У бабруйскім ІЧУ двое арыштаваных абвясцілі галадоўку
Актывіст Яўген Васьковіч і кінарэжысёр Максім Буйніцкі, асуджаныя да арыштаў пасля незаконных затрыманняў напярэдадні і пасля «Марша недармаедаў» 12 сакавіка, трымаюць галадоўку ў ІЧУ Бабруйска, паведамляе рэгіянальны партал babruisk.by.
Кінарэжысёр і сцэнарыст Максім Буйніцкі абвясціў галадоўку адразу пасля затрымання ў ноч з 10 на 11 сакавіка. 15 сакавіка суд, прызнаўшы яго віну па артыкулах 17.1 і 23.34 КаАП, вынес рашэнне па яго адміністрацыйнай справе: 15 сутак арышту.
Увечары 16 сакавіка стала вядома, што галадоўку абвясціў былы палітвязень Яўген Васьковіч-Глаголеў. Ён быў затрыманы 13 сакавіка і на наступны дзень асуджаны да 15 сутак арышту за «парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў». Пра галадоўку актывіста стала вядома, калі ў яго жонкі не прынялі прадуктовую перадачу, азнаёміўшы з адпаведнай заявай мужа. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.