viasna on patreon

Грамадскі актывіст Юры Глебік аштрафаваны на 40 базавых велічынь

2016 2016-11-18T15:06:25+0300 2016-11-18T15:11:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/svislach-2014-glebik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Глебік

Юрый Глебік

18 лістапада ў Свіслачы адбыўся першы працэс па адміністрацыйнай справе за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 году, які прайшоў 30 кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы. 

Радыё Рацыя паведамляе, што старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін засудзіў грамадскага актывіста Юры Глебіка да 40 базавых велічынь штрафу. „Разгляд” справы прайшоў па звыклым сцэнары. Сведкамі, як і ў ранейшыя гады выступалі свіслацкія міліцыянты Аляксандр Гуштын і Юрый Садоўскі. Юры Глебік прысутнічаў у судзе і даводзіў, што ён нічога не парушаў, аднак суддзя па завядзёнцы не прыняў яго аргумантаў. У выніку Аляксандр Шылін палічыў Юрыя Глебіка вінаватым у парушэнні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў яго вялікім штрафам.

Юры Глебік перакананы, што працэс меў чыста заказны палітычны характар і ніякага юрыдычнага разгляду справы насамрэч не было. Старшыня Свіслацкага суду Аляксандр Шылін у ранейшыя гады – у 2012-м, 2014-м і 2015 гадах ужо засуджваў грамадскіх актывістаў да адміністрацыйнага арышту і штрафаў за ўдзел у традыцыйным Дні памяці паўстанцаў.

Бліжэйшым часам чакаецца разгляд яшчэ не менш 10 аналагічных адміністрацыйных спраў, многіх удзельнікаў фэсту з розных гарадоў Беларусі ўжо шукалі міліцыянты, каб паведаміць пра складзеныя пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. Вядома, што пратакол правапарушэння за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 году складзены на актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. Таксама позвы з патрабаваннем з'явіцца ў Свіслацкі РАУС 17 лістапада атрымалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Якукевіч і бард Зміцер Захарэвіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства