viasna on patreon

Прадпрымальнікам у другі раз адмовілі ў рэгістрацыі грамадскай арганізацыі

2016 2016-12-20T17:03:20+0300 2016-12-20T17:15:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/autuhovich-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Аўтуховіч. Фота Радыё Свабода.

Мікалай Аўтуховіч. Фота Радыё Свабода.

Як вынікае з афіцыйнага ліста мінюста, які сярод іншых заснавальнікаў атрымаў Мікалай Аўтуховіч, прычынай другой адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб’яднання стала абраная назва арганізацыі – «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”».

“Выкарыстанне ў дадзеным найменні слова “Камітэт” не адпавядае патрабаванням заканадаўства ў сувязі з тым, што дазваляе атаясамліваць дадзенае грамадскае аб’яднанне з органам (арганізацыяй), які ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы, напрыклад, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, што можа прывесці грамадзян і юрыдычных асоб да памылковага погляду адносна дзейнасці гэтага грамадскага аб’яднання”, - пазначана ў лісце Міністэрства юстыцыі.

Па якой прычыне чыноўнікі толькі пры другой спробе рэгістрацыі заўважылі, што абраная назва арганізацыі не адпавядае заканадаўству – невядома.

Акрамя таго, мінюстам пры правядзенні выбарачнай праверкі звестак аб заснавальніках грамадскага аб’яднання зноў было ўстаноўлена, што звесткі адносна месца працы некаторых заснавальнікаў не адпавядаюць рэчаіснасці, а таксама ў спісе не ўказаны хатнія тэлефоны асобных заснавальнікаў.

“Прадастаўленне ў рэгіструючы орган несапраўднага дакумента, а таксама неадпаведнасць назвы грамадскага аб’яднання патрабаванням заканадаўства з’яўляюцца падставамі для прыняцця рашэння аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб’яднання”, - прыходзіць да высновы мінюст.

Аднак, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае кожнаму свабоду аб'яднанняў, а абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка лічыць, што названыя ў рашэнні Міністэрства юстыцыі недахопы на пералічаныя вышэй адносіны не пасягалі і маглі быць ліквідаваны пры прадастаўленні дзяржаўным органам адтэрміноўкі ў рэгістрацыі для ліквідацыі недахопаў яшчэ пры першай падачы дакументаў для рэгістрацыі аб'яднання.

“У Беларусі, дзе крыміналізавана арганізацыя дзейнасці або ўдзел у дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, адмова ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання азначае пагрозу крымінальнага пераследу за ажыццяўлення свабоды асацыяцыі”, - адзначае праваабаронца.

Акрамя таго, у адпаведнасці з прынятымі на сябе міжнароднымі абавязкамі, Беларусь у асобе сваіх дзяржаўных органаў наадварот павінна ствараць умовы для ажыццяўлення грамадзянамі сваіх агульнапрызнаных правоў і свабодаў.

“Такім чынам, у наяўнасці працяг парушэння дзяржавай права ініцыятараў стварэньня грамадскага аб’яднання «Камітэта падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”», якое не замахваецца на ахоўныя інтарэсы дзяржавы і грамадзян”, - падкрэслівае Павел Сапелка.

Нагадаем, 18 кастрычніка Мінюст Беларусі адмовіў ў рэгістрацыі заснавальнікам «Камітэта падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”», спаслаўшыся на тое, што заснавальнікі падалі для рэгістрацыі несапраўдныя дакумэнты; знайшлі дробныя памылкі ў пададзеных дакументах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства