viasna on patreon

"Дармаед" супраць дзяржавы: чыя возьме? Дапоўнена

2017 2017-02-14T10:31:00+0300 2017-02-14T14:45:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gomel-sud-darmaedy-2017-02-14-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Перад пачаткам суду над "дармаедам" у Гомель 14 лютага 2017 года.

Перад пачаткам суду над "дармаедам" у Гомель 14 лютага 2017 года.

Сёння, 14 лютага, у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля пачаўся першы ў гісторыі Беларусі працэс, ініцыяваны жыхаром абласнога цэнтра, які патрапіў пад патрабаванні Дэкрэту №3 аб сацыяльным утрыманстве.

Адстойваць свае правы будзе 53-гадовы Аляксандр Сямёнаў з дапамогаю прававога інспектара незалежнага прафсаюза РЭП Леаніда Судаленкі. Ужо больш за месяц ён аказвае юрыдычную дапамогу і дапамагае складаць скаргі тым, хто атрымаў «лісты шчасця» з падатковай інспекцыі.

Праз суд Сямёнаў паспрабуе давесці, што праца з'яўляецца правам, а не абавязкам грамадзян.

 Аляксандр Сямёнаў, Гомель.

Леанід Судаленка распавёў сайту praca-by.info падрабязнасці гэтага працэсу.

– Да 2015 года гамяльчанін Аляксандр Сямёнаў доўгі час працаваў у Расіі, дзе ў яго быў свой бізнэс. Потым абставіны змяніліся, і ён вярнуўся ў Беларусь. У 2015 годзе Аляксандр жыў за раней заробленыя грошы. У яго ёсць аўтамабіль. У 2015 годзе ён заплаціў дарожны збор у памеры 1,5 мільёна рублёў, акрамя гэтага пастаянна аплачваў мабільную сувязь, уключаючы ПДВ. А яму заяўляюць, што ён не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Аляксандр абскардзіў патрабаванне аб выплаце падатку ў раённай і абласной інспекцыі і цяпер мы звярнуліся ў суд. Аляксандр Сямёнаў – член нашага прафсаюза, таму ён будзе заяўляць мяне сваім прадстаўніком. Справа тычыцца сацыяльна-эканамічных адносінаў, а паводле статуту прафсаюза РЭП абарона сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян – адна з асноўных мэт нашага прафсаюза. Спадзяюся, што мяне дапусцяць да ўдзелу, у адваротным выпадку мы будзем заяўляць аб парушэнні правоў члена прафсаюза на абарону.

 Перад пачаткам суду над

 Падтрымаць Аляксандра Сямёнава прыйшло каля 50 чалавек. Усе яны не змаглі патрапіць на працэс, паколькі не змаглі змясціцца ў судовай залі.

Вядзе рэпартаж Беларускае Радыё Рацыя:

У памяшканні суда – блогеры, зборшчыкі подпісаў супраць дэкрэта, журналісты. Прадстаўнікі падатковай выступаюць супраць вядзення відэаздымак.

Аляксандр Сямёнаў заявіў ў пачатку пасяджэння хадайніцтва, каб ягоныя інтарэсы ў судзе прадстаўляй сябра прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. Паколькі Сямёнаў напярэдадні ўступіў у незалежны прафсаюз, то хадайніцтва задаволілі.

Абстаноўка перад пачаткам суда была даволі нервовая. Людзі абураліся, што не хапіла ўсім месца. Аляксандр  Сямёнаў сумняецца ў пазітыўным выніку суда, але плануе прадаставіць доказы свайго ўдзела ў фінансаванні дзяржвыдаткаў.

Юрыст незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка хадайнічае аб тым, каб інспекцыя залічыла ў страхавы стаж для пенсіі суму збора на дзяржаўныя выдаткі, калі Аляксандр Сямёнаў заплаціць збор. Аплата, паводле так званага Дэкрэта аб дармаедстве, складае 20 базавых велічыняў. Аднак прадстаўнік падатковай інспекцыі Цэнтральнага раёну гаворыць, што не ў іх кампетэнцыі вырашаць пытанне наконт залічэння страхавога стажу. Таксама праваабаронца Леанід Судаленка хадайнічае далучыць да справы дакументы, якія пацвярджаюць, што Аляксандр Сямёнаў плаціў за зямлю. А таксама прапанаваў звярнуцца да мабільных аператараў, каб высвятліць, які падатак на даданую вартасць заплаціў гамяльчук пры карыстанні тэлефонам. Падатковая інспекцыя выступіла супраць такой прапановы, каб не перагружаць мабільныя аператары лішняй працай. Суд падтрымаў пазіцыю падатковай інспекцыі.

Наступнае паседжанне па справе аб «дармаедстве» прызначанае на 21 лютага. 

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля, па адрасе: вул. Пушкіна 10.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства