У Магілёве праваабаронцы звярнуліся да дэпутата Марзалюка з нагоды затрыманняў і арыштаў
У Магілёве 22 сакавіка праваабаронцы Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў звярнуліся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе №84 з адкрытым лістом, у якім просяць прыняць меры па рэабілітацыі і вызваленні адміністрацыйна арыштаваных і аштрафаваных за акцыі пратэстаў супраць Дэкрэта №3.
Яны звяртаюць увагу дэпутата на тое, што ў сваім выступе на мітынгу “недармаедаў” у Магілёве 15 сакавіка ён казаў пра дэмакратыю і магчымасць для мітынгоўцаў рэалізаваць сваё права, аднак пасля акцыі былі затрыманыя яе ўдзельнікі і ў далейшым асуджаныя да штрафаў і арыштаў. Аўтары звароту просяць дэпутата адказаць на пытанне, ці лічыць ён справядлівым пакаранні ўдзельнікаў акцыі, нягледзячы на яго словы пра іх правы, а таксама прыняць захады па вызваленні і рэабілітацыі адміністратыўна пакараных за гэтую акцыю.
Свой зварот да Ігара Марзалюка праваабаронцы хацелі перадаць асабіста, аднак трапіць да яго ў прыёмную ў МДУ імя А.А. Куляшова не атрымалася: адзін з памочнікаў дэпутата знаходзіцца на бальнічным, другі быў у камандзіроўцы. Зварот прыняла супрацоўніца ўніверсітэта, якая абяцала перадаць яго непасрэдна ў прыёмную парламентарыя.
Акрамя таго, праваабаронцы прадублявалі зварот праз электронную форму на сайце Палаты прадстаўнікоў.
Поўны тэкст звароту апублікаваны на магілёўскім праваабарончым сайце mspring.online.