viasna on patreon

Жодзіна: узбуджана крымінальная справа супраць турэмных медыкаў

2016 2016-12-14T09:49:54+0300 2016-12-14T09:55:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/igar_barbashynski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Барбашынскі. Фота "Новы час"

Ігар Барбашынскі. Фота "Новы час"

Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па факце смерці ў турме №8 г. Жодзіна жыхара Слуцка Ігара Барбашынскага. У апавяшчэнні, дасланым маці памерлага, паведамляецца, што справа ўзбуджаная па прыкмеце злачынства, прадугледжанага ч.2 арт 162 Крымінальнага кодэксу (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці  смерць пацыента).

Ігар Барбашынскі, справу якога аб злосным непадпарадкаванні, супраціве і збіцці супрацоўнікаў РАУС больш за месяц разглядаў суд Слуцкага раёна, раптоўна памёр 20 верасня ў Жодзінскай турме №8.

Гэтая нашумелая гісторыя пачалася яшчэ ў канцы сакавіка 2016 года, калі Ігар Барбашынскі разам з братам Іванам пасля наведвання начной кавярні былі затрыманы міліцыянтамі па дарозе дадому, абвінавачаны ў знаходжанні нецвярозым стане і дастаўлены ў медвыцвярэзнік.

Назаўтра да медвыцвярэзніка хлопцамі была выклікана хуткая медыцынская дапамога, якая адвезла іх у паліклініку. Рэнтгенздымкі паказалі паломку рабрын, таксама былі зафіксаваны шматлікія гематомы. Пасля таго як случчане напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб гвалтоўным нападзе і збіцці іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх узбуджана крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы, у чэрвені 2016 года, мужчыны былі арыштаваныя і да суда пасаджаны ў Жодзінскі следчы ізалятар.

Пры незразумелых абставінах адзін з братоў – Ігар – раптоўна памёр у турме.

Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта правёў па гэтым факце праверку, у ходзе якой вывучаліся абставіны смерці падсуднага і факты неналежнага выканання медыцынскiмi работнiкамi сваiх абавязкаў.

У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што ў перыяд з 18 жніўня па 16 верасня Ігар Барбашынскі неаднойчы скардзіўся на галаўны боль, страту прытомнасці, аглядаўся медыкамі хуткай медыцынскай службы, лекарамі медыцынскай часткі жодзінскай турмы, пераводзіўся ў медыцынскую частку турмы №8 для лячэння і назад у камеру. Увечары 16 верасня ў сувязі з пагаршэннем стану Ігар Барбашынскі быў шпіталізаваны ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы, дзе абследаваўся рознымі спецыялістамі.

Па выніках абследавання медыкі выставілі падсуднаму дыягназ - энцэфаліт неўдакладнённай этыялогіі, стан быў ацэнены як сярэдняй цяжкасці. Аднак, дактарамі было прынята рашэнне аб немэтазгоднасці працягу тэрапіі ва ўмовах аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, і Ігар Барбашынскі ўвечары 19 верасня быў пераведзены ў пульманалагічнае аддзяленне Рэспубліканскай бальніцы папраўчай установы «Турма №8» г. Жодзіна, дзе памёр каля шасці раніцы наступнага дня.

Ігар Барбашынскі, былы афіцэр, займаўся спортам, не скардзіўся на здароўе, таму родныя памёрлага запатрабавалі прызначэння дадатковай камісійнай судова-медыцынскай экспертызы, у якой паставілі перад экспертамі шэраг пытанняў, датычных незразумелага крытычнага пагаршэння здароўя, канчатковага дыягназу і прычын смерці.

Справу ўзялі на кантроль і юрысты Праваабарончага цэнтра “Вясна”, якія займаюцца маніторынгам умоваў утрымання і фактаў смерці ў месцах пазбаўлення волі.

Брат памёрлага, Іван Барбашынскі, пасля таго як правёў 6 месяцаў у СІЗА, 22 лістапада быў асуджаны Слуцкім раённым судом на 2 гады «хатняй хіміі» за супраціўленне работнікам праваахоўных органаў. Ён збіраецца абскарджаваць несправядлівы на яго думку прысуд.

Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі зняволеныя паміраюць па прычыне  неналежнага выканання турэмнымі медыкамі сваіх прафесійных абавязкаў. Так, суд Маскоўскага раёна Мінска 21 кастрычніка паставіў кропку ў крымінальнай справе па факце гібелі ў СІЗА №1 Мінска Ігара Пцічкіна. Фельчар медчасткі СІЗА Аляксандр Крылоў прызнаны вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента (ч. 2 арт 162 Крымінальнага кодэкса), і прысуджаны да двух гадоў і 10 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства