viasna on patreon

Таемная інструкцыя па парадку наведвання Мінгарсуда – толькі на пасту аховы суда

2016 2016-11-22T15:18:52+0300 2016-11-22T15:39:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mingarsud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 кастрычніка, у першы дзень судовага паседжання па крымінальнай справе блогера Эдуарда Пальчыса, многія грамадзяне не змаглі патрапіць у будынак Мінскага гарадскога суда, дзе адбываўся працэс: іх проста не прапускалі супрацоўнікі міліцыі.

Юрыст Павел Сапелка, як іншыя грамадзяне, нягледзячы на наяўнасць пашпарта, не быў дапушчаны ў будынак суда супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, якія, відавочна са згоды суддзі і старшыні суда, прынялі на сябе кантроль за сітуацыяй ў Мінскім гарадскім судзе.

Сапелка звярнуўся да старшыні Мінскага гарадскога суда са зваротам, у якім прасіў растлумачыць прычыны абмежавання ягоных правоў і прыняць меры па недапушчэнні ўмяшання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у дзейнасць суда. Юрысту адказалі, што работнікі суда дзейнічалі згодна з адпаведнай інструкцыяй, а вось што гэта за дакумент і дзе з ім можна азнаёміцца – не палічылі патрэбным нават паведаміць. На паўторны электронны зварот юрыста ў Менгарсуд намеснік старшыні Мінскага гарадскога суда Уладзімір Грыгаровіч паведаміў Паўлу Сапелку наступнае:

“З палажэннямі і рэквізітамі Інструкцыі па парадку наведванняў будынкаў Мінскага гарадскога і раённых судоў г.Мінска Вы маеце права азнаёміцца на пасту аховы ў будынку Мінскага гарадскога суда”.

Ні спасылкі на дакумент, ні ведамаснай прыналежнасці гэтай інструкцыі суддзя не паведаміў.

 

Гэткі лаканічны адказ суддзі выклікаў у юрыста слушнае падазрэнне: “А ці ўвогуле  такая інструкцыя існуе, ці яе проста хаваюць ад грамадзян, ці гэты дакумент з’яўляецца юрыдычна нікчэмным, звычайнай “фількінай граматай”.

Скаргу Павел Сапелка накіраваў таксама і ў Вярхоўны суд Беларусі.

 Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Р. Аніскевіч у адказе чамусці падрабязна тлумачыць механізм правядзення судовага працэсу ў закрытым паседжанні, распавядае пра законнасць і абгрунтаванасць прысуду, і толькі ў канцы цьмяна тлумачыць, што “ў дзень разгляду справы па абвінавачванні Э. Пальчыса дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія ажыццяўлялі ахову будынка Мінскага гарадскога суда, былі ўзгодненыя з кіраўніцтвам суда з улікам сітуацыі, якая склалася, у мэтах забеспячэння грамадскага парадку ў судзе і… нармальнага функцыянавання усіх яго структурных падраздзяленняў”.

У гэтам адказе, як бачна, пра таемную Інструкцыю гаворка не вядзецца, а толькі паведамляецца, што міліцыя ўзгадніла свае дзеянні з кіраўніцтвам суда.

Відаць, Інструкцыя гэтая толькі для таго, каб абмежаваць правы грамадзян, якія зацікаўленыя ў тым ці іншым судовым працэсе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства