У Бабруйску прэзентавалі кнігу пра дысідэнта Міхася Кукабаку
У Бабруйску прэзентавалі дакументальную кнігу, прысвечаную легендарнаму беларускаму дысідэнту Міхасю Кукабаку. Кніга „Міхась Кукабака” – гэта зборнік артыкулаў, інтэрв’ю і лістоў славутага савецкага іншадумца. Па інфармацыі Радыё Рацыя, праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначыў пад час прэзентацыі, што яшчэ ў часы яго студэнцтва Міхась Кукабака стаў прыкладам супраціву сістэме:
– Ён сваім лёсам даказваў, што беларусы ў тыя гады таксама супраціўляліся таталітарнай сістэме. Яны цярпелі за гэта, як і цярпеў спадар Міхась.
За сваю актыўную пазіцыю Міхась Кукабака больш за шаснаццаць гадоў правёў у турмах ды псіхіатрычных лякарнях. Там ён дэманстраваў нязломнасць духу, ніколі не прасіў памілвання, не ішоў на патрабаванні ўлады. Былы палітвязень Міхась Кукабака, які прыехаў на радзіму для ўдзелу ў прэзентацыі, распавёў пра „кропку адліку” у сваёй грамадзянскай дзейнасці.
– Спачатку гэта былі спантанныя акцыі – лісты пратэсту. Сапраўдны, выразна выказаны, пратэст прагучаў з нагоды акупацыі Чэхаславакіі, і я хацеў, каб мой пратэст быў пачуты за межамі краіны.
Кніга „Міхась Кукабака” падрыхтаваная Праваабарончым цэнтрам „Вясна” ды Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці.
Міхась Кукабака — беларускі дысідэнт савецкіх часоў, аўтар публіцыстычных матэрыялаў, якія ў 1970-1980-я гады распаўсюджваліся праз самвыдат і замежныя радыёстанцыі; шматразовы палітычны вязень. За свае перакананні, адстойванне свабоды слова і распаўсюд Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ён 17 гадоў быў пазбаўлены волі. Жыве беларускі іншадумца Маскве.