viasna on patreon

Зварот у сувязі з рэпрэсіўнымі дзеяннямі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстных акцый у розных гарадах Беларусі

2017 2017-03-15T13:00:59+0300 2017-03-15T13:04:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/forum_gs_up.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ураду Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыйнаму суду Рэспублікі Беларусь
Вярхоўнаму суду Рэспублікі Беларусь
Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Міністэрству ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь
Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь

Копіі:

Прадстаўніцтву ЕС у Рэспубліцы Беларусь
Упраўленню Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека
Бюро Міжнароднай арганізацыі працы

14 сакавіка 2017 г.

Зварот Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

У сувязі з рэпрэсіўнымі дзеяннямі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстных акцый  у розных гарадах Беларусі

Мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь, аб'яднаныя ў рамках Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, выказваем сваё глыбокае абурэнне і непрыманне рэпрэсіўных дзеянняў службовых асоб і сілавых структур Рэспублікі Беларусь, звязаных з затрыманнямі і пакараньнямі ўдзельнікаў шматлікіх мірных пратэстных акцый у розных гарадах нашай краіны.

У апошнія тыдні па нашай краіне ідуць масавыя мірныя пратэсты грамадзян, звязаныя з сумна вядомым Дэкрэтам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 (далей па тэксце - Дэкрэт № 3) "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», які сярод людзей атрымаў гучную назву "дэкрэт аб дармаедстве". Пратэсты, якія адбываюцца, носяць выключна мірны характар, не парушаюць правапарадак, не прадстаўляюць пагрозы нацыянальнай бяспецы, маральнасці, правам і здароўю іншых грамадзян. Карані дадзеных пратэстных дзеянняў грамадзян нашай краіны, якія прадстаўляюць самыя розныя сацыяльныя пласты і групы, відавочна заключаюцца ў істотным пагаршэнні эканамічнага становішча людзей, а таксама ў дыскрымінацыйным і зневажальным характары самога Дэкрэта №3.

У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з артыкулам 41 Канстытуцыі «прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы». Згодна артыкула 33 Канстытуцыі "кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца.» Артыкул 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кажа пра тое, што «свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай».

Нягледзячы на палажэнні Канстытуцыі, якія з'яўляюцца абавязковымі нормамі прамога дзеяння, у шэрагу гарадоў Рэспублікі Беларусь у апошні тыдзень прайшлі масавыя адвольныя затрыманні пратэстуючых грамадзян, грамадскіх актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, а таксама журналістаў, якія асвятляюць грамадска значныя падзеі. Гэтыя затрыманні праходзілі неправамерна: без прадстаўлення з боку затрымліваючых асоб, з неабгрунтавана грубым ужываннем фізічнай сілы. З боку сілавых структур рэгулярна мае месца непрымальная практыка прэвентыўных затрыманняў і "хатніх арыштаў" грамадскіх актывістаў у розных гарадах. Зафіксаваныя факты ператрусаў у прыватных памяшканнях і офісах палітычных сіл і няўрадавых арганізацый. Многія з пратэстуючых па рашэнні мясцовых судовых органаў атрымалі пакаранне ў выглядзе штрафаў і пазбаўлення волі, фактычна за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных правоў на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду сходаў і за прафесійную дзейнасць.

Дадзеныя дзеянні беларускіх уладаў надзвычай абвастраюць сацыяльную напружанасць, носяць рэпрэсіўны характар і істотна аддаляюць беларускае грамадства ад магчымасці канструктыўнага публічнага дыялогу па пытаннях сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Замест таго, каб звярнуць увагу на зыходныя прычыны пратэстаў, наладзіць камунікацыю з рознымі групамі інтарэсаў у беларускім грамадстве з мэтай пошуку ўзаемавыгадных рашэнняў, улады краіны абралі шлях падаўлення незадаволенасці грамадзян. Такі падыход не спрыяе ўмацаванню ў нашым грамадстве атмасферы стабільнасці, бяспекі, даверу і павагі.

Мы звяртаем асаблівую ўвагу, што апісаныя вышэй рэпрэсіўныя дзеянні наносяць сур'ёзны ўрон нядаўна адноўленаму працэсу нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх адносін. Каштоўнасці свабоды слова, свабоды выказвання меркавання, правоў чалавека, канструктыўнага грамадскага дыялогу, уліку меркаванняў і інтарэсаў грамадзян з'яўляюцца безумоўнымі для еўрапейскіх краін. Павага да гэтых каштоўнасцей ўжо шмат гадоў з'яўляецца абавязковым закладам магчымых ўзаемавыгадных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам.

Мы заклікаем кампетэнтныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь:

  1. Неадкладна адмовіцца ад практыкі рэпрэсіўных мер у дачыненні да грамадзян, у тым ліку грамадскіх актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія мірна выказваюць свой пратэст.
  2. Выявіць адказных за парушэнні канстытуцыйных правоў грамадзян і прыцягнуць іх да адказнасці, устаноўленай заканадаўствам. Прыняць меры па недапушчэнні ў будучыні парушэнняў канстытуцыйных правоў грамадзян і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды выказвання меркаванняў, сходаў, слова.
  3. Спыніць затрыманні і іншыя меры, накіраваныя на перашкоду ў прафесійнай дзейнасці журналістам і незалежным СМІ.
  4. У самыя кароткія тэрміны вызваліць усіх арыштаваных і затрыманых з нагоды мірных выступаў у сувязі з Дэкрэтам №3, а таксама апратэставаць судовыя пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў дачыненні да гэтых людзей.
  5. Адмяніць Дэкрэт №3, як неадпавядаючы канстытуцыйным правам беларускіх грамадзян і беларускаму заканадаўству.
  6. Усталяваць месца і фармат дыялогу прадстаўнікоў улады, працадаўцаў, прафсаюзаў і грамадзянскай супольнасці для вырашэння праблем беспрацоўя і забеспячэння асноўных канстытуцыйных, у тым ліку сацыяльна-эканамічных, правоў. Адказна прыступіць да такога дыялогу, забяспечыўшы паўнавартасны ўдзел усіх зацікаўленых бакоў.

Толькі разам, праз мірны канструктыўны дыялог, мы зможам выйсці са складанага сацыяльна-эканамічнага, палітыка-прававога крызісу на карысць беларускага народа, у імя еўрапейскай будучыні Рэспублікі Беларусь!


Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства аб'ядноўвае больш за 70 беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства