viasna on patreon

Андрэй Бандарэнка абскарджвае спагнанні ў судзе

2017 2017-02-08T15:49:54+0300 2017-02-08T22:15:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bandarenka-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

8 лютага ў Магілёве ідуць адразу два працэсы ў сувязі з дысцыплінарнымі спагнаннямі з боку магілёўскай турмы №4 у дачыненні да Андрэя Бандарэнкі.

У дзесяць гадзін раніцы калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу Бандарэнкі на рашэнне Ленінскага раённага суда. Нагадаем, 19 снежня суддзя Тарасава пакінула ў сіле дысцыплінарнае спагнанне за адсутнасць дакладу падчас наведвання камеры супрацоўнікам турмы, а таксама за няякасна зробленыя канверты. Старшынствавала ў калегіі суддзя Ірына Маймусава, інтарэсы Бандарэнкі прадстаўляў адвакат Вадзім Мушынскі, паведамляе магілёўскі праваабарончы сайт mspring.online.

- Я хачу звярнуць увагу на тое, што ў рашэнні раённага суда не ўтрымліваецца ніякіх высноў адносна довадаў, якія былі ўказаны ў скарзе Бандарэнкі. Толькі прадубляваны нейкія нормы Крымінальна-выканаўчага кодэкса, прыведзены правілы распарадку турмы, пералічаны матэрыялы справы - і ўсё, - заявіў абаронца.

Мушынскі сказаў, што адміністрацыі турмы нічога не перашкаджала павесіць графік дзяжурства, як гэта зроблена ва ўсіх іншых камерах, перш чым ставіць у віну Бандарэнку адсутнасць дакладу.

- Акрамя таго, звычайна кантакт паміж зняволеным і кантралёрам адбываецца праз вакенца ў дзвярах, а тут супрацоўнік турмы ўвайшоў прама ў камеру, з-за чаго Бандарэнка разгубіўся. Звяртаю ўвагу на тое, што сам кантралёр нічога пра адсутнасць дакладу не сказаў. Толькі другі супрацоўнік, калі ўвайшоў у камеру, абвінаваціў зняволенага ў гэтым. Што тычыцца няякасных канвертаў, то там была сітуацыя, калі некалькі канвертаў проста трохі склеіліся паміж сабой. Гэта лёгка выправілі. Я лічу, у абодвух выпадках можна было абмежавацца прафілактычнай гутаркай, - выказаў свой пункт гледжання Вадзім Мушынскі.

Адвакат яшчэ раз папрасіў адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна, прызнаць правату Андрэя Бандарэнкі і зняць дысцыплінарнае спагнанне. Нягледзячы на довады, калегія адмовіла ў задавальненні скаргі.

Па словах Мушынскага, ён разам з падабаронным абскардзіць гэтае рашэнне ў старшыні Магілёўскага абласнога суда.

У 14:40 ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пачынаецца разгляд іншай скаргі зняволенага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства