Дзмітрыем Тарасюком зацікавіліся праваахоўныя органы
Да жыхара Пінска Дзмітрыя Тарасюка, які патрабуе спыніць трансляцыю расейскіх СМІ, наведаліся праваахоўнікі.
Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, яго звінавацілі ў распаўсюдзе нацысцкай сімволікі ў інтэрнэце і забралі кампутар на праверку. Самаго пінчука дапыталі і адпусцілі, а вось маёмасць паабяцалі вярнуць пасля адпаведных працэдур.
Тарасюк упэўнены, што гэта звязана з яго зваротамі супраць агрэсіўнай палітыкі расейскіх СМІ ў дачыненні да гісторыі і дзяржаўнасці Беларусі. Пінчук кажа, што працягне барацьбу з расейскай прапагандай:
– Варта заяўляць сваю пазіцыю, мы – грамадзяне гэтай краіны. Нам і нашым дзецям жыць тут. Якой мы пабудуем нашу будучыню, такой яна і будзе. У сеціве вельмі шмат агіднага пішуць пра беларусаў.
Нагадаем, што жыхар Пінска Дзмітрый Тарасюк звярнуўся ў Мінінфармацыі, КДБ і Берасцейскі абласны выканкам з патрабаваннем абмежаваць трансляцыю расейскіх СМІ у Беларусі. Ён адзначыў канкрэтныя каналы і перадачы, якія дазваляюць сабе зневагу ў дачыненні да нашай краіны.