viasna on patreon

«Скрадзеныя дні» ў турэмнай камеры: адкрылася фотавыстава Максіма Сарычава ў Вільні Фота

2016 2016-12-02T14:19:09+0300 2016-12-02T14:40:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stolen_days_30.11.2016_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Музеі ахвяраў генацыду (Вільня), пры падтрымцы Валанцёрскай службы "Вясна", 30 лістапада адбылося адкрыццё выставы Максіма Сарычава пад назвай «Скрадзеныя дні» («Stolen days»).

Гэты праект атрымаў гран-пры "Прэс-фота Беларусі - 2015" і ўяўляе сабой серыю партрэтаў палітычных і сацыяльных актывістаў, затрыманых па палітычна матываваных прычынах у 2014-2016 гадах. А пачалося ўсё з Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, калі прэвентыўна па ўсёй Беларусі было арыштавана больш за 300 чалавек.

Серыя здымкаў распавядае пра тое, што прапусцілі актывісты, патрапіўшы ў турму. Партрэты былі знятыя ўжо пасля іх вызвалення з-пад варты.

Аўтар паставіў задачу паказаць тыя моманты, якія так і не здарыліся, тыя абставіны, у якіх на самай справе павінны былі пражываць сваё жыццё героі фотагісторый: за любімым заняткам, у коле сям'і, сяброў, займаючыся дробнымі бытавымі праблемамі.

На адкрыцці Максім Сарычаў распавёў пра свой праект, падзяліўся перажываннямі і шкадаваннем, што серыя партрэтаў працягвае папаўняцца і праца над праектам яшчэ не скончана.

stolen_days_30.11.2016_3.jpg
Максім Сарычаў, аўтар фотапраекта "Скрадзеныя дні"

Падзякаваў за падтрымку выставы Валанцёрскай службе "Вясны", кіраўніцтву Музея ахвяраў генацыду, а таксама сябрам: Вользе Бычковай, Насце Лойцы, Юліі Дарашкевіч.

На адкрыцці выступіў адзін з герояў праекта Аляксандр Курэц, а таксама былы палітвязень Мікалай Дзядок - беларускія хлопцы, якія падвяргаліся рэпрэсіям і непасрэдна знаёмыя з праблемай палітычна матываваных арыштаў у Беларусі.

stolen_days_30.11.2016_5.jpg
Адзін з герояў праекта Аляксандр Курэц

Цырымонію адкрыцця вёў дырэктар музея - Эўгеніюс Пейкшцяніс.

stolen_days_30.11.2016_6.jpg
Дырэктар Музея ахвяраў генацыду Эўгеніюс Пейкшцяніс

Сама выстава размясцілася ў адной з былых камер некалі будынку КДБ, а цяпер Музея ахвяраў генацыду. Размяшчэнне работ у гэтым антуражы вельмі сімвалічна і спалучаецца з ідэяй самога праекту.

У працах Максіма Сарычева пануе асаблівая атмасфера: тут няма дынамікі, заклікаў да барацьбы за справядлівасць, матывацыі для супраціву; кожны герой знаходзіцца ў сваім звычайным асяроддзі, займаючыся звыклымі справамі, з якіх складаецца жыццё. Аднак, ведаючы гісторыю гэтых людзей і іх дзейнасць, літаральна за кожнай фатаграфіяй хаваецца хісткасць гэтых спакойных будняў.

"У маім праекце ёсць два героя: грамадзянская супольнасць і сілавыя механізмы ўлады. Менавіта рэпрэсіўная механіка ўлады задае выбар герояў праекта, яна фармуе іх гісторыі, якія выцякаюць з персанальнага вопыту сутыкнення з турэмнай і праваахоўнай сістэмамі. Мне толькі застаецца працаваць з гэтым вопытам і падзеямі, рабіць іх бачнымі, указваць на праблемныя зоны", - распавёў аб праекце Максім Сарычаў.

Выставу Максіма Сарычава «Скрадзеныя дні» можна будзе наведаць да 12 сакавіка 2017 года. Уваход па квіткам музея.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства