viasna on patreon

Civil Rights Defenders: спыніце пераслед праваабаронцаў у Беларусі

2017 2017-03-14T11:55:44+0300 2017-03-14T12:12:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/civilrightsdefenders.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шведская праваабарончая арганізацыя Civil Rights Defenders 13 красавіка распаўсюдзіла заяву з нагоды новай хвалі рэпрэсій у дачыненні да журналістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі:

Арганізацыя Civil Rights Defenders глыбока занепакоеная нядаўнімі дзеяннямі беларускіх уладаў, якія пераследуюць і затрымліваюць журналістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Урад Беларусі павінен неадкладна спыніць гэтыя дзеянні і паважаць права сваіх грамадзянаў на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркаванняў.

На наступны дзень пасля арышту 18 журналістаў, а таксама некалькіх актывістаў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, у сувязі з іх удзелам у мірных пратэстах, у беларускіх судах адбываюцца хуткія судовыя працэсы. Першы прысуд быў вынесены апоўдні панядзелка, 13 сакавіка, калі журналістка Радыё Свабода была аштрафаваная на суму, эквівалентную 280 еўра. На наступным судзе праваабаронца быў асуджаны да 14 сутак арышту.

На працягу першых дзён сакавіка ў некалькіх гарадах па ўсёй Беларусі прайшлі акцыі пратэсту супраць эканамічнай палітыкі ўрада і Дэкрэта прэзідэнта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. На 15 і 25 сакавіка ў сталіцы краіны Мінску запланаваны некалькі буйных дэманстрацый. Лідары грамадзянскай супольнасці выказалі асцярогі, што гэтыя пратэсты прывядуць да масавых рэпрэсіяў, як гэта адбылося ў снежні 2010 года, калі больш за 600 чалавек былі арыштаваныя ў сувязі з удзелам у мірных сходах. Многія з іх былі ў выніку асуджаныя да арыштаў і правялі да 15 сутак у турме.

Civil Rights Defenders тэрмінова заклікае беларускі ўрад спыніць адвольнае запалохванне, затрыманні і вобшукі журналістаў, праваабаронцаў і офісаў лідараў апазіцыі і канфіскацыю іх маёмасці, а таксама паважаць іх права на свабоду мірных сходаў у адпаведнасці з артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства