Libereco: У Беларусі праз год пасля адмены санкцый - ніякіх паляпшэнняў у сітуацыі з правамі чалавека
Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco, якая пачала маніторынг сітуацыі ў Беларусі з першых дзён адмены санкцый Еўрасаюза, працягвае сваю справу па пашырэнні на прасторы ЕС інфармацыі пра становішча правоў чалавека ў нашай краіне. Арганізацыя прадставіла агляд сітуацыі з нагоды гадавіны адмены санкцый.
Беларусь праз год пасля адмены санкцый: ніякіх паляпшэнняў сітуацыі ў галіне правоў чалавека
Год таму, 15 лютага 2016 года, Савет па замежных справах ЕС прыняў рашэнне адмяніць большасць санкцый у дачыненні да Беларусі. Гэтаму рашэнню папярэднічала скарачэнне знешніх праяваў рэпрэсій у Беларусі пачынаючы з лета 2015 года, у тым ліку вызваленне палітычных зняволеных і адносна мірнае правядзенне прэзідэнцкіх выбараў. У той час як агрэсіўная знешняя палітыка Расіі і, як вынік, нестабільнасць ва Украіне застаюцца сур'ёзнай праблемай для ЕС, Беларусь спрабуе быць вітрынай стабільнасці і памяркоўнасці ў рэгіёне. Маніторынг, які ажыццяўляўся беларускімі і замежнымі праваабарончымі НДА, паказвае, аднак, што праз год сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму застаецца змрочнай.
Абапіраючыся на інфармацыю праваабарончай арганізацыяй “Вясна”, Libereco - Партнёрства па правах чалавека праводзіла маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі на працягу першых 100 дзён пасля адмены санкцый. У дакладзе пад назвай “100 дзён вяршэнства права ў Беларусі” апісваліся змены ў галіне свабоды сходаў, слова і асацыяцыі, смяротнага пакарання, гвалту з боку міліцыі і беспакаранасці яе супрацоўнікаў. Аўтары даклада прыйшлі да высновы, што аптымізм з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не апраўданы. Рэпрэсіі працягваліся, хоць яны і мелі менш прыкметныя формы. Палітычна матываванае турэмнае зняволенне і буйнамаштабны гвалт у адносінах да дэманстрантаў сталі менш распаўсюджанымі, але штрафы, якія абмяжоўваюць права на правядзенне мірных сходаў, павялічыліся ў шэсць разоў. Прымяненне смяротнага пакарання яшчэ больш павялічылася за перыяд маніторынгу. Чарговы смяротны прысуд, вынесены ў дзень адмены санкцый, прадэманстраваў адсутнасць зацікаўленасці з боку Беларусі ў паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека. Праз год пасля гэтага многія тэндэнцыі, бачныя ў першыя 100 дзён, даказалі сваю жыццядзейнасць на бліжэйшую перспектыву.
Тэндэнцыі працягваюцца: істотнае павелічэнне выкарыстання смяротнага пакарання і штрафаў
Павелічэнне прымянення смяротнай кары ў апошняй еўрапейскай краіне, якая прымяняе гэты від пакарання, выклікае сур'ёзную заклапочанасць. За першыя пяць месяцаў 2016 года да смерці было асуджана і расстраляна больш людзей, чым за ўвесь 2015 г. “Зачыстка” камеры смяротнікаў у лістападзе 2016 года, якая скончыла жыццё трох зняволеных, і яшчэ два смяротныя прысуды зрабілі 2016 год самым смяротным пачынаючы з 2008-га.
Паглыбілася тэндэнцыя замены гвалту і турэмнага зняволення менш бачнымі сродкамі рэпрэсій. У сваім аналітычным аглядзе за 2016 год “Вясна” прыйшла да высновы, што год быў адзначаны амаль сяміразовым ростам памеру штрафаў за ажыццяўленне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў, што ў агульнай суме склала 484 выпадкі. Пры тым, што штрафы з'яўляюцца менш суровым пакараннем, чым гвалтоўныя затрыманні або арышты, выказванне меркавання або публічныя сходы ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца вельмі праблематычным і рызыкоўным пытаннем.
Не палепшылася павага да свабоды слова і асацыяцыі. Працягнуліся штрафы незалежным журналістам і перашкоды пры выкананні іх прафесійных абавязкаў. Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі, аштрафаваны і арыштаваны некалькі разоў на працягу года, з'яўляецца найбольш наглядным прыкладам практыкі, скіраванай на перашкады незалежнай журналістыцы. Акрамя таго, у 2016 годзе не была зарэгістраваная ніводная незалежная грамадская асацыяцыя, што сведчыць пра адсутнасць свабоды асацыяцыі. Гэта датычыць і самой “Вясны”: з таго часу, як улады адмовілі ёй у рэгістрацыі ў 2003 годзе, арганізацыя вымушана дзейнічаць на мяжы законнасці.
Хоць, пачынаючы з 2015 года, выкарыстанне гвалту прыкметна знізілася на карысць менш бачных формаў рэпрэсій, працягваюцца выпадкі гвалту з боку міліцыі. Яскравым прыкладам была справа мінскага педыятра Дзмітрыя Серады, у кватэру якога ў жніўні 2016 года ўварваліся супрацоўнікі міліцыі; сам ён быў збіты і затрыманы. Пасля таго, як першапачатковае падазрэнне ў здзяйсненні негвалтоўнага злачынства аказалася неабгрунтаваным, Серада быў вызвалены без прад'яўлення абвінавачванняў, але толькі пасля таго, як правёў дзень і ноч у турме без ежы і з страсеннем мозгу. Той факт, што скаргі, датычныя абыходжання з ім, былі двойчы адхіленыя, сведчыць пра шырока распаўсюджаную беспакаранасць міліцыі ў Беларусі. У выніку, аднак, у студзені 2017 года пракуратура г. Мінска распачала крымінальную справу ў дачыненні да аднаго супрацоўнікаў унутраных спраў.
Новыя выпадкі палітычнага пераследу
Значнае зніжэнне маштабаў палітычна матываванага пазбаўлення волі з лета 2015 года не прывяло да поўнага спынення палітычнага пераследу. 2016 год быў адзначаны шэрагам выпадкаў палітычна матываванага зняволення або прымусовага псіхіятрычнага лячэння. Праваабаронца Міхаіл Жамчужны і пенсіянер Аляксандр Лапіцкі застаюцца ў зняволенні, у той час як блогер Эдуард Пальчыс, а таксама актывіст анархісцкага руху і ўдзельнік акцыі “Крытычная маса” Дзмітрый Паліенка, атрымалі ўмоўныя тэрміны. Уладзімір Кондрусь, які быў арыштаваны ў чэрвені 2016 года па абвінавачванні ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас поствыбарнага пратэсту ў снежні 2010 года, быў прысуджаны да 1,5 года абмежавання волі і прымусовага амбулаторнага псіхіятрычнага лячэння.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Кондруся, Жамчужнага і Лапіцкага палітычнымі зняволенымі.
У сваім аналітычным аглядзе “Вясна” кажа пра “адсутнасць сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае паляпшэнне сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў краіне”. Нягледзячы на больш прыхаваныя формы рэпрэсій, а таксама дамінуючую пазіцыю Расіі і Украіны ў парадку дня Захаду, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае заслугоўваць грамадскай увагі.