viasna on patreon

“Пры сабе мець сякеры”. Што адкажа Лагойская пракуратура наконт прымусовай працы ў раёне?

2016 2016-12-07T10:41:16+0300 2016-12-07T11:30:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/uborka_lesopolosy_v_logoyske4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суботнік па прыборцы лесапалосаў на Лагойшчыне. Фота TUT.BY

Суботнік па прыборцы лесапалосаў на Лагойшчыне. Фота TUT.BY

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч накіраваў у пракуратуру Лагойскага раёна скаргу з нагоды арганізацыі выканкамам “суботніка” па ачыстцы лесапалосаў для супрацоўнікаў 21 прадпрыемства. Выкарыстанне “грамадскіх працаў”, як высветлілася, з’яўляецца звычайнай практыкай мясцовых уладаў. 

Пра незаконнае распараджэнне Лагойскага райвыканкама праваабаронца даведаўся з публікацыі інтэрнэт-партала TUT.BY, у рэдакцыю якога чытач і даслаў фота дакумента.

Як вынікае з распараджэння, 1 снежня працаўнікі 21-й дзяржустановы мусілі прыняць удзел у санітарнай ачыстцы лесапаласы. Як засведчыў відавочнік, выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Павел Саўко асабіста правяраў наяўнасць людзей пасля абеду, каб тыя не разбегліся.

Разнарадка Лагойскага райвыканкама па ачыстцы лесапалосаў. Фота чытача TUT.BY
Разнарадка Лагойскага райвыканкама па ачыстцы лесапалосаў. Фота чытача TUT.BY

Другі чытач TUT.BY распавёў, што добраахвотна-прымусовыя працы ў Лагойскім раёне не рэдкасць:

“Сёлета ўсё пачалося з традыцыйных вясновых суботнікаў. Аднак кіраўніцтва раёна пайшло далей. Усё лета і частку восені супрацоўнікі дзяржустаноў працавалі на ўзвядзенні статуі Маці Божай у райцэнтры - штодня прыбіралі прылеглую тэрыторыю. Потым пачалася падрыхтоўка да "Дажынак". Кожны дзень людзі насілі і разраўноўвалі зямлю. Потым выпаў снег, і за два дні да "Дажынак" людзей прымусілі яго прыбіраць, прычым не з тратуараў, а з усёй тэрыторыі, каля якой будзе праводзіцца свята. Уначы снег выпаў зноў, пасля чаго было прынята рашэнне проста разроўніваць зямлю, што людзі добрасумленна і зрабілі”.

Новы загад па ўборцы лесапалосаў мужчына пракаментаваў з абурэннем:

“Чаму людзі зімой вымушаныя працаваць (за яўку асабістую адказнасць нясе кіраўнік арганізацыі), чым займаюцца спецыяльныя службы, якія павінны выконваць гэтыя працы і самае галоўнае, хто атрымлівае за гэта грошы?”

Толькі таму, што “дарожнікі самі не справяцца”, як вынікае з адказу Паўла Саўко, які прыкрыўся загадам “зверху”:

“1 снежня людзі адпрацоўвалі за суботу - гэта як суботнік у нас па рашэнні Мінскага аблвыканкама. Было даручэнне правяраць яўку пад асабістую адказнасць начальнікаў арганізацый, - распавёў ён. І дадаў: “Зімой свежае паветра, толькі за радасць пагутарыць і папрацаваць! А скардзяцца толькі тыя, хто нічога не робіць па працы і нічым не дапамагае ў грамадскай дзейнасці. Гэта ж прыгажосць нашага раёна, Лагойск - гонар краіны, разыначка, сюды замежнікі прыязджаюць - усё павінна быць прыбрана”.

У звароце ў Лагойскую раённую пракуратуру Валянцін Стэфановіч нагадвае, што прыцягненне да працы супрацоўнікаў прадпрыемстваў раёна насуперак іх волі і з прычыны таго, што “Лагойск – гонар краіны, куды прыязджаюць іншаземцы”, сведчыць “пра мабілізацыйны характар такой працы ў мэтах эканамічага развіцця раёна” і з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Бо паводле артыкула 13 Працоўнага кодэкса, прымусовая праца, у тым ліку, як метад мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця, забараняецца. Артыкул 20 Працоўнага кодэкса кажа, што наймальнік не мае права патрабаваць ад працаўніка выканання працы, неабумоўленай працоўнай дамовай, а выключэннямі могуць быць выпадкі, пералічаныя ў артыкуле 33 кодэксу. Ні санітарная ачыстка лесапаласы, ні правядзенне “Дажынак”, відавочна, не ўваходзяць у гэты пералік і не з’яўляюцца працоўнай неабходнасцю, канстатуе праваабаронца.

Разам з тым ён указвае і шэраг ратыфікаваных Беларуссю міжнародных дамоваў, якія забараняюць выкарыстанне прымусовай працы - Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а таксама Канвенцыю Міжнароднай арганізацыі працы аб ліквідацыі прымусовай працы.

У сувязі з гэтым, Валянцін Стэфановіч просіць правесці пракурорскую праверку па ўказаным у СМІ паведамленні і, пры ўстанаўленні фактаў парушэння законнасці і правоў грамадзянаў у Лагойскім раёне, прыняць меры па адмене незаконных распараджэнняў выканаўчых органаў улады, прыцягнуць вінаватых да адказнасці ды прадухіліць падобныя парушэнні ў будучым.

Зыходзячы з шэрагу паведамленняў СМІ пра прыцягненне да прымусовай працы жыхароў Маладзечанскага, Вілейскага, Лагойскага раёнаў,  праваабаронца робіць выснову наконт сістэмнага характару гэтай з’явы, пра што паведамляе ў аналагічным звароце ў Мінаблвыканкам.

“Такога кшталту дзеяннямі некаторыя кіраўнікі мясцовых выканаўчых органаў улады наносяць значную шкоду міжнароднаму іміджу Рэспублікі Беларусь, падрываюць і так невысокі давер грамадзянаў да дзеючай улады ў цэлым”, – падкрэслівае ён, звяртаючыся да кіраўніцтва вобласці.

Нагадаем, што патрабаванне да ўладаў Беларусі аб адмене прымусовай працы і забяспечэнні належнай абароны правоў працоўных з’яўляецца адным з асноўных з боку Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН і Камітэта па нормах і стандартах МАП, куды праваабаронцы “Вясны” і FIDH накіроўвалі сумесны тэматычны даклад “Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі”. Аднак беларуская дзяржава ігнаруе пастаянныя заклікі экспертаў сістэмы ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства