viasna on patreon

Жанна Пцічкіна дамагаецца кампенсацыі за смерць свайго сына

2017 2017-01-20T15:56:27+0300 2017-01-20T16:21:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zanna_ptichkina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Жана Пцічкіна, маці памерлага ў СІЗО Ігара Пцічкіна (фота Радыё "Свабода")

Жана Пцічкіна, маці памерлага ў СІЗО Ігара Пцічкіна (фота Радыё "Свабода")

Жанна Пцічкіна, маці загінулага ў СІЗА №1 Мінска Ігара Пцічкіна, падрыхтавала з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” пазоў у суд Заводскага раёна г. Мінска на кампенсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды.

Адказчыкам заяўленыя Дэпартамент выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці і Галоўнае ўпраўленне Міністэрства фінансаў па г. Мінску, трэцяй асобай выступае фельчар СІЗА Аляксандр Крылоў, які быў прызнаны вінаватым у смерці Ігара Пцічкіна і асуджаны на тры гады пазбаўлення волі.

Жана Пцічкіна і яе дачка Ірына Пцічкіна былі прызнаныя судом Маскоўскага раёна пацярпелымі па справе.

Маці загінулага палічыла, што матэрыяльная шкода звязаная з выдаткамі на пахаванне Ігара Пцічкіна і складае 6165,45 беларускіх рублёў з улікам інфляцыі. У гэтую суму ўключаецца труна, месца на могілках, выраб і ўсталяванне помніка з агароджай, а таксама дапамога спецыяліста ў галіне судзебнай медыцыны, які рабіў асобнае заключэнне аб прычынах смерці загінулага.

Маральную шкоду, якая была нанесена ёй смерцю сына, Жанна Пцічкіна ацэньвае ў 100 000 беларусіх рублёў.

“Я трымала рукі на яго змучаным целе, якому не далі спакою ні ў апошнія гадзіны жыцця, ні пасля смерці. Я аддала адбываць арышт у турму - пад апеку гэтай дзяржаўнай установы - свайго поўнага жыцця сына, якога мне павінны былі вярнуць пакараным і выпраўленным, але пры гэтым жывым і здаровым. Вярнулі спакутаванае, збітае, парэзанае цела.

Мне спатрэбілася прайсці трохгадовы шлях у пошуках праўды аб прычынах гібелі сына. Даведацца, што яго зноў даставалі з магілы; прачытаць бруд, які лілі на яго людзі ў пагонах; вывучаючы матэрыялы крымінальнай справы, прымаючы ўдзел у пасяджэннях суда, зноў і зноў я была вымушана ў думках прайсці разам з сынам па змрочных камерах СІЗА, пачуць крыкі ахоўнікаў, вытрымаць пабоі; ляжаць з ім, паміраючы, у нечалавечых пакутах без дапамогі медыкаў”, - адзначае жанчына.

Як доўга будзе пакутваць ад страты сына і як прызвычаіцца да думкі, што яго больш няма, Жанна Пцічкіна не ведае.

«Лепш бы сына мне вярнулі, а не грошы. Але раз сына не могуць вярнуць, то няхай хоць грашыма пакрыюць мае пакуты, каб была на могілкі магчымасць ездзіць і за магілкай даглядаць», - кажа маці Ігара Пцічкіна.

Аналагічную позву аб кампенсацыі маральнай шкоды падрыхтавала і сястра загінулага Ірына Пцічкіна.

Нагадаем, жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года ў камеры медчасткі ўстановы, дзе да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці.

Тры гады спатрэбілася ягонай маці Жанне Пцічкінай, каб з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства