viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: «Змены залежаць не столькі ад тонкай праслойкі актывістаў, колькі ад сотняў тысяч людзей»

2017 2017-02-17T14:52:00+0300 2017-02-17T15:18:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki_doma.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі ў сваёй кватэры. Фота: gazetaby.com

Алесь Бяляцкі ў сваёй кватэры. Фота: gazetaby.com

У межах праекта «Раскадзіраваць Беларусь» старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі расказаў "Салідарнасці", чаму з аптымізмам глядзіць на нашу будучыню, калі пачнуцца змены да лепшага, і хто з’яўляецца галоўным тормазам развіцця Беларусі.

«Немагчыма, каб несвабодны народ бараніў сваю свабоду»

— Што (ці хто) перашкаджае беларусам жыць добра? Адны лічаць, што цэнтр зла – існуючы рэжым, хтосьці кажа, што трэба шукаць прычыну ў саміх беларусах і тых якасцях, якое мае наша грамадства. А што думаеце вы?

— Для мяне відавочна, што нашы праблемы маюць карані ў савецкім мінулым.  Паколькі я грамадскай дзейнасцю займаюся з 1981 года, то мне ёсць з чым параўнаць.

Вось так, як вы зараз шукаеце праўды, так і мы яе шукалі напачатку 80-х. Тады Беларусь у  грамадзянскім сэнсе нагадвала Сахару — амаль усё свабодалюбівае, беларускае было выпалена сталіншчынай ды камуністычным рэжымам. Толькі жоўты пясочак, на якім нічога не расло. А калі штосьці з дэмакратычнага, іншадумнага, нацыянальнага ўсё ж такі прабівалася, яно вельмі хутка вырывалася ўладамі.

Існаваў поўны кантроль над чалавекам і ягоным жыццём. Ты нараджаўся ў гэтым агульным стойле, жыў у ярме, не маючы нічога свайго, там цябе і паклалі, выдзеліўшы два заслужаных квадратных метры. Вось гэта толькі і было – тваё, і тое, далёка не для ўсіх.

У гэтай вялізнай несвабоднай краіне ты адчуваў сябе нікім і імя тваё было – ніхто. Як у турме. Нас усіх, нашых бацькоў і дзядоў білі пад сраку ды яшчэ прымушалі дзякуй крычаць.

У той жа час  фармальныя закарэлыя рамкі савецкай дзяржавы задавальнялі далёка не ўсіх. Мы ўжо школьнікамі зьбіраліся ў двары і слухалі розныя забароненыя галасы: ВВС, Радыё Свабоду, Голас Амерыкі. Гэта была свежая аддушына, голас з іншага сьвету, які паказваў, што існуе іншае грамадства.

Другі момант — нацыянальнае пытанне, якое таксама для мяне стала актуальным ужо у 9-10 класе. Я зацікавіўся беларускай літаратурай, палюбіў яе, зразумеў яе вартасць і глыбіню.  Для мяне было вялікай загадкай, чаму ў нас рускамоўныя школы, дзе роўнасць для беларускай мовы? А калі прачытаў Караткевіча, паўстала пытанне: чаму зараз з усім беларускім склалася так кепска?

Але мой прыклад, прыклад маіх блізкіх сяброў — гэта рэдкі выпадак. У  Беларусі было культурна-нацыянальнае дысідэнцтва як форма пратэсту, але ў абмежаваным стане. Большасць жа людзей жылі па тых канонах, якія ўсталявала кампартыя. Адзіны савецкі народ, межы ад Брэста да Курыл, агульнымі героямі былі Ленін, Сувораў, Гагарын і Пётр І.

— І такая сітуацыя была плюс-мінус ва ўсіх рэспубліках Савецкага Саюза. А сёння вынік розны.

— Тыя змены, якія ў нас пачаліся з канца 80-х гадоў, ішлі вельмі хутка і скончыліся ў 1994-м рэзкім адкатам. Тады як у той жа Украіне гэты перыяд дэмакратычнай трансфармацыі працягнуўся яшчэ на 25 гадоў — дзякуючы таму, што ў іх былі больш моцныя нацыянальныя сілы, большая цяга да еўрапейскіх каштоўнасцяў і Еўропы, нацыянальна арыентаваная ўлада.

З «Дзядоў» 1988-га і па прэзідэнцкія выбары 1994-га,  Беларусь мела толькі 5 гадоў, калі імкліва ішоў працэс дзяржаўнага і нацыянальнага станаўлення. Тады ў людзей масава адбывалася ўсведамленне такіх рэчаў, якіх раней у галовах нават не было: магчымасць жыць незалежна ад СССР і Расіі, не глядзець у рот Маскве, не прыніжацца, не прасіць дазволу на кожны чых, мець  сваё войска і межы.

Пабудова дэмакратычнай дзяржавы, развіццё прыватнага бізнэсу – гэтыя ўсе тэмы былі з разраду небяспечных і строга забароненых яшчэ  зусім нядаўна. Мы былі ўдзельнікамі і сведкамі гістарычнага пералому ў свядомасці беларусаў.

Выдатны прыклад: у 1987 годзе мае сябры «талакоўцы» павесілі бел-чырвона-белы сцяг над тэатрам оперы і балета — і ён спакойна правісеў тры дні. Ніхто на яго нават увагу не звяртаў, таму што людзі проста не ведалі, што гэта такое. Ні КДБ, ні міліцыя, ні начальства, ні адміністрацыя гэтага тэатра, ні проста мінакі. Мы смяяліся і паціралі рукі. Потым нехта ўсё ж заўважыў «крамолу», і сцяг знялі.

І гэта 1987 год! А ўжо ў 1991-м мы даспелі да незалежнасці і з бел-чырвона-белым сцягам, і з Пагоняй.

Тут вельмі паказальныя вынікі рэферэндуму за захаванне СССР, які праводзіў Гарбачоў у сакавіку  1991 года па ўсіх рэспубліках. Я не перакананы, але ўсё ж мяркую, што тады галасы яшчэ лічылі. І па гэтых лічбах вельмі добра бачна  нацыянальная спеласць падсавецкіх  народаў.

Уся Прыбалтыка, Грузія і Арменія ўвогуле адмовіліся ўдзельнічаць і сказалі, што гэта не наша гульня, мы і так незалежныя. Ва Украіне  змянілі пытанне рэферэндуму, і 70% грамадзянаў прагаласавала за незалежнасць.

А ў Беларусi толькі 16% прагаласавала за суверэнітэт.  Такая частка беларускага грамадства на пачатак 1991 года ўсведамляла незалежнасць Беларусі як каштоўнасць.

Затым падзеі пайшлі так хутка, што ўжо ў канцы 1991-га адбыліся Белавежскія пагадненні, і мы атрымалі поўную незалежнасць.

— Атрымліваецца, незалежнасць тагачасным беларусам збольшага была непатрэбная? І ў 1994 годзе людзі з радасцю прагаласавалі за чалавека, які па сутнасці паабяцаў адкруціць сітуацыю назад…

— Беларускае грамадства ў цэлым не было падрыхтаванае да такіх хуткіх змен.  Асабліва старое пакаленне беларускаў не разумела каштоўнасці незалежнасці і не было гатовае за яе ахвяраваць.

Чаму ў нас адбыўся адкат у 1994 годзе? Невысокая нацыянальная свядомасць мела галоўнае значэнне. Значную ролю адыграў да ўсяго яшчэ і эканамічны крызіс. Ахвярным казлом для ўсіх  аказаліся дэмакраты. Парадаксальная сітуацыя: партыйная наменклатура, якая рэальна кіравала краінай на той час, перавяла стрэлкі адказнасці на БНФ, які змагаўся ў апазіцыі, ды на Шушкевіча, які не меў вялікай улады ды і не хацеў тую ўладу мець.

Атрымалася, што для большай часткі народа ідэалагічна і псіхалагічна камфортна было вярнуцца ў той сэсэсэраўскі стан. Леглі на душу абяцанкі Лукашэнкі «адвесці народ ад прорвы», наладзіць «бяздарна панішчаныя» сувязі з Расіяй, фактычна ізноў адрадзіць Савецкі Саюз.

Мы прыйшлі да сваёй незалежнасці ў  недаспелым стане. Беларусы не выспелі як нацыя.  У 1930-х гадах беларуская інтэлігенцыя ў БССР была амаль уся выбітая. Тое самае адбывалася і ў Заходняй Беларусі, дзе беларусам не давалі магчымасць падымаць галаву, не было ні беларускіх гімназіяў, ні свайго ўніверсітэта. Пасля вайны ўлады актыўна праводзілі палітыку русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. З нас, як з той гліны,  ляпілі савецкі народ – без мовы, без гісторыі і без сваёй культуры.

Працэс фармавання беларускай нацыі, беларускага этнасу працягваецца фактычна да сённяшніх дзён. І гэта нягледзячы на тое, што палітыка і ідэалогія ўжо незалежнай дзяржавы, як гэта ні парадаксальна, была ўвесь час антынацыянальная, антыбеларуская. Параўнайце: у Мінску ў 1994 годзе ў беларускіх школах вучыліся больш за палову дзяцей, зараз – 1,5%. Гэта тое, што мы маем за 22 гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў нацыянальнай адукацыі.

Але працэс ідзе. І я не скажу, што мы топчамся на адным месцы. Не.

Ідзе дзякуючы каму?

— Дзякуючы самому факту існавання незалежнасці, існавання сваёй дзяржавы. Яна рэальна фармуе нацыю, фармуе народ.

У 80-я  гады мы ўсіх, хто гаварыў па-беларуску, хто хоць нешта рабіў для Беларусі, ведалі ў твар. Зараз для соцен тысяч, а можа і для мільёнаў людзей беларуская ідэя – гэта каштоўнасць.

Вось тая ж улада столькі гадоў арыентавалася на Расію — і чым усё скончылася?

— Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: з аднаго боку ўлада дастаткова антыбеларуская, дакладней абыякавая да нацыянальных каштоўнасцей, саўковая, і ў той жа час, паколькі яна  са сваіх кан’юнктурных мэт зацікаўленая ў захаванні суверэннай дзяржавы, яна спрыяе нацыянальнаму развіццю хаця б ускосна?

— Безумоўна. Я думаю, што і там, ва ўладзе, багата каго вось гэты 25-гадовы перыяд нашай незалежнасці развярнуў тварам да Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што, нават трымаючыся за  ўладу дзеля матэрыяльных інтарэсаў, прысмактаўшыся да дзяржавы, як п’яўкі да беларускага цела, гэтыя людзі тым не менш маюць разуменне агульнай каштоўнасці нашай незалежнасці.

Але для мяне таксама зразумела, што незалежнасць Беларусі будзе мець устойлівасць і перспектыву, калі яна будзе моцна звязана з дэмакратычнымі прынцыпамі пабудовы дзяржавы і грамадства. Бо немагчыма, каб несвабодны народ бараніў сваю свабоду. Калі гэтага няма, калі людзей трымаюць за масу, як было ў Савецкім Саюзе і ў нас зараз, калі людзям не давяраюць адказнасць за Беларусь, тады няма і падмурка для свядомай абароны сваёй дзяржавы.

Згадваюцца гістарычныя паралелі. Калі ў 1794 годзе Якуб Ясінскі падняў паўстанне  ў Вялікім княстве Літоўскім супраць расійскіх акупантаў, дык першае што было зроблена паўстанцамі – дадзеная свабода прыгонным сялянам. Неўзабаве войска паўстанцаў напалову вырасла за кошт сялянаў, касінераў,  якія адчулі грамадзянскую адказнасць за лёс Бацькаўшчыны і былі гатовыя ахвяраваць за яе жыццём.

— А ў сённяшнім стане наш народ гатовы бараніць сваю незалежнасць, калі такая неабходнасць узнікне?

— Гэта тое пытанне, на якое я не маю адказу. Колькі з 9,5 млн. беларусаў гатовыя выступаць за незалежнасць і хоць нечым дзеля яе ахвяраваць?

Мы разумеем, наколькі ілюзорная дзяржаўная сіла. Падзеі ў Крыме выдатна паказалі гэта. 90% сілавікоў, вайскоўцы, паліцыя, спецслужбы перайшлі на расійскі бок. Нехта выключна з меркантыльных інтарэсаў, бо там плацілі больш. Але самае галоўнае – не было разумення, што Україна гэта свая дзяржава, тая каштоўнасць, якую трэба абараняць.

А што маем мы? Фармальна незалежная Беларусь. Але на якім баку акажацца войска, спецслужбы, ня дай Бог? Яны сядзелі там у расійскіх акадэміях пяць гадоў за адной партай, пілі разам, гулялі, а зараз што, ваяваць будуць супраць адзін аднаго?

Інстытуцыяў, якія  па-сапраўднаму настроеныя бараніць Беларусь, мала. Вось чым павінен займацца Лукашэнка, калі хоча захавацца сам, хаця б на нейкі час, і захаваць дзяржаву. А пагрозы, на жаль, сталі рэальнасцю.

Жаданне расійскай палітычнай эліты ўзяць рэванш за развал Савецкага Саюза, мабыць, асноўнае, што ляжыць у аснове замежнай палітыкі Расіі. І найперш гэта пагражае  іншым постсавецкім краінам.

«Доўгі час людзей падкормлівалі проста з рукі і за гэта патрабавалі палітычную лаяльнасць»

— Ці згодны вы з амбасадарам Беларусі ў Кітаі Кірылам Рудым, які лічыць, што трэба раскадзіраваць грамадства, што наша развіццё тармозяць культурныя бар’еры: спажывецкія адносіны, прыярытэт роўнасці над багаццем, арыентацыя на савецкае мінулае, гігантаманія, матывацыя пагрозамі, ухіленне ад адказнасці і балючых рашэнняў.

— Багата пад чым з гэтага мы ўсе падпішамся. Гэта ўсё хібы постсавецкага грамадства і аўтарытарнай, персаніфінікаванай  ўлады. Менавіта постсавецкі кансерватызм мне бачыцца асноўнай праблемай, прычынай боязі чагосьці новага, пэўнай нерашучасці.

Зноў жа гістарычна можна зразумець, адкуль ідзе гэты страх. Яшчэ ў 80-я гады, калі мы маладыя займаліся беларускімі справамі, мая будучая цешча казала сваёй дачцэ: «Глядзі, па Сашу яшчэ прыедзе машына, забяруць і звязуць». Яны тады добра памяталі, як гэта было ў 30-я гады і пасьля вайны.

І гэтая боязь нікуды не падзелася, яна перайшла ў нашае грамадства. Улады працягваюць культываваць страх як метад кіраваньня людзьмі.

Урэшце, па вялікім рахунку, мая цешча і не памылілася. У 2011 годзе прыехалі, забралі і зьвезьлі на тры гады. Адзінае добра, што не ў Сібір.

— Але ці можна перамагчы гэты страх?

— Нам патрэбна добрая ўстраска. І яна можа адбыцца з-за эканамічнага крызісу. Ёсць пэўная мяжа, да якой людзі церпяць, але потым ужо гэтае цярпенне сканчаецца, і страх адступае.

Нацыянальныя, духоўныя ці іншыя каштоўнасці важныя толькі для пэўнай часткі грамадства, не ўсе гатовыя за іх ахвяраваць. Але калі пустая лядоўня і няма чаго есці, тады людзі пачынаюць больш актыўна адстойваць свае правы. Зараз мы бачым пэўную актыўнасць па пытанню «дармаедства». Гэта закранула шмат каго, цэлы слой людзей.

Але ўлада хітра робіць. Яна заўсёды ставіць на большасць, прыціскаючы меншасць. Гэта датычыць  і палітычнай сітуацыі, і нейкіх эканамічных пытанняў.

— Аднак калі скласці гэтыя меншасці, якія прыціскала ўлада 20 з нечым гадоў, атрымаецца даволі вялікая частка насельніцтва. Забралі ільготы ў чарнобыльцаў, потым пенсійная рэформа, прадпрымальнікі, «дармаеды», дэмакратычная супольнасць...

— Людзі ж атрымлівалі не толькі негатыў, але і пазітыў. Калі ў іх штосьці забралі, то штосьці і далі, напрыклад, ільготныя крэдыты, і яны куплялі сабе кватэры, машыны. То бок гэты працэс ішоў не ў адзін бок. Улады заўсёды імкнуліся знаходзіць сацыяльныя пернікі і размяркоўваць сярод значнай часткі людзей, дзякуючы чаму і мелі падтрымку.

Што ты мог 5 гадоў таму сказаць чалавеку, які будаваў хату за ільготны крэдыт, і ў якога дзеці за 500 даляраў заробку працаваць не хацелі? Даволі доўгі час людзей падкормлівалі проста з рукі і за гэта патрабавалі палітычную лаяльнасць, заплюшчваць вочы на парушэнні правоў і свабод.

Зараз эканамічная сітуацыя змянілася, Лукашэнку прыходзіцца прымаць непапулярныя рашэнні і ў грамадстве рэзка вырасла незадаволенасць палітыкай уладаў. Людзі шукаюць адказу на пытанні: хто вінаваты і што рабіць?

— Ці не падаецца вам, што адна з такіх фундаментальных прычын  таго, што мы маем, гэта дэфіцыт салідарнасці паміж беларусамі.

— І тут нічога новага. Яшчэ Гавел пісаў, што галоўная задача камуністычнай улады ў Чэхаславакіі ў 70-я гады была аддзяліць грамадскае жыццё ад прыватнага. Даць магчымасць людзям жыць і займацца сваімі справамі, але з умоваю не ўлазіць у справы дзяржаўныя: мы будзем кіраваць, а вы будуйце хаты, жаніціся, развадзіцеся, купляйце, што можаце купіць.

Атамізаванае, дысперснае грамадства, замкнёнае на сваіх праблемах, не звязанае паміж сабой сацыяльнымі ніткамі, — гэта мара любой аўтарытарнай улады.

Праблема з нерэгістрацыяй грамадскіх арганізацый, якая ў нас існуе, — выразная лакмусавая паперка. У нас грамадскіх арганізацый у 10 разоў менш на душу насельніцтва, чым у нашых суседзяў палякаў ці ўкраінцаў. Гэта зроблена, каб не ствараліся грамадскія сувязі любога кшталту.

А яшчэ Гавел пісаў, што для таго, каб запалохаць грамадства, аслабіць людскую салідарнасць, неабавязкова ў турме трымаць тысячу чалавек — дастаткова пасадзіць 5-7. Гэта дакладна наша сітуацыя.

«Хочаш змяніць мазгі — змяні гісторыю»

— Але з усяго гэтага вынікае, што праблема ўсё ж ва ўладзе. Зменіцца яна – і што, беларусы будуць ўжо іншыя?

— Улада — гэта ж пэўная сістэма бюракратыі. Яна нараджае сабе падобных. Таталітарная сэсэсэраўская ўлада зараз перайшла ў больш лёгкі беларускі варыянт, стаўшы аўтарытарнай, але ўсё роўна яна імкнецца захавацца ў той форме, якая ёсць.

На сёньня, я перакананы, беларускае грамадства перарасло кансерватызм беларускіх уладаў і асабіста Лукашэнкі. Але няма механізмаў для трансфармацыі.

Я ўжо казаў, што эканамічныя цяжкасці могуць прывесці да сур’ёзных змен. Як гэта было на пачатку 90-х гадоў. Рэзкае павышэнне коштаў вывяла людзей на плошчу пад эканамічнымі лозунгамі. Але праз дзве гадзіны на плошчы з’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі і загучалі палітычныя лозунгі з патрабаваннямі змяніць уладу. Палітызацыя пратэсту адбылася імгненна і на вачах.

Пэўныя ўмовы для змен у грамадстве існуюць. Аднак гэта залежыць не столькі ад тонкай праслойкі актывістаў, колькі ад сотняў тысяч людзей, ад таго, наколькі яны гатовыя пратэставаць і адстойваць дэмакратычныя змены ў грамадстве.

— Нам трэба пачакаць, калі людзі самі выйдуць на плошчу, а потым несціся туды са сваімі бел-чырвона-белымі сцягамі? Бо зараз атрымліваецца, што мы наадварот спрабуем дапамагчы людзям прыстасавацца да сітуацыі, дапамагаем, як з тымі ж лістамі для «дармаедаў», паменшыць гэтую незадаволенасць жыццём, тым самым адцягваючы іх актывізацыю?

— Я не думаю, што «дармаеды» стануць тым рашаючым рухавіком і зменяць нашу сітуацыю. Ёсць розныя варыянты зменаў. Напрыклад, як у Лацінскай Амерыцы, дзя адбылася перадача ад аўтарытарнай улады да дэмакратыі. Яны найбольш прывабныя, канешне. Але без пэўнага ціску грамадства на ўлады гэта немагчыма.

Іншая справа, што не хацелася б, каб гэта адбывалася па гвалтоўным сцэнары. Бо сілавое супрацьстаянне прыносіць такія надломы і раны для грамадства, якія цяжка залячыць нават наступнымі рэформамі і станоўчымі зменамі. Але кожны народ сам выбірае свой шлях.

Класічная сітуацыя: у Празе ў канцы 80-х выйшаў мільён людзей на плошчу, а праз тыдзень улада ўжо перайшла да дэмакратычнага ўраду. Гэтага ніхто зусім не чакаў. Але быў і румынскі варыянт, калі на загад уладаў была пралітая кроў людзей, і дыктатара Чаўшэску расстралялі без суда.

З другога боку, шмат гавораць і пра тое, што верагоднымі зменамі можа скарыстацца Расія. Над гэтым трэба думаць. Але я мяркую, што цвёрдая ўзважаная пазіцыя дэмакратычных сілаў пры такім суседзе, які мае свае палітычныя інтарэсы ў Беларусі, дае нам шанс дамагчыся поспеху.

— А дзе гарантыя, што беларусы з тымі савецкімі ўстаноўкамі, якія ў іх так ашчадна песціла гэтая ўлада, зноў не абяруць сабе новага Лукашэнку?

— Так, частка кансерватыўнага грамадства, на якую абапіраўся Лукашэнка ўвесь гэты час, нікуды не падзелася. Звычайна гэта людзі прарасійска настроеныя, з невялікіх гарадоў, з невысокім узроўнем адукацыі, савецкага кансерватыўнага выхавання. Ці мала мы чулі, стоячы на мітынгах: «Сталіна на вас не хапае»?  

Жаданне моцнай рукі ў пэўнай часткі наша грамадства застаецца. І з гэтым нам жыць. Трэба ўлічваць гэта і імкнуцца знаходзіць паразуменне. З аднаго боку, прапаноўваючы і падтрымліваючы еўрапейскі шлях развіцця для дэмакратычна настроеных людзей, а з другога, не адразаючы тую частку грамадства, якая не гатовая да змен.

Вось такая складаная задача. Я думаю, што яшчэ наступную чвэрць стагоддзя мы будзем жыць у гэтай няпростай сітуацыі падзелу беларускага грамадства.

Але галоўнае, мы павінны не разувервацца, не складаць рукі, не пераключаць свае высілкі з грамадскіх інтарэсаў на прыватныя. Бо гэта тое, чаго хацела б ад нас улада.

Лукашэнка не раз  заяўляў раней: не падабаецца — з’язджайце за мяжу, я тут буду з тымі, хто мяне падтрымлівае. Зараз ён, праўда, гэтага не кажа, бо мабыць разумее, што ўяўляюць яго прыхільнікі, і ўзровень іх інтэлекту ды патрыятызму.

Таму нам трэба набірацца трываласці і працаваць.

— Рабі, што мусіш, і няхай будзе, што будзе?

— Будзе ўсё добра. Адназначна. Нягледзячы на тыя цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся – Лукашэнка з ягонай бяздарнай камандай,  значная частка грамадства, арыентаваная на цвёрдую руку, — мы ўсё адно ідзем наперад.

Калі мы вытрываем яшчэ гадоў 10, то павярнуць назад ужо будзе цяжка.

Так, багата ў каго сёння каша ў галаве. Але ж у 80-х у галовах увогуле амаль нічога не было. Калі ж закладзеныя пазітыўныя веды і вопыт, калі чалавек тым ці іншым чынам падрыхтаваны да зьменаў, тады значана прасцей  рухацца наперад.

Праца мусіць ісці праз культурныя акцыі, праз падручнікі, праз асвету і вольнае слова, урэшце праз эканоміку. Апошнія два гады ўлады зразумелі, што для грамадскіх ініцыятываў трэба, прынамсі, даць калі не зялёнае, дык хоць жоўтае святло. Запатрабаванне ёсць. Гляньце, які фурор выклікала апошняя прэзентацыя кнігі «Айчына» Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава, людзі стаялі ў чэргах па беларускамоўную кнігу!

Хаця ёсць і іншыя прыклады. Прачытаў, што з падручнікаў выкраслілі раздзел пра сталінскія рэпрэсіі. Улады нявечаць гістарычную памяць. Просты спосаб: хочаш змяніць мысленне — змяні гісторыю. На жаль, сённяшняя афіцыйная версія гісторыі – гэта ў пэўным сэнсе адбітак уяўленняў Аляксандра Рыгоравіча пра лёс Беларусі.

Але ўсё не безнадзейна.  Як казаў Ніл Гілевіч, перажылі лета гарачае, перажывем і г… сабачае.

У нашай гісторыі за апошнія 100 гадоў былі такія адчайныя, здавалася б, безнадзейныя сітуацыі, што, здаецца, усё, гамон… Але ж, дзякуючы самаахвярнасці нашых папярэднікаў, неяк выходзіла на лепшае.

Трэба больш рабіць для Беларусі, у розных накірунках, але з адзінай мэтай – мець вольную, дэмакратычную і заможную Беларусь. Вось тады ўсё у нас будзе добра.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства