Гомель: смс - суды - суткі Дапоўнена
У другой палове дня 13 сакавіка некаторыя гомельскія ўдзельнікі акцый пратэсту супраць Дэкрэта №3 атрымалі смс-паведамленні з неадкладным выклікам на суды, прызначаныя на той жа дзень.
Судовае новаўвядзенне застала знянацку Віктара Рубцова і Максіма Філіповіча. Толькі праз некаторы час яны змаглі даведацца, што ўжо асуджаныя да арышту і неўзабаве “за імі прыедуць”.
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 13 сакавіка былі асуджаныя актывіст Віктар Рубцоў і блогер Максім Філіповіч. Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту супраць дэкрэта № 3, які адбыўся ў Гомелі 19 лютага.
Максім Філіповіч завочна атрымаў 13 сутак, Віктар Рубцоў - 14 сутак арышту. Справы разглядаў суддзя Аляксандр Піскуноў.
Сёння, 14 сакавіка, у РАУС Савецкага раёна Гомеля на 12 гадзін выклікаюць журналіста Яўгена Меркіса. У позве паведамляецца, штоя яго выклікаюць у якасці асобы, у дачыненні да якойц вядзецца адміністрацыйны працэс. У Чыгуначны РАУС сёння на 10 гадзін выклікаюць таксама актывіста Уладзіміра Няпомняшчых за акцыю пратэсту ў Рагачове. Напярэдадні позна ўвечары ўчастковы таксама прынёс позву на выклік у Цэнтральны РАУС 15 сакавіка старшыні Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Анатолю Гатоўчыцу, які таксама быў у Рагачове ад інфармацыйнай кампаніі “БелаПАН” падчас нядзельнай акцыі пратэсту.
У Савецкім РУУСе Гомеля для складання адміністрацыйных пратаколаў чакаюць актывістак Алу Раманчык і Наталлю Шчукіну.
Адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве складзены на журналістку Ларысу Шчыракову. Яна прысутнічала 12 сакавіка ў Рагачове, асвятляла Марш недармаедаў.
Разгляд аналагічных пратаколаў у дачыненні да яшчэ дванаццаці гомельскіх актывістаў плануецца 17 сакавіка. Так, у 17.00 суддзя суда Цэнтральнага раёну Гомеля Віктар Казачок пачне разглядаць адміністрацыйны матэрыял у дачыненні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных шэсце і мітынгу, прайшоўшых у Гомелі 19 лютага з удзелам каля трох тысяч чалавек. Вядома, што ў суд на гэты дзень таксама выкліканы найбольш актыўныя удзельнікі гомельскага "маршу недармаедаў" праваабаронца Анатоль Паплаўны (на 16.00 гадзін) і актывіст Мікола Пешко (на 15.00 гадзін).
Правабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай, у якой заклікае ўлады спыніць пераслед грамадзян краіны за рэалізацыю імі права на мірны пратэст і выказванне свайго меркавання