Суды ў Лідзе скончыліся арыштамі актывістаў Мінца і Ашурка
Суд Лідскага раёна 22 сакавіка пакараў актывістаў Валерыя Мінца і Вітольда Ашурка адміністратыўнымі арыштамі на 10 і 12 сутак адпаведна за ўдзел у лютаўскім “Маршы абураных беларусаў” у сталіцы.
Як паведаміў “Гарадзенскай вясне” сябра Валерыя Мінца, які прысутнічаў на судзе, актывіст не адмаўляў таго, што быў на акцыі ў Мінску, аднак вінаватым сябе не лічыць.
“Ён нічога нават не казаў у сваё апраўданне, пацвердзіў, што быў на акцыі, праўда, вінаватым сябе не прызнаў. Суд адбыўся літаральна за некалькі хвілінаў. Яму далі 10 сутак арышту і адразу павезлі з суду адбываць пакаранне”, - сказаў спадар Аляксандр.
Падчас другога паседжання, па справе грамадскага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка, былі разгледжаны дзве адміністратыўныя справы. Першая - за ўдзел у мінскай акцыі 17 лютага, другая – за няяўку па позве, якую яму даслалі 19 сакавіка. Галоўны суддзя Лідскага суда, які разглядаў справы, вынес пастанову аб пакаранні актывіста арыштам на 12 сутак па першай справе і штрафам у 5 базавых велічыняў – за няяўку ў міліцыю.
Для адбыцця пакарання актывісты накіраваны ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.