viasna on patreon

28 лістапада суд Фрунзенскага раёну г. Мінску прыняў рашэньне аб прызнаньні журналіста Зьміцера Завадзкага памерлым.

2003 2003-12-01T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У суд два месяцы таму з адпаведнай заявай зьвярнулася жонка Зьміцера Завадзкага Сьвятлана. Як паведаміла Радыё Свабода, судзьдзі Натальлі Андрэевай хапіла некалькі гадзінаў, каб разгледзець справу і абвесьціць журналіста памерлым з дня прыняцьця рашэньня, калі яно ня будзе абскарджанае. Але гэтага чакаць не даводзіцца, паколькі прадстаўнік пракуратуры выказаўся за задавальнене просьбы жонкі зьніклага.

Між тым, пазыцыя пракуратуры ў гэтым пытаньні выглядае дастаткова супярэчлівай. З аднаго боку, сьледзтва відавочна прадставіла ў Фрунзенскі суд нейкія сьведчаньні таго, што Зьміцер Завадзкі загінуў, інакш судзьдзя не змагла бы прыняць станоўчага рашэньня. Але, з другога боку, вінаватыя ў выкраданьні Завадзкага асуджаныя не за забойства, а толькі за выкраданьне чалавека.

Паколькі сьледзтва паводле справы Завадзкага прыпыненае, а цела ня знойдзенае, пракуратура яўна не жадае далей шукаць журналіста, лічыць супрацоўнік ОРТ Павал Шарамет, які працаваў разам з Завадзкім. Ён перакананы, што насамрэч сьледзтву добра вядома, хто вінаваты ў сьмерці Зьмітра Завадзкага.

Сам Павал Шарамет мяркуе, што вінаватыя ў забойстве Завадзкага ўдзельнікі групоўкі, якая зьнішчала апазыцыйных палітыкаў ды выконвала іншыя злачынныя загады палітычнага кіраўніцтва Беларусі. Гэтых людзей варта шукаць у атачэньні былога камандзіра СОБРу палкоўніка Паўлічэнкі, мяркуе журналіст ОРТ. Паводле Шарамета, яны выконвалі нейкія спэцзаданьні і ў Чачэніі, а Зьміцер Завадзкі неяк мог пра гэта даведацца падчас сваёй апошняй камандзіроўкі туды, і таму стаў іх ахвярай.

Сьвятлана Завадзкая патлумачыла Радыё Свабода, што судовая пастанова дапаможа ёй вырашыць шэраг даўніх пытаньняў маёмаснага характару. Але ва ўсім астатнім для яе ўсё застаецца як раней. Сьвятлана і далей будзе змагацца за тое, каб праўда пра лёс мужа была высьветленая.

Зь іншых зьніклых вядомых апазыцыянэраў Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі прызнаныя бязь вестак адсутнымі. Гэта адбылося толькі больш чым праз тры гады пасьля іх зьнікненьня. А просьба сваякоў Юрыя Захаранкі аб прызнаньні яго памерлым год таму была судом адхіленая. Былы міністар унутраных справаў дагэтуль афіцыйна лічыцца асобай, якую шукаюць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства