viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў гадавой справаздачы Amnesty International

2017 2017-02-22T15:01:19+0300 2017-02-22T15:18:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/annual_report_ai.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выйшала гадавая справаздача Amnesty International, у якой задакументава становішча правоў чалавека на працягу 2016 года ў 159 краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Падрабязная інфармацыя – у перакладзе Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

У Беларусі захоўваліся сур’ёзныя абмежаванні права на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду асацыяцый і свабоду мірных сходаў. Улады па-ранейшаму адмаўляліся ад супрацоўніцтва са Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Прынамсі чатыры чалавекі былі расстраляныя і яшчэ чатыры чалавекі асуджаныя да вышэйшай меры пакарання.

Палітычны і эканамічны кантэкст

28 лютага ЕС адмяніў усе санкцыі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асобаў у Беларусі, за выключэннем чатырох былых службовых асобаў, якія падазраюцца ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў, учыненых у 1999-2000 гадах.

1 ліпеня адбылася дэнамінацыя беларускага рубля, у выніку чаго нацыянальная валюта страціла чатыры нулі. Гэты крок стаў адказам на працяглы эканамічны спад, часткова выкліканы крызісам у Расіі, якая з’яўляецца галоўным гандлёвым партнёрам Беларусі.

У ліпені быў працягнуты яшчэ на адзін год мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі, які быў створаны Саветам па правах чалавека ААН у 2012 годзе.

У верасні адбыліся парламенцкія выбары, якія прайшлі на фоне жорсткіх абмежаванняў працы незалежных сродкаў масавай інфармацыі і дзейнасці палітычнай апазіцыі. У новы склад парламента былі абраныя ўсяго два прадстаўнікі палітычнай апазіцыі.

24 кастрычніка была прынятая першая ў гісторыі Беларусі нацыянальная стратэгія па правах чалавека. У ёй акрэсленыя заканадаўчыя рэформы, ніводная з якіх не прадугледжвае вырашэнне пытання смяротнага пакарання, але абяцае “разгледзець” магчымасць далучэння Беларусі да Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і стварэння нацыянальнага інстытута па правах чалавека.

Смяротнае пакаранне

18 красавіка быў расстраляны Сяргей Іваноў, нягледзячы на разгляд яго справы ў Камітэце па правах чалавека ААН. Гэта быў першы расстрэл з лістапада 2014. 5 лістапада былі расстраляныя Сяргей Хмялеўскі, Іван Кулеш і Генадзь Якавіцкі. Смяротныя прысуды ў Беларусі, як правіла, прыводзяцца ў выкананне ў абстаноўцы сакрэтнасці і без апавяшчэння сям'і расстралянага. 4 кастрычніка Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю Сяргея Вострыкава. На момант напісання даклада Вострыкаў чакаў вынікаў разгляду просьбы аб памілаванні, накіраванай на адрас прэзідэнта. Пачынаючы з 1994 года, з больш чым 400 просьбаў аб памілаванні было задаволенае ўсяго адно прашэнне.

Свабода выказвання меркаванняў

Заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі па-ранейшаму сур'ёзна абмяжоўвала права на свабоду выказвання меркавання і па сутнасці захоўвала кантроль уладаў у медыясферы. Журналісты, якія працуюць у замежных СМІ, па-ранейшаму былі абавязаныя мець афіцыйную акрэдытацыю, працэдура атрымання якой або празмерна зацягвалася, або заканчвалася адвольнымі адмовамі.

У студзені у Бранску быў затрыманы палітычны блогер Эдуард Пальчыс, які на той момант знаходзіўся ва Украіне і быў вядомы сваімі крытычнымі публікацыямі пра беларускія і расійскія ўлады. Ён быў заключаны пад варту расійскімі ўладамі, а 7 чэрвеня экстрадзіраваны ў Беларусь, дзе ён таксама быў змешчаны пад варту. 28 кастрычніка ён быў прызнаны вінаватым у “распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай нянавісці” і “распаўсюдзе парнаграфіі”. Суддзя прызначыў пакаранне без пазбаўлення волі, улічыўшы папярэдняе зняволенне, і пастанавіў вызваліць падсуднага ў зале суда. Слуханні па ягонай справе праходзілі за зачыненымі дзвярыма, аднак на абвяшчэнне прысуду змаглі трапіць ўсе жадаючыя.

Назіранне

Прававая база, якая рэгулюе сакрэтнае назіранне, дазволіла ўладам ажыццяўляць шырокамаштабнае сачэнне практычна без аніякіх падставаў. Сістэма аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (САРМ), а таксама сістэма законнага перахопу ўсіх электронных паведамленняў дазволілі ўладам мець прамы доступ да тэлефоннай сувязі і інтэрнэт-камунікацый і звязаных з імі даных. Магчыма назіранне абмежавала дзейнасць праваабаронцаў, іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычных актывістаў, а таксама журналістаў, накіраваную на ажыццяўленне іх правоў, у тым ліку права на свабоду асацыяцый, мірных сходаў і выказвання меркаванняў.

Свабода аб'яднанняў

НДА і палітычныя партыі працягвалі сутыкацца з беспадстаўнымі абмежаваннямі, у тым ліку неабходнасцю атрымання абавязковай рэгістрацыі. Заявы аб рэгістрацыі часта адвольна адхіляліся за дробныя парушэнні або па іншых незразумелых прычынах. У адпаведнасці з артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэкса, заснаванне або ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі застаецца злачынствам, якое караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Захаваліся абмежаванні, накладзеныя на былых вязняў сумлення Мікалая Статкевіча, Юрыя Рубцова і чатырох іншых актывістаў у якасці ўмовы для іх датэрміновага вызвалення ў 2015 годзе.

Свабода сходаў

Па-ранейшаму прымяняўся на практыцы “Закон аб масавых мерапрыемствах”, які забараняе правядзенне любых сходаў або іншых формаў публічнага пратэсту, калі яно не было санкцыянаванае ўладамі.

З 7 чэрвеня па 13 верасня актывіст грамадзянскай супольнасці Павел Вінаградаў знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам за удзел у чатырох несанкцыянаваных мірных акцыях.

Заканадаўчыя, канстытуцыйныя і інстытуцыйныя змены

У кастрычніку падатковыя органы паведамілі, што яны накіравалі паведамлення на адрас больш чым 72 900 чалавек, якія, у адпаведнасці з дэкрэтам прэзідэнта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, абавязаныя плаціць адмысловы падатак за тое, што не былі працаўладкаваны на працягу больш чым 183 дзён у бягучым падатковым годзе. Невыкананне патрабаванняў Дэкрэта цягне за сабой накладанне штрафа або “адміністрацыйнага арышта”, а таксама абавязковай грамадскай працы, якая можа разглядацца ў якасці формы прымусовай працы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства