viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Марш абураных беларусаў” Фота

2017 2017-02-18T13:48:01+0300 2017-03-06T17:19:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/17-02-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя “Марш абураных беларусаў” 17 лютага 2017 года.

Акцыя “Марш абураных беларусаў” 17 лютага 2017 года.

17 лютага 2017 года ў Мінску праходзіла акцыя “Марш абураных беларусаў”.

Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). Удзельнікамі не выкарыстоўваліся заклікі да гвалтоўных дзеянняў, адсутнічала зброя.
  2. Было немагчыма ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі. Гэты факт перашкаджае высветліць, хто з’яўляецца ўдзельнікамі, а хто не; якія супрацоўнікі праваахоўных органаў і за што адказныя; застаюцца незразумелымі іх функцыі; а таксама немагчыма вызначыць да якога супрацоўніка міліцыі звяртацца ў экстрэннай сітуацыі.
  3. Вялікая прысутнасць супрацоўнікаў міліцыі ў цывільнай вопратцы не гарантавала якаснае выкананне імі пазітыўных абавязкаў па рэалізацыі права грамадзян на мірныя сходы. Так, яны не стварылі бяспечны і суцэльны пераход праз перакрыжаванні, а таксама не ахоўвалі найбольш уражлівыя групы дэманстрантаў, на якія мог адбыцца напад контр-дэманстрантаў, ці іншых удзельнікаў акцыі. Напады на групу анархістаў да таго ж, верагодна, маглі быць і з боку саміх праваахоўных органаў у цывільным, на што ўказвае спецыфічны знешні выгляд нападнікаў, людзі з рацыямі і пасіўнасць іншых супрацоўнікаў міліцыі. Звяртаем увагу, што згодна Кіраўніцтву БДІПЧ АБСЕ “Правы чалавека і забеспячэнне правапарадку падчас публічных сходаў”, распрацаванага спецыяльна для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, асноўныя прынцыпы аховы правапарадку падчас публічных сходаў наступныя: валоданне інфармацыяй, садзейнічанне, камунікацыя і дыферэнцыяваны падыход да ўдзельнікаў сходаў.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

10 лютага 2017 года арганізатары маршу падалі паведамленне ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт ад Афнагеля Яўгена Ігаравіча, Някляева Уладзіміра Пракопавіча і Статкевіча Мікалая Віктаравіча аб тым, што плануюць правесці “Марш абураных беларусаў” ад Кастрычіцкай плошчы з 18:00. У папярэджанні не быў пазначаны маршрут руху і кантактная інфармацыя арганізатараў, а таксама плануемая колькасць удзельнікаў.

У той жа час сама працэдура паведамлення з’яўляецца агульнапрынятай і дазвольнай практыкай па рэалізацыі права на мірныя сходы. 

Інфармацыя пра марш шырока агучвалася ў інтэрнете, сацыяльных сетках, а таксама праз папяровыя аб’явы.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 17 лютага 2017 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 9 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

Акцыя “Марш абураных беларусаў” 17 лютага 2017 года.

Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

- Массавае мерапрыемства адбывалася 17 лютага з 17:40 да 19:20. З 17:30 праходзіў збор удзельнікаў на Кастрычніцкай плошчы. У 18.00 колькасць удзельнікаў складала не менш за 2 000 чалавек. У 18:30 калона рушыла па сігналу арганізатараў уздоўж праспекта да плошчы Незалежнасці, да будынку Міністэрства па падатках і зборах. У калоне рухалася не менш 2 500 чалавек. Арганізаторы заклікалі людзей рушыць на чырвонае святло і звярталіся да супрацоўнікаў ДАІ, але апошнія разрывалі рух калоны на светлафорах. Канчаткова калона апынулася на плошчы Незалежнасці у 18:45. Асобнай калонай з барабанамі рухалася па плошчы Незалежнасці група анархістаў са сцягамі і 2 расцяжкамі.  У 19:15 удзельнікі пачалі разыходзіцца групамі рознай колькасці чалавек.

- Вялікая частка актыўных удзельнікаў шэсця была з прыкрытамі тварамі, у масках, шаліках і павязкамі на тварах.

- Напачатку руху калоны каля метро “Кастрычніцкая” адзін з актывістаў запаліў фаер.

- Колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў вызначаецца больш складана праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так, супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было зафіксавана не менш 6 чалавек на скрыжаваннях па ходу калоны. Не менш 50 чалавек – у цывільнай вопратцы з адметнымі прыкметамі: рацыямі, навушнікамі. У тым ліку прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСа былі ў цывільнай вопратцы без апазнавальных знакаў. Не менш за 6 чалавек вялі відэаздымку на партатыўныя ручныя камеры.

Акцыя “Марш абураных беларусаў” 17 лютага 2017 года.

- Каля 18:15 каля выступоўцаў на Кастрычніцкай плошчы адбылася сутычка, падчас якога аднаго чалавека ўдзельнікі вывялі з натоўпу з крыкамі “правакатар”.

- Калі пачатак калоны падышоў да пераходу пад “Макдональдсам”, Мікалай Статкевіч у мегафон агучыў просьбу супрацоўнікам міліцыі забяспечыць праход людзей па 2 паласах праезжай часткі, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным у адказ перакрывалі сабой выхад з ходніка сцэпкай, каб людзі не выходзілі на дарогу, чым стварылі цісканіну. Супрацоўнікі міліцыі загадалі ісці ўсім у пераход, а на меркаванне араганізатараў пра небяспеку, не рэагавалі. Пасля цісканіны Статкевіч прапанаваў удзельнікам ісці ў пераход, але быць асцярожнымі. 

Акцыя “Марш абураных беларусаў” 17 лютага 2017 года.

- У 19:10-19:20 да калоны анархістаў агрэсіўна чаплялася жанчына. Якая пераблытала іх з “бандэраўцамі” – тузала за верх расцяжкі, крычала на іх, адмахвалася фатапаратам. Пасля славеснай перапалкі яе адвялі ўбок. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным назіралі за інцыдэнтам і не ўмешваліся.

Акцыя “Марш абураных беларусаў” 17 лютага 2017 года.

- Адзначаны яшчэ адзін інцыдэнт. У 19:25 двое людзей спартовага целаскладу вырвалі ў актывістаў з рук анархічны сцяг недалёка ад дома па вуліцы Савецкай, 17 і збеглі за вугал (назіральнікі валодаюць відэаматэрыялам). Каля 19:30 група анархістаў спрабавала сесці ў 115 аўтобус на прыпынку “Пл. Незалежнасці”. Супрацоўнік міліцыі з рацыяй у цывільным выйшаў на праезжую частку перад аўтобусам і не даваў яму крануцца з месца, у гэты ж час некалькі супрацоўнікаў у цывільным пачалі выцягваць з аўтобуса, штурхаць актывістаў і нанасіць удары ў адвольным парадку. Пачалася сутычка, у выніку якой большая частка анархістаў вымушаная была выйсці з аўтобуса. Яны перамясціліся на сярэдзіну плошчы, дзе невядомая асоба вырвала ў іх з рук складзеную расцяжку “Слезай с шеи, государство”. Пасля гэтага група каля 15 анархістаў узяліся ў сцэпку, перайшлі праз падземны пераход на іншы бок дарогі і з’ехалі на бліжэйшым аўтобусе без перашкодаў.

Акцыя “Марш абураных беларусаў” 17 лютага 2017 года.

Акцыя “Марш абураных беларусаў” 17 лютага 2017 года.

Акцыя “Марш абураных беларусаў” 17 лютага 2017 года.

- Прысутнічала не менш 20 прадстаўнікоў СМІ, якія актыўна здымалі акцыю на фота і відэа, размаўлялі з удзельнікамі.

- Адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору на асабістым і грамадзкім транспарце; адсутнічалі перашкоды ў працы СМІ; адсутнічалі перашкоды ў працы назіральнікаў.

- Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў не зафіксавана.

- Былі заўважаны расцяжкі з наступным зместам: расцяжка «Баста!», “Хто тут галоўны дармаед? Прэзідэнт!”, расцяжка з 2 фігамі і подпісам “Вось вам, а не падатак”, “Слезай с шеи, государство”, “Тунеядцы всех стран соединяйтесь!”, плакат “Галоўныя дармаеды ў Драздах”, “ плакат “Вусаты дармаед! Калі ты ўжо лопнеш?!” з выявай, плакат “Дарма хапугамі і бюракратамі яны на вачах ў нас раслі, краіну і народ абкрадалі, як яблыньку штодня траслі”, плакат з чорнай рукой, сціснутай у кулак, на белым фоне. Было 3 рондалі, у якія грукалі ўдзельнікі. У калоне анархістаў было 8 барабанаў і прыладаў.

- Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі, 2 сцягі РЭПа, 1 сцяг з сімволікай анархстаў на чорным фоне, 1 сцяг Эўразвязу,  каля 10 сцягоў анарха-камуністаў (чорна-чырвоны).

- Выкарыстоўваліся наступныя лозунгі: “Жыве Беларусь!”, “Нет!”, “Конституция”, “Салідарнасць”, “Сыходзь”, “Не дэкрэту №3”, “Не бойцеся”, “Свабоду”, “Лукашенко – нет! Диктатуре – нет!”, “Долой Лукашенко”, “Свободу народу!”, “Лукашенко – дармоед”, “Нет Качановой, Лукашенко, Кобякову”, “Імперыі – не, Беларусі – так”, “Незаконным поборам – Баста!”, “Незаконной власти – Баста!», «Хлеба, солі, зямлі, волі”, “Уходи”, “В отставку!”.

Рэкамендацыі

Арганізатарам:

* У паведамленні аб правядзенні акцыі пазначаць таксама маршрут руху, плануемую колькасць удзельнікаў, сваю кантактную інфармацыю для ўзгаднення аховы масавага мерапрыемства;

* Спрыяць больш кампактнай лакалізацыі ўдзельнкіаў праз прыпыненні руху, арганізацыю дружыны і іншыя меры.

* Па магчымасці загадзя ўзгадняць магчымасць бесперашкоднага руху з супрацоўнікамі міліцыі.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

* у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

* забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні са спыненнем руху транспартных сродкаў.

Субьектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства