Amnesty International: Экстрадыцыяй блогера Лапшына Беларусь парушыла свае міжнародныя абавязальніцтвы
Amnesty International асуджае экстрадыцыю блогера Аляксандра Лапшына з Беларусі ў Азербайджан. Ён быў дастаўлены 7 лютага ў Баку, дзе быў неадкладна ўзяты пад варту. У Азербайджане яму пагражаюць катаванні, жорсткае абыходжанне і несправядлівы суд. Крымінальная справа супраць Аляксандра Лапшына павінна быць закрыта, а ён - неадкладна вызвалены, заявіла міжнародная праваабарончая арганізацыя.
Папулярны блогер Аляксандр Лапшын з'яўляецца грамадзянінам Расіі, Ізраіля і Украіны. Беларускія ўлады затрымалі яго 15 снежня 2016 года па запыце Азербайджана. У гэтай краіне супраць яго распачата справа па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса, 281.2 «Публічныя заклікі, скіраваныя супраць дзяржавы» і 318.2 «Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы», якія прадугледжваюць пакаранне да васьмі і пяці гадоў пазбаўлення волі адпаведна.
Пастанова аб экстрадыцыі Аляксандра Лапшына была выдадзена 17 студзеня, а 26 студзеня Мінскі гарадскі суд адмовіўся задавальняць яго скаргу на гэтае рашэнне. Аляксандр Лапшын абскардзіў яго ў Вярхоўным судзе Беларусі, аднак суд 7 лютага таксама вынес рашэнне не на яго карысць, і ўсяго праз некалькі гадзін яго экстрадавалі.
Абвінавачванні ў адрас Аляксандра Лапшына звязаныя з тым, што ў 2011-2012 гадах ён без дазволу азербайджанскіх уладаў наведваў Нагорны Карабах, які абвясціў незалежнасць ад Азербайджана, і крытыкаваў Азербайджан ў інтэрнэце.
Amnesty International не ведае іншых выпадкаў, калі ўлады Азербайджана дамагаліся б экстрадыцыі людзей, якія наведвалі Нагорны Карабах без іх санкцыі. Многія з тых, хто пабываў на гэтай тэрыторыі без дазволу азербайджанскіх уладаў, унесены Баку ў афіцыйныя чорныя спісы парушальнікаў, якім назаўжды забаронены ўезд у Азербайджан.
Amnesty International лічыць, што экстрадыцыя Аляксандра Лапшына і абвінавачванні, вылучаныя супраць яго, галоўным чынам звязаны з яго запісамі ў блогу, у прыватнасці з крытыкай на адрас азербайджанскага памежнага кантролю і сацыяльнай няроўнасці ў краіне. Абвінавачванне ў «публічных закліках, скіраваных супраць дзяржавы», беспадстаўныя з юрыдычнага пункту гледжання, пакольки на крытыку ў адрас азербайджанскіх уладаў у блогу ў поўнай меры распаўсюджваецца дзеянне права на свабоду выказвання меркаванняў. Што тычыцца крымінальных абвінавачванняў у незаконным перасячэнні мяжы, арганізацыя настойвае, што незаконны ўезд нельга кваліфікаваць як крымінальнае злачынства. Таму Amnesty International лічыць затрыманне Аляксандра Лапшына адвольным і патрабуе закрыць крымінальную справу, распачатую супраць яго. Яго варта неадкладна вызваліць.
Умовы ўтрымання Аляксандра Лапшына ў Беларусі ў СІЗА № 1 горада Мінска таксама выклікалі трывогу. Цяпер яму пагражаюць катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання пад вартай у Азербайджане. На працягу першых дзён, якія прайшлі з моманту прыбыцця Аляксандра Лапшына ў Баку і ўзяцця яго пад варту, яму не даюць звязацца з жонкай.
Amnesty International задакументавала мноства выпадкаў, калі людзей адвольна затрымлівалі за публічную крытыку і бесстароннія выказванні ў адрас азербайджанскіх уладаў і прыгаворвалі на несправядлівых працэсах да турэмных тэрмінаў, прычым часта пад вартай іх катавалі і жорстка з ім абыходзіліся. Улады Азербайджана нязменна адмаўляюцца расследаваць сцвярджэнні аб катаваннях і іншых відах жорсткага абыходжання, а азербайджанскія суды часта прымаюць «прызнанни», атрыманыя пад катаваннямі, у якасці доказаў.
Экстрадыцыяй Аляксандра Лапшына ў Азербайджан, дзе яму пагражаюць катаванні, жорсткае абыходжанне і іншыя парушэнні правоў чалавека, беларускія ўлады парушылі свае абавязальніцтвы ў рамках міжнароднага права ў галіне правоў чалавека.
Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, у якой гаворыцца, што «ні адна дзяржава не павінна высылаць, вяртаць («refouler») або выдаваць якую-небудзь асобу іншай дзяржаве, калі існуюць сур'ёзныя падставы меркаваць, што ёй можа пагражаць там прымяненне катаванняў».