viasna on patreon

У Гомель на “марш недармаедаў” прыйшло некалькі тысяч чалавек Фота

2017 2017-02-19T14:39:54+0300 2017-02-19T14:40:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marsh_darmaedau_gomel_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марш недармаедаў у Гомелі. Фота Радыё "Рацыя"

Марш недармаедаў у Гомелі. Фота Радыё "Рацыя"

У Гомелі адбылася пратэстная акцыя супраць дэкрэта «Аб сацыяльным утрыманстве», перадае радыё "Рацыя". На «Марш недармаедаў» прыйшло каля 2 тысяч чалавек. Калі дэкрэт не скасуюць, гамельчукі плануюць выйсці зноў на акцыю пратэсту 25 сакавіка.

13.15 Акцыя скончылася.

Арганізатары далі ўладам час – да 25 сакавіка адмяніць дэкрэт №3. Калі дэкрэт не скасуюць, гамельчукі маюць намер выйсці на Дзень Волі ў яшчэ большай колькасці. Таксама арганізатары заклікаюць падтрымаць гамельчука Аляксандра Сямёнава, які судзіцца з падатковай інспекцыяй супраць Дэкрэта №3. Суд адбудзецца 21 лютага а 15.00.

13.13

Праваабаронца Леанід Судаленка заклікае прысутных прыйсці 21 лютага на суд да Аляксандра Сямёнава, які судзіцца супраць дэкрэта «Аб сацыяльным утрыманстве». «Калі прыйдзе хаця б палова з прысутных, дэкрэт будзе адменены», —гаворыць юрыст незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. Удзельнікі акцыі распавядаюць, што напярэдадні акцыі іх на працы папярэджвалі не хадзіць на «Марш недармаедаў». Аднак гамельчукі ўсё роўна прыйшлі на марш.

13.10

Міліцыі на плошчы практычна не бачна, калі не лічыць супрацоўнікаў ДАІ. Супрацоўнікі праваахоўных органаў не перашкаджаюць праводзіць акцыю. Людзі скандуюць не толькі сацыяльны лозунг «Не дэкрэту №3!», але і палітычны: «Сыходзь!». «Мы прыйшлі з пачуцця салідарнасці. Накіпела», — гавораць прысутныя, многія з якіх маюць працу. Людзей абурае не толькі Дэкрэт №3, удзельнікі акцыі ўзгадваюць і пра адмененыя чарнобыльскія ільготы, і пра несправядлівую судовую сістэму, і немагчымасць знайсці работу.

12.55

На трыбуне каля помніка Леніну — намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, грамадскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых (які неаднаразова затрымліваўся за надпіс на вопратцы «За Беларусь без Лукашэнкі»), відэаблогер Максім Філіповіч, праваабаронца Алесь Яўсеенка.

На акцыі прысутнічаюць людзі рознага ўзросту, беспрацоўныя і тыя, хто мае працу. Многія адзначаюць, што прыйшлі на акцыю ўпершыню.

12.40

На Плошчы Леніна сабраліся каля 2 тысяч чалавек. Людзі ўсё яшчэ падыходзяць. Выступаюць палітыкі і грамадскія актывісты. Прысутныя скандуюць: «Не дэкрэту №3, Лукашэнка — ухадзі!», а таксама «Жыве Беларусь!».

12.15

Працэсія з бел-чырвона-белымі сцягамі рушыла да Плошчы Леніна. Людзі скандуюць сацыяльныя лозунгі і патрабуюць чыноўнікаў, адказных за прыняцце дэкрэта, пайсці ў адстаўку. Палітык Уладзімір Кацора адзначае, што такой колькасці чалавек на акцыях пратэсту не было з часоў перабудовы.


Гомельскі гарвыканкам забараніў акцыю супраць дэкрэта «Аб сацыяльным утрыманстве», аднак аргкамітэт па правядзенні маршу абураных беларусаў вырашыў усё роўна праводзіць пратэстную акцыю, спасылаючыся на канстытуцыйнае права грамадзян на мірныя сходы. Напярэдадні «Маршу недармаедаў» у сацыяльных сетках распаўсюджваліся заклікі выйсці на плошчу Паўстання а 12-й дня нягледзячы на забарону ўладаў.

Таксама «Маршы недарамаедаў» плануецца правесці 19 лютага ў Гародні і Магілёве:

Гародня, Савецкая плошча, 14:00 Заяўка РЭП і АГП на правядзенне маршу ў Гародні таксама не была задаволеная, тым не менш на сайце Абʼяднанай грамадзянскай партыі зʼявіўся заклік прыходзіць на акцыю.

Магілёў, вуліца Ленінская, 29, 12:00 Збор прызначаны на вуліцы Ленінскай, 29 (побач з рэстаранам «Валебана»). Пасля старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў прапануе ўсім незадаволеным разам прагуляцца па пешаходнай вуліцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства