Суд працягне разглядаць скаргу Жамчужнага ў касацыйным парадку
16 сакавіка ў 10.00 у Мінскім абласным судзе адбудзецца працяг касацыйнага разгляду па скарзе на вынесенае спагнанне Міхаілу Жамчужнаму.
Першае паседжанне па дадзенай скарзе адбылося 12 студзеня, тады Мінскі абласны суд накіраваў судовае даручэнне суддзі суда Барысаўскага раёна Шутко А. пра неабходнасць апытаць самаго заяўніка і некалькіх сведак па падзеях, за якія было вынесена палітзняволенаму спагнанне, а менавіта 13 ліпеня 2016 года ён нібыта самавольна выйшаў за межы лакальнага ўчастка без суправаджэння.
Суддзя Шутко А. ўжо двойчы на тэрыторыі калоніі апытаў Жамчужнага і указаных сведак па гэтых падзеях. Цяпер у судзе будзе разглядацца рашэнне суда Барысаўскага раёна з дасланымі дадаткамі ў касацыйным парадку.
Акрамя таго, стала вядома, што 28 лютага Міхаіла Жамчужнага выпусцілі з ПКТ, дзе ён знаходзіўся тры месяцы. У той жа дзень, калі ён разам з іншымі зняволенымі ішоў у лазню, яго вывеў са строю дзяжурны і пацікавіўся, куды ён ідзе і з чыйго дазволу. Палітвязень адказаў, што ідзе па рашэнню кантралёра "ажыцявіць сваі санітарна-гігіенічныя правы", дзяжурны склаў матэрыялы парушэння. Пакуль незразумела, ці пацягне гэты выпадак накладанне чарговага спагнання.
У той дзень, палітвязень у лазню так і не патрапіў. 1 сакавіка Міхаіл Жамчужны напісаў заяву начальніку калоніі з просьбай прадставіць магчымасць наведвання лазні з афіцыйным дазволам і даць афіцэра для суправаджэння, каб пазбегнуць спагнанняў.
Таксама вядома, што 1 сакавіка палітвязня выклікаў аператыўнік і апытаў яго па зніклых лістах да праваабаронцы Таццяны Рэвяка, а таксама па лістах з апісаннем начнога інцыдэнта ў ноч з 23 на 24 студзеня. На скаргу, якую накіравала Таццяна Рэвяка ў Дэпартамент выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці па гэтым інцыдэнце, адказу да гэтага часу няма.
Нагадаем, адміністрацыя папраўчай калоніі №14 ў Навасадах прыняла рашэнне накіраваць у суд матэрыялы аб змене палітвязню рэжыму ўтрымання на турэмны - тэрмінам на тры гады - напрыканцы студзеня. Падставаю паслужылі спагнанні, якія былі вынесеныя Жамчужнаму нібыта за розныя парушэнні, якія ён здзейсніў пад час адбыцца пакарання, у тым ліку змяшчэнне яго ў ШІЗА і ПКТ.
2 сакавіка суддзя, разгледзеўшы хадайніцтвы Міхаіла Жамчужнага, вырашыў перанесці судовае паседжанне на 23 сакавіка, паколькі не ўсе скаргі палітвязня на вынесеныя адміністрацыяй калоніі спагнанні, разгледжаны у судовым парадку.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.