viasna on patreon

Міхаіл Жамчужны адбыў у ШЫЗА пяць сутак і, верагодна, зараз зноў утрымліваецца там

2016 2016-12-02T14:43:53+0300 2016-12-02T14:58:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhamchuzhny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

З ліста палітвязня Міхаіла Жамчужнага праваабаронцы Таццяне Рэвяка стала вядома, што перасцярогі адносна ягонага магчымага змяшчэння ў ШЫЗА спраўдзіліся - з 21 па 26 лістапада ён правёў у штрафным ізалятары пяць сутак. Афіцыйнай нагодай для пакарання адміністрацыя калоніі назвала “спробу ўцёкаў”.

Пакаранне было звязана з падзеямі, якія адбыліся ноччу 16 лістапада. У барак, дзе спаў Міхаіл Жамчужны, зайшлі два супрацоўніка ПК №14 і ўбачылі на ніжнім ярусе ягоных нараў сумку з рэчамі, якая належала асуджанаму, які вызваліўся і пры вызваленні пакінуў свае рэчы іншым зняволеным. Аднак супрацоўнікі калоніі вырашылі скарыстаць гэтую сітуацыю, каб абвінаваціць Жамчужнага ў парушэнні, а дакладней – у “спробе ўцёкаў”, хаця прыналежнасць сумкі і рэчаў палітвязню не пацвердзілася.

Рашэнне аб накіраванні ў ШЫЗА Міхаілу Жамчужнаму агучвалі тры падпалкоўнікі і начальнік калоніі. Пры гэтым, адыходзячы ад падставы для пакарання, зафіксаванай дакументальна, на словах было сказана, што палітвязень мусіць перастаць абскарджваць у суды вынесеныя спагнанні. Па словах Міхаіла Жамчужнага, ён адказаў, што ў сувязі з узростам і тэрмінам зняволення ён ведае, што “заехаў у адзін канец” і не збіраецца нікуда ўцякаць. Дадаў нават з гумарам, што ў калоніі яму “нават падабаецца: рэгулярнае харчаванне, бясплатнае медабслугоўванне”. “Яны ўтрох ад нечаканасці нават усталі”, - піша Міхаіл Жамчужны.

У ШЫЗА Міхаіл Жамчужны, па ягоных словах, трапіў упершыню ў жыцці, хаця да гэтага цалкам адбыў 5 гадоў пазбаўлення волі. Ён адзначае, што ўмовы ўтрымання пакінулі пазітыўнае ўражанне: будынак новы, чысты, санвузел у добрым стане, ацяпленне працуе, відэакамер няма.

У лісце палітвязень паведаміў пра спробы адміністрацыі настроіць супраць яго іншых зняволеных: пакуль ён знаходзіўся ў ШЫЗА, аператыўнікі праз спецыяльна навучаных асуджаных распаўсюджвалі ў калоніі чуткі, нібыта ён скандаліст і піша ў інтэрнэце інфармацыю пра жыццё зняволеных. “Але яны не ўлічылі той факт, што я свае лісты даю чытаць іншым асуджаным і ўзгадняю з імі ўсю інфармацыю, якая ідзе на волю. Зняволеныя рэзка асудзілі гэтыя інтрыгі, паведамілі мне пра крыніцы і спынілі гэтую прапаганду”, - адзначае Жамчужны.

Падчас ізаляцыі Жамчужны даведаўся, што на 25 лістапада было прызначана судовае паседжанне ў судзе Барысаўскага раёна. Але якая скарга разглядалася –  не паведамлялася, таму на дадзены момант невядома, па якой скарзе на ўмовы ўтрымання было прынята рашэнне суда і з якім вынікам. 

У сваім лісце Жамчужны таксама паведаміў, што з 29 лістапада ён, верагодна, зноў апынецца ў ШЫЗА – на гэты раз разам з іншым зняволеным, з якім яны нібыта гучна размаўлялі ў сектары, хоць ні ў КВК, ні ПУР такога парушэння як “гучныя размовы” няма. Магчыма менавіта там ён зараз і знаходзіцца.


Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства