viasna on patreon

Дзяніс Красачка: За дзесяць хвілінаў да суда міліцыянты перапісвалі пратаколы

2017 2017-03-13T17:16:43+0300 2017-03-13T17:41:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/krasachka_dianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст АГП Дзяніс Красачка

Актывіст АГП Дзяніс Красачка

Адзін з затрыманых 10 сакавіка Дзяніс Красачка распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” падрабязнасці таго, як адбываўся “хапун” пасля "Маршу недармаедаў" у Маладзечна.

Калі акцыя супраць дэкрэту №3 скончылася ў Маладзечна, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Дзяніс Красачка рушылі ў бок сваіх аўтамабіляў. Не даходзячы да іх яны заўважылі, што каля машынаў знаходзіцца шмат людзей у цывільным.

“Нам з Вольгай Кавальковай параілі адыйсці ад іх, каб пазбегнуць затрымання. Мы так і зрабілі і бачылі, як затрымліваюць Анатоля Лябедзьку.

Праз 30 хвілін я пайшоў паглядзець, што там робіцца. Калі падыходзіў да машыны з кустоў на мяне выпрыгнуў міліцыянт у цывільным, які спытаў у мяне дакументы. Я сказаў, каб ён паказаў сваі дакументы спачатку. Міліцыянт загадаў мне прайсці з ім, я прапанаваў яму ісці ў бок плошчы, аднак ён узяў мяне за шыю і павёў”, - распавёў Дзяніс Красачка.

Праз рацыі міліцыянтаў ён чуў, што праваахоўнікі расшукваюць Вольгу Кавалькову, што з усіх бакоў да яе ўжо падыходзілі і як яе затрымалі.

“Праз 10 хвілін пад’ехала машына: мяне ў яе пасадзілі, а Вольга размаўляла па тэлефоне і не жадала садзіцца. Тады яе скруцілі і сілай запхнулі ў машыну, пры гэтым  Вольга моцна ўдарылася галавой”, - адзначае актывіст АГП.

Ён звяртае ўвагу, што затрымлівалі супрацоўнікі ў цывільным з Мінску, а складалі пратаколы мясцовыя маладэчанскія міліцыянеры:

“Некалькіх чалавек да мяне яны паспелі проста выпусціць з РАУСу. Але вось калі мяне афармлялі, прышоў іх начальнік і пачаў лаяцца, загадваў ехаць і расшукваць тых, каго міліцыянеры неабдумана адпусцілі. Аднаго з такіх адпушчаных зноў затрымалі разам з братам, які нават не ўдзельнічаў у маршы”.

На ноч Дзяніса Красачку змясцілі ў ІЧУ. Умовы ў камеры былі жудасныя: адкрыць кран было немагчыма, каб папіць - прыходзілася збіраць ваду па кроплях, было вельмі душна, увесь час моцна свяціў пражэктар.

“У меня праблемы з сэрцам і пасля таго, як мяне пасадзілі ў камеру – стала дрэнна. Я папрасіў, каб выклікалі хуткую дапамогу, супрацоўнікі ІЧУ нібыта пагадзіліся. Я прасіў іх тры разы, але хуткая так і не прыехала. Я трохі супакоіўся і мне стала лепей, калі ў камеру да мяне змясцілі яшчэ аднага затрыманага – прастога ўдзельніка акцыі”, - падкрэслівае малады чалавек.

Дзянісу Красачку ўдалося перагаварыць з Анатолем Лябедзькай на наступную раніцу, калі ўсіх затрыманых пасадзілі ў аўтазак з маленькімі асобнымі аддзяленнямі-камерамі для кожнага чалавека, падобнымі да трунаў:

“Мы з Анатолем Лябедзькай сядзелі ў суседніх “кабінках”, і ён паспеў распавесці, што білі яго па нырках, на ілбе вялізны гузак, выкручвалі рукі і цяпер на іх сінякі. Таксама на ўсіх затрыманых ціснулі маральна.

У аўтазаку нас трымалі хвілін 40 у невыносным холадзе, хаця адлегласць паміж РАУСам і судом складае метраў 300”.

Актывіст АГП меркаваў, што раніцай усіх адпусцяць пасля судоў: яго справу разглядалі ў першых шэрагах і прысудзілі штраф у 50 базавых велічынь. Аднак, затрыманых – а гэта каля 10 простых людзей-мітынгоўцаў і апазіцыйныя лідары – асудзілі да адміністрацыйных арыштаў.

“Мы з Вольгай Кавальковай на акцыі збіралі подпісы, і я думаў, што суткі калі і могуць, то дадуць толькі Анатолю Лябедзьку і Віталю Рымашэўскаму, але не Вользе і не простым людзям-пратэстоўцам.

Варта адзначыць, што ў той час, калі зранку нас павялі здымаць адбіткі пальцаў, у камеру зайшлі міліцыянты, якія скралі маю копію пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні. Спачатку я падумаў, што гэта я сам згубіў недзе дакумент. Але потым высветлілася, што такое ж адбылося і ва ўсіх астатніх затрыманых. І за дзесяць хвілінаў да суда яны перапісвалі пратаколы, дапісвалі свае рапарты”, - зазначае Дзяніс Красачка.

На калідоры ў судзе хлопец паразмаўляў з адным з затрыманых, які распавёў, што ў яго двое непаўнагадовых дзяцей, нядаўна ён быў зволены з працы, а цяпер яшчэ і атрымаў 10 сутак арышту.

Нагадаем, пасля "Маршу недармаедаў" у Маладзечна брутальна затрымалі (закінулі у мікрааўтобус тварам у падлогу) мінскіх выступоўцаў – Анатоля Лябедзькі, Юрася Губарэвіча, Віталя Рымашэўскага, актывістку БХД Вольгу Кавалькову ды мясцовых пратэстоўцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства