі і аб’ектыўнасць. Бо для нас было вельмі важна не даваць нейкіх сваіх суб’ектыўных меркаванняў і не рабіць прапаганду, падобна той, якую рабіла ў той час Расія ў адносінах да жыхароў паўвострава. І яшчэ адзін прынцып – праверанасць інфармацыі, каб не ўводзіць у зман нашых чытачоў.

У такім рэжыме мы адпрацавалі ўсяго некалькі дзён. Ужо 2 сакавіка да нас прыехаў першы перасяленец з Крыму, вядомы крымскататарскі дзеяч мастацтваў Рустэм Скібін. Мы дапамаглі яму пераехаць з Сімферопаля ў Кіеў. З тых часоў мы пачалі дапамагаць людзям, якія былі вымушаныя пакінуць паўвостраў і пераехаць на мацерыковую Украіну. Мы адкрылі гарачую лінію і тады ж пачалі атрымліваць вялікую колькасць лістоў са ўсёй краіны ад людзей, гатовых прыняць перасяленцаў у сябе. У нас з’явілася шмат валантэраў у Кіеве і Львове, а таксама непасрэдна ў Крыме. Тады сумесна з імі мы нават зрабілі мапу месцаў, дзе мы можам пасяліць людзей, і пачалі дапамаць сустрэцца перасяленцам з мясцовымі жыхарамі, якія жадалі ім дапамагчы.

У якіх накірунках на сённяшні дзень працуе арганізацыя “Крым SOS»?

– Як я ўжо казаў, першы і вельмі важны накірунак нашай дзейнасці – гэта дапамога перасяленцам. Калі казаць пра перасяленцаў з Крыму, то гэта прыкладна 35 тысяч чалавек, 20 з якіх – крымскія татары. Астатнія перасяленцы прыязджаюць з усходу краіны. Пачаткова ўсе яны сутыкаюцца з такімі праблемамі, як пошук жылля і працы, інтэграцыя. Нам важна, каб прыезджыя адчувалі сябе  камфортна на новым месцы, і каб мясцовае насельніцтва ўспрымала іх як сваіх, а не як чужых. Таму мы ладзім шмат культурных і адукацыйных праектаў, накіраваных менавіта на інтэграцыйную падтрымку. Мы аказваем гуманітарную, сацыяльную і псіхалагічную падтрымку перасяленцам. Таксама мы дапамагаем ім атрымліваць грантавую падтрымку, дапамагаем у арганізацыі бізнеса ці сацыяльных праектаў.

І другі не менш важны напрамак дзейнасці “Крым SOS” – гэта праца, накіраваная на дэакупацыю Крыма. Гэта інфармацыйныя кампаніі, маніторынг захавання правоў чалавека ў Крыме, а таксама кампаніі, накіраваныя на захаванне крымскататарскай культуры і крымскататарскай мовы.

У параўнанні з 2014 годам інтарэс беларускіх сродкаў масавай інфармацыі да паўвострава значна знізіўся. Ці можаце распавесці пра грамадска-палітычную сітуацыю ў рэгіёне?

– На жаль, паступова людзі звыкаюцца з тым, што Крым – частка Расіі. І гэта асноўнае, з чым змагаецца “Крым SOS”. Дарэчы, можна абазначыць некалькі тэндэнцый з таго, што адбываецца ў Крыме. Першая тэндэнцыя – падаўленне мясцовага самакіравання. Напрыклад, у Крыме быў самы вялікі і аўтарытэтны орган крымскататарскага самакіравання Меджліс, які зараз прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй і забаронены. Пры гэтым ён працаваў з 1990 года. Яго лідэры, Мустафа Джэмілеў і Рэфат Чубараў, з’яўляюцца персонамі нон-грата ў Крыме і зараз жывуць у Кіеве. З крымскіх татараў робяць нейкі арэол экстэмістаў, бо амаль у кожным сяле былі прадстаўнікі Меджліса. Па нашых дадзеных, на сённяшні дзень амаль 20 тысяч з 300 тысяч крымскіх татараў з’ехалі з паўвострава.

Другая тэндэнцыя – моцная мілітарызацыя рэгіёна. Усё больш расійскіх вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі сцягваецца на паўвостраў. Насельніцтва жыве ў атмасферы страху і недаверу, адбываюцца пастаянныя ператрусы, у першую чаргу, сярод крымскіх татараў. Сілавікі могуць уварвацца ў дом у 5 ці 6 ранку, зламаць дзверы і пачаць шукаць забароненую мусульманскую літаратуру альбо зброю.

І яшчэ адна тэндэнцыя, якая характэрная для большасці аўтарытарных рэжымаў: пабудова новымі ўладамі так званых паралельных інстытуцый, якія ва ўсім падтрымліваюць палітыку Расіі. Напрыклад, да анексіі ў Крыме было з дзесятак незалежных медыя, якія працавалі па стандартах журналістыкі. Пасля змены ўлады гэтыя СМІ альбо былі вымушаныя з’ехаць у Кіеў (такія, як Чарнаморская тэлерадыёкампанія і Першы крымскататарскі тэлеканал АТР, Радыё Майдан), альбо ім не далі новыя ліцэнзіі. Напрыклад, газета “Аўдзет”, дзе я калісьці пачынаў працаваць, не атрымала ад Роскамнагляду ліцэнзію на інфармацыйную дзейнасць, і таму зараз тыраж газеты складае 999 асобнікаў, бо пасля 1000 ужо патрэбная ліцэнзія. І гэта далёка не адзінае СМІ, вымушанае працаваць ў паўпадпольных умовах. Шмат незалежных журналістаў з’ехала з краіны, частка працуе пад псеўданімамі, а яшчэ частка нават сышла з прафесіі. Але ўлады стварылі новы крымскататарскі медыяхолдынг, які цалкам рэтранслюе расійскую кропку погляду і такім чынам прыўносіць расійскі дыскурс у крымскататарскае асяроддзе.

 Лагатып арганізацыі

З усяго сказанага вышэй бачна, што сітуацыя з правамі чалавека ў рэгіёне застаецца вельмі складанай…

– Так, на сённяшні дзень у нас зафіксавана 268 канкрэтных выпадкаў парушэння правоў чалавека ў Крыме. У сваёй большасці гэтыя выпадкі датычацца крымскіх татараў, як карэннага насельніцтва паўвострава, а таксама груп праўкраінскіх актывістаў, якіх у першую чаргу выціснулі з Крыма. Іх прымуслі з’ехаць яшчэ ў пачатку 2014 года, а потым узяліся за крымскіх татараў.

Расійскія ўлады спрабуюць усімі сродкамі зрабіць выгляд, што ў крымскіх татараў усё добра. Была створаная крымскататарская культурная аўтаномія на тэрыторыі Судака, Пуцін падпісаў закон аб рэабілітацыі дэпартаваных народаў, расійская, украінская і крымскататарская мовы з’яўляюцца афіцыйнымі на паўвостраве… Але рэальная карціна выглядае інакш. Украінская і крымскататарская мовы вывучаюцца толькі факультатыўна, украінскія школы зачыненыя, у крымскататарскіх школах увесь час скарачаюцца гадзіны вывучэння іх мовы.

Вы кажаце пра 268 выпадкаў парушэння правоў чалавека ў рэгіёне. Якія з іх пераважаюць?

– Калі казаць пра групы парушэнняў правоў чалавека, то з асноўным гэта ператрусы, пастаянныя арышты прадстаўнікоў крымскататарскай меншасці. Але, канешне, самыя абуральныя з парушэнняў правоў – гэта знікненні і нераскрытыя забойствы.

Так, крымскататарскі актывіст Рышат Аметаў у пачатку сакавіка 2014 года выйшаў на адзіночны пікет на галоўнай плошчы Сімферопаля ля будынку Савета міністраў. Праз некаторы час невядомыя людзі ў камуфляжы запіхалі яго ў машыну і звезлі ў невядомым напрамку. Праз некалькі дзён быў знойдзены труп Аметава. Забойства не раскрытае да сённяшняга дня, хоць ёсць і відэа, і фота нападу. У траўні гэтага года людзі ў паліцэйскай форме выкралі нашага калегу з Бахчысараю Арвіна Ібрагімава, які з’яўляецца актывістам Меджлісу. І хоць таксама ёсць дакладны запіс з камеры выдэаназірання, да гэтага моманту няма ніякай інфармацыі пра яго месцазнаходжанне. Ніводны з гэтых выпадкаў не расследуецца ўладамі ў Крыме. Яны кажуць, што ніякіх выкраданняў няма, ды і ў межах іх дыскурса такія пытанні ім ніхто нават не задае.

Крымскіх актывістаў у асноўным судзяць за распальванне нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці і экстрэмізм, а таксама за заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнаснасці краіны. У Крыме ёсць справа забароненай у Расіі рэлігійнай арганізацыі “Хізб ут тахрыр”. На падставе таго, што крымскія татары, якія ў большасці сваёй рэлігійныя, могуць належаць да гэтай арганізацыі, на іх пастаянна аказваецца ціск.

Таксама мы можам казаць пра наяўнасць палітычных зняволеных. Напрыклад, была палітычная справа, калі аднаго з самых аўтарытэтных крымскіх татараў Ільмі Умерава, якому зараз пад 70 гадоў, адпраўляюць на месяц на прымусовае лекаванне ў псіхіятрычную лекарню. Зараз супраць яго ідзе крымінальны працэс з-за таго, што на адным з тэлеканалаў Умераў сказаў, што ў 2014 годзе адбылося не добраахвотнае далучэнне Крыма да Расіі, а анексія.


На сённяшні дзень "Крым SOS" – арганізацыя з пяццю офісамі, праца якой распаўсюджваецца на 17 рэгіёнаў. З 2014 года "Крым SOS" з’яўляецца выканаўчым партнёрам Управы Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі, Малдове і Украіне. За ўвесь час сваёй дзейнасці арганізацыя аказала дапамогу болей чым 200 тысячам перасяленцаў з Крыму і ўсходу краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства