АБСЕ: Для Беларусі актуальныя пытанні акрэдытацыі замежных журналістаў і прызнання фрылансераў
Дарадца офісу Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Айдар Батагараў, які браў удзел у працы канферэнцыі “Медыя Беларусі: выклікі і шанцы” адзначыў, што эксперты АБСЕ вядуць цесны дыялог з уладамі Беларусі ў галіне забеспячэння правоў журналістаў.
Адказваючы на пытанні Прэс-службы БАЖ, Айдар Батагараў адзначыў, што не ўсе пытанні атрымліваецца вырашыць, бо для гэтага патрэбная палітычная воля, якой, акурат, і не стае.
Напрыклад, пасля дыялогу з прадстаўнікамі БАЖ і Міністэрства ўнутраных спраў у 2014 годзе знізілася колькасці адвольных затрыманняў журналістаў. “Але такія выпадкі, на жаль, не зніклі цалкам”, — сказаў Батагараў.
— Чакалася, што ў канферэнцыі будзе ўдзельнічаць Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч. Але яна не прыехала. Ёсць версія, што візіт спадарыні Міятавіч не ўзгаднілі беларускія ўлады, гэта праўда?
— Скажам так. У спадарыні Міятавіч цяпер даволі шчыльны графік, бо ў яе хутка сканчваецца мандат. У кароткія тэрміны было складана арганізаваць яе візіт. Бо звычайна візіт у краіну суправаджаецца афіцыйнымі сустрэчамі, сустрэчамі з журналісцкай супольнасцю. У гэты раз у нас не было так шмат часу, каб узгадніць поўную праграму. Таму было вырашна адправіць мяне.
— Як бы вы ацанілі працу канферэнцыі?
— У мяне станоўчыя ўражанні ад удзелу ў канферэнцыі. Мне падабаецца адкрытасць журналістаў, экспертаў, якія тут выступалі. Канешне, былі некаторыя пытанні наконт удзелу дзяржаўных органаў. Хацелася б бачыць больш экспертаў з урадавых структур, каб яны маглі адказць на некаторыя пытанні, нешта праясніць. Добра, што прысутнічалі дэпутаты парламента, прыемна, што ёсць людзі, якія гатовыя выслухаць і кажуць, што пастараюцца паўплываць на вынік. Гэта важна, бо па любому пытанню заўсёды няма аднаго меркавання. Ёсць работа дзяржаўных органаў, міжнародных арганізацый, грамадзянскай супольнасці. Раз такая сітуацыя складваецца, значыць ёсць нейкія крокі да ўдасканальвання.
— Ці ахвотна ідуць на супрацу з офісам АБСЕ беларускія ўлады?
— У нас даволі цесны дыялог з беларускімі дзяржаўнымі органамі. Мы знаходзімся ў наўпроставай сувязі з Міністэрствам замежных спраў. Уся камунікацыя афіцыйная ў нас ідзе праз гэты орган. Калі мы бачым, што ёсць нейкія апасенні наконт заканадаўчых ініцыятыў, што будуць уплываць на працу журналістаў, медыя, то мы агучваем свае каментары, рэкамендацыі. Дзяржаўныя органы звычайна прымаюць гэта. У нас быў даволі станоўчы досвед працы з парламентам наконт закона аб абароне інфармацыі, інфарматызацыі. Іншае пытанне, што правапрымяняльная практыка не заўсёды адпавядае выкананню закона.
— Што, паводле вашых ацэнак, цяпер выклікае найбольшую занепакоенасць у медыясферы ў Беларусі?
— Цягам апошніх двух год неаднаразова ўздымалася пытанне наконт патрабавання ў беларускім закандаўстве акрэдытацыі для замежных журналістаў, а таксама наконт статусу журналістаў-фрылансераў. Прадстаўнік АБСЕ шматкроць указваў, што акрэдытацыя не мусіць быць дазволам на працу. Гэта — перадавы досвед краін-сябраў АБСЕ. Мы рабілі справаздачу летась і там таксама ўтрымліваліся рэкамендацыі на гэты конт. Было б добра, каб гэтае пытанне тут перагледзелі. Са свайго боку Бюро АБСЕ гатовае прадаставіць свой экспертны патэнцыял, напрыклад. Мы ведаем, што гэтая сітуацыя старанна адсочваецца ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Мы — міжурадавая арганізацыя і працуем на аснове мандата, які ўзгоднены Беларуссю. Першапачатковым узроўнем для супрацы ёсць намер самой дзяржавы. І многае залежыць ад палітычнай волі.