viasna on patreon

У ЦІПе перасталі прымаць перадачы для арыштантаў

2017 2017-03-20T14:52:59+0300 2017-03-20T15:33:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akrescina-cip.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна, 36 у Мінску. Фота: svaboda.org

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна, 36 у Мінску. Фота: svaboda.org

20 сакавіка ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў дзяжурныя перасталі прымаць перадачы для адміністрацыйна арыштаваных, якія былі затрыманыя да і пасля "Марша недармаедаў" у Мінску 15 сакавіка і асуджаныя на наступны дзень да арыштаў ад 3 да 15 сутак.

Начальнік ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама Іван Сакалоўскі паведаміў журналісту БелаПАН Аляксандру Ярашэвічу, што прынята рашэнне адмовіць у прыёме перадач.

«Прынята такое рашэнне зыходзячы з тых перадач, якія маюцца ў нас ужо. Усім перадачы маюцца. Так што не хвалюйцеся. У нас ёсць харчаванне. Усім яны забяспечаныя», - заявіў Іван Сакалоўскі.

Зараз перадачы прымаюць толькі ад блізкіх родзічаў, аднак, у многіх з асуджаных да адміністрацыйнага арышту сваякоў у Мінску няма.

Праваабаронца ПЦ "Вясна" Наста Лойка адзначае, што фармальнай прычынай непрымання перадач можа быць тое, што начальнік не задаволіў заявы прымаць рэчы не ад родных:

"Але ў гэтай сітуацыі тое, што адбываецца зусім не гумана, улічваючы, што шэсць чалавек аб’явілі галадоўку і ім патрэбна шмат піцця, а палова з арыштантаў вегетарыянцы і веганы, якім не могуць забяспечыць асаблівую дыету харчавання. Сыходзячы з гэтага забараніць прымаць перадачы не ад родных, калі шмат хто не мае сваякоў у Мінску, азначае пазбавіць людзей больш чым на тыдзень атрымання хоць чагосьці. 

Тыя людзі, якія недаўна адсядзелі на ЦІПе свае арышты, напрыклад, Зміцер Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі, скардзіліся на якасць ежы, лічылі яе абсалютна недастатковай. У такой сітуацыі заставацца ў нармальным стане здароўя з тым, што прапаноўваецца ЦІПам, немагчыма. Больш за тое, ніхто там не выдае гігіенічныя сродкі. І такое рашэнне начальніка ЦІПа можна расцэньваць як бесчалавечнае стаўленне да людзей, якія адбываюць арышт”.

Хрысціна Чарняўская, сяброўка арыштаванай на 14 сутак выконваючай абавязкі дырэктара ГА "Экадом" Марыны Дубінай, у якой няма блізкіх сваякоў у Мінску, кажа:

«Склаўшаяся сітуацыя выклікае ў мяне два пачуцці – абурэнне і злосць, таму што на мой погляд гэта чарговая дэманстрацыя таго, што правы чалавека, годнасць асобы ў нашай краіне нічога не значаць.

Вельмі шмат людзей асудзілі, якія паходзяць з іншых гарадоў, і зразумела, што іх сваякі не могуць кожныя хай сабе тры дні бываць у Мінску, каб людзям прывезці перадачы. І пазбаўленне магчымасці атрымоўваць элементарныя неабходныя рэчы тых, хто патрапіў за краты, можна расцэньваць як маральны ціск і запужванне».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства