viasna on patreon

Кіраўніцтва калоніі перашкаджае адвакату абараняць інтарэсы Міхаіла Жамчужнага ў судах

2017 2017-01-25T13:06:04+0300 2017-01-25T16:37:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhemchuzhnyj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны

Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны

Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №14 у Навасадах, паведаміў у лісце да праваабаронцы Таццяны Рэвяка аб тым, што начальнік калоніі адмаўляе ў завярэнні даверанасці адвакату для прадстаўлення інтарэсаў зняволенага ў судах пад час абскарджвання накладзеных спагнанняў.

Прычым, праблемы з афармленнем даверанасці для адваката працягваюцца ўжо амаль два месяцы, што не дазваляе паўнавартасна аказваць прававую дапамогу зняволенаму.

Нагадаем, што на ўсе накладзеныя на палітвязня спагнанні, былі пададзеныя скаргі ў суд Барысаўскага раёна, а некаторыя з іх ужо разглядаліся ў касацыйнай інстанцыі ў Мінскім абласным судзе. Але Міхаіл Жамчужны пры гэтым адзначае, што не ўся інфармацыя, датычная разгляду скаргаў, даводзіцца да яго адміністрацыяй калоніі.

Больш таго, немагчыма высветліць лёс яшчэ адной скаргі, якая папросту прапала. Яна падавалася адначасова разам з іншай скаргай, якую паспелі разгледзець суд Барысаўскага раёна і Мінскі абласны суд. 16 студзеня споўнілася два месяцы пасля падачы скаргаў. І да гэтага часу па другой скарзе ніякай рэакцыі зняволены не адчуў, што дазваляе меркаваць аб яе знікненні. 

Ён таксама паведамляе аб тым, што ў дачыненні да яго адміністрацыя калоніі выкарыстоўвае перадузятае стаўленне, прызначаючы дзяжурствы па некалькі дзён запар без аніякіх на тое падставаў (пазачарговае дзяжурства лічыцца своесаблівым спагнаннем зняволенаму). Так, у першай палове студзеня пазачарговыя дзяжурствы яму былі прызначаныя 5.01, 7.01 і 8.01. Пры гэтым, у камеры знаходзяцца некалькі зняволеных, і дзяжурствы, як правіла, размяркоўваюцца па чарзе. Вядома, што Міхаіл Жамчужны, які быў змешчаны 1 снежня на 3 месяцы ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), зараз пераведзены з адзіночнай камеры ў іншую, дзе знаходзяцца яшчэ трое асуджаных.

Нягледзячы на выканане М. Жамчужным усіх абавязацельстваў дзяжурнага ў адпаведнасці з распарадкам дня і абавязкамі дзяжурнага, прадстаўнік адміністрацыі прад’явіў яму прэтэнзію аб наяўнасці смецця ў сметніцы камеры. Разам з тым, самастойны вынас смецця з камеры зняволеным не прадугледжаны, паколькі асуджанаму забаронена пакідаць месца адбыцця пакарання, а за парушэнні такога парадку ён можа атрымаць спагнанне.

Стала таксама вядома, што як мінімум два лісты, адпраўленыя М. Жамчужным Таццяне Рэвяка ў студзені, не дайшлі да адрасату.  Палітвязень пры гэтым не быў праінфармаваны пра выняцце лістоў з перапіскі і аб прычынах такога рашэння. У сувязі з абмежаваннем права на перапіску Таццяна Рэвяка пісьмова звярнулася да начальніка калоніі па тлумачэнні.


Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства