У Гародні актывістаў выклікаюць у суд на 23 сакавіка
У Гародні грамадскія актывісты атрымалі позвы у суд Ленінскага раёна на 23 сакавіка ў звязку з іх удзелам у акцыі “недармаедаў”, якая праходзіла ў горадзе 15 сакавіка.
Актывістцы партыі “Справядлівы свет” Валянціне Навумавай пратакол, складзены па артыкуле 23.34 КаАП, і позву ў суд на 10:00 23 сакавіка прынеслі дадому.
Як паведамляе “Гарадзенская вясна”, пад увагу праваахоўнікаў Валянціна Навумава трапіла падчас акцыі “недармаедаў”, якая прайшла ў Гародні 15 сакавіка і на якой яна трымала расцяжку. Адразу пасля акцыі да яе падыйшоў супрацоўнік міліцыі, які прадставіўся і запатрабаваў прайсці з ім. Жанчына стала пытацца, у чым яе вінавацяць, і тады да яе ззаду падляцелі двое незнаёмых і некуды пацягнулі. Яна напалохалася і стала лямантаваць. Гэта пачулі мінакі, падбеглі да месца здарэння, і, скарыстаўшыся неразбярыхай, Валянціна ўцякла.
Атрымаўшы позву, актывістка пазваніла ў суд з просьбай перанесці працэс. Справа ў тым, што Валянціна Навумава афіцыйна даглядае маці з першай групай калецтва і акурат на 23 сакавіка у яе заказаная машына, каб везці маці да лекара ў прызначаны ім час. Але ў судзе працэс не перанеслі, не зважаючы на цяжкое становішча хворай.
Позву на гэты ж час - 10:00 23 сакавіка - актывісту Гарадзенскай арганізацыі “Рух за Свабоду” Эдварду Дмухоўскаму ўручыў старэйшы лейтэнант Аляксей Вайцешка.
“Пачынаецца чарговая хваля рэпрэсій супраць дэмакратычных актывістаў Гародні. Бясспрэчна, гэта звязана з акцыяй у гонар Беларускай Народнай Рэспублікі (Дзень Волі), запланаванай на 25 сакавіка у Менску. У абласных цэнтрах правядзенне Дня Волі запланавана на 26 сакавіка. Таму ўлады імкнуцца ізаляваць актыўных удзельнікаў дэмакратычнага руху і запалохаць людзей велізарнымі штрафамі. Тым самым чарговы раз з дапамогай страху збіць пратэстны настрой у грамадстве”, - сказаў Эдвард Дмухоўскі.
Праваабаронцы нагадваюць, што ў Ленінскім раённым судзе Гародні 23 сакавіка будуць разглядацца справы і іншых удзельнікаў “Марша недармаедаў у Гародні, сярод якіх Віталь Дзюк (позва таксама на 10:00). Вядома, што міліцыя і спецслужбы працягваюць пошукі актыўных удзельнікаў акцыі.