viasna on patreon

FIDH папярэджвае пра небяспеку канстытуцыйнага рэферэндуму

2016 2016-12-06T15:47:55+0300 2016-12-06T15:53:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fidh_logo_new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародныя праваабаронцы нагадваюць, што стабільнасць Канстытуцыі з'яўляецца найважнейшай умовай ўстойлівасці законнасці і захавання правоў і свабодаў чалавека ў краіне.

Пра гэта гаворыцца ў Рэзалюцыі FIDH аб правядзенні рэферэндуму па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю Кыргызскай Рэспублікі.

Сябры Міжнароднага праўлення FIDH выказваюць заклапочанасць пагаршэннем сітуацыі з правамі і свабодамі ў Кыргызстане і лічаць, што маючы адбыцца рэферэндум па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю Кыргызскай Рэспублікі акажа негатыўнае ўздзеянне на дэмакратычныя прынцыпы дзяржавы, у прыватнасці на прынцыпы вяршэнства закона, падзелу ўладаў, незалежнасць судовай улады і на правы і свабоды чалавека.

“Стабільнасць Канстытуцыі - найважнейшая ўмова развіцця дзяржавы і ўстойлівасці рэжыму законнасці, а таксама гарантый захавання правоў і свабодаў чалавека. Аднак улады Кыргызстана ініцыявалі правядзенне рэферэндуму, у парушэнне існуючага мараторыя на ўнясенне змяненняў у Канстытуцыю КР да 2020 года”, - падкрэсліваюць праваабаронцы.

Нягледзячы на меркаванне, выказанае ў незалежным прававым аналізе юрыстамі сяброўскай арганізацыі FIDH "Прававая Клініка "Адылет", а таксама на сумеснае заключэнне экспертаў БДІПЧ АБСЕ і сябраў Венецыянскай камісіі, правядзенне рэферэндуму па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю Кыргызскай Рэспублікі прызначана на 11 снежня 2016 года.

На думку міжнародных экспертаў, без шырокіх публічных дыскусій і рэкамендацый з боку навуковых колаў, грамадзянскай супольнасці і грамадзянаў краіны сама ініцыятыва правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму небяспечная і нясе ў сабе патэнцыйныя рызыкі для мірнага і дэмакратычнага развіцця.

Праўленне FIDH заклікае ўлады Кыргызстана да наступных крокаў:

- Прыслухацца да шматлікіх грамадзянскіх ініцыятываў, якія заклікаюць да прыпынення правядзення рэферэндуму;

- Як мага хутчэй стварыць нацыянальную пляцоўку для сумеснага дыялогу па палітычных рэформах;

- З мэтай аналізу Канстытуцыі 2010 года і для дасягнення грамадскага і палітычнага кансенсусу аб неабходнасці паправак да Канстытуцыі, падтрымаць скліканне Канстытуцыйнай Нарады, без дыскрымінацыі і звужэння палітычнай прасторы для ўдзелу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці КР.

Праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Кыргызскай Рэспублікі» быў унесены ў парламент КР 23 верасня 2016 года і выклікаў рэзкую крытыку праваабарончай супольнасці краіны.

Адзначым, што ў 2016 годзе некалькі дзяржаў адзначыліся правядзеннем альбо планамі па ўнясенні паправак у Канстытуцыю, што, на думку міжнароднай супольнасці, выклікана жаданнем узмацніць аўтарытарны характар кіруючых рэжымаў. У ліку гэтых краінаў - Таджыкістан, Азербайджан, Кыргызстан, Турцыя. У Беларусі ў канцы лістапада Ліберальна-дэмакратычная партыя абвесціла ініцыятыву па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю з мэтай павелічэння тэрміну паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. Але пытанне аб тым, ці супадзе ініцыятыва ЛДП з планамі Лукашэнкі, пакуль застаецца адкрытым, лічаць аналітыкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства